Выбрать главу

«Мусіць, шашаль завёўся...» - думае заспакоены Анатоль Іванавіч.

І роўнымі, плаўнымі тактамі пачынае біцца сэрца, гоніць цёплую кроў, агортвае салодкай дрымотаю стомлены мозг.

Да самае раніцы гарэў свет у Каведлавай баковачцы. На рагу стала на пасланай газеце раскіданы былі рэшткі ад каўбасы, кавалачак абаранка, некалькі абрэзаных скарынак хлеба. Тут жа стаяў вышчарблены чайнік, і на закрыўцы яго, у бісерных кропельках вады, пералівалася святло ад электрычнай лямпачкі, падцягнутай ніткаю да аконнай клямкі.

Дзве шклянкі з недапітай гарбатаю стаялі пасярод стала, іх прапацелыя гранёныя бакі неяк па-сіроцку і непрытульна блішчалі над сталом, заваленым кніжкамі, газетамі, з замурзанай чарнільніцай і кавалкам сырцовага шкла, на якім ляжала асадка і некалькі алоўкаў.

На процілеглай сцяне варушыўся доўгі, аж пад самую столь, нязграбны цень, і калі нагінаўся Каведла над сталом, цень горбіўся, сцінаўся, лажыўся на падлогу, і тады сцяна рабілася нібы больш шырокаю і прасторнаю, настойліва лезла ў вочы белізной і чыстатой свае афарбоўкі.

Каведла пераглядзеў ужо часопіс па радыё, перагартаў некалькі кніжак, дастаў сшытак са сваімі малюнкамі і рознымі чарцяжамі, якія ён старанна хаваў ад чужога вока, каб не накпіў хто з яго «слабасці» - дарослы чалавек і, на табе, такім глупствам займаецца, у малюначкі ўбіўся. Завастрыў аловак, але хутка паклаў яго на месца, схаваў сшытак...

Ні кніжкі, ні малюнкі, ні навіны радыё - нішто не захапляла, нішто не прыцягвала цяпер так, як раней. Думкі вярцеліся на адным і тым жа месцы:

«Што ж выйдзе? Што будзе? Але ж добра гэта мы напісалі, павінны, здаецца, дапамагчы... А ўсё ж ткі... сход сарвалі...»

Зноў закрадваецца сумненне: «Ці правільна вось толькі? Вядома, правільна, хто скажа другое?.. Дый сляпым трэба быць, каб нічога не бачыць. Іначай і быць не можа. Толькі б вось хутчэй».

І Каведла ў чацвёрты раз перачытвае напісаны ліст у акругком. Кожнае слова абдумвалі ўдвух, доўга спрачаліся, з чаго пачаць, на чым канчаць, што асабліва падкрэсліць.

«Так... добра напісана, здаецца, нічога не забыліся... А калі і прапусцілі што, дык толькі бяды - пасля раскажам. А іначай няможна. Аднаму цяжка адразу. Што ж Яшка... Ён хлапец яшчэ вельмі зялёны, другіх цяжка ўзняць».

* * *

Снег яшчэ не ўкрыў зямлю. Толькі дзе-нідзе па межах, каляінках, па калдобінах намяло яго ветрам у невялічкія пухкія гурбы, зацярушаныя зверху пяском. І скрозь гэтыя гурбы тырчаў і шчацініўся ржэўнік, сумна пазіралі счарнелыя цырбуны быльнягу. Снег быў жоўты і брудны. І хацелася думаць, што няма яшчэ зімы, што далёка яшчэ ад нас маразы, далёка яшчэ час, калі зарыпіць пад нагамі і заблішчыць пад месяцам наезджаная дарога.

Але гулка аддаваліся крокі - зямля прамерзла, наморшчылася і згрудзілася дарога. Па ёй цяжка цяпер ісці каню - асцярожна стукае ён някутым капытом і не хоча ісці трухой. Гулка тарабаняць калёсы, і балюча ўздрыгваюць драбіны.

«Мусіць, у мястэчка нехта едзе, - мімаволі думае Валя. - Але што з таго, што едзе... Ці мала ў чалавека спраў якіх? Трэба - і едзе. Вялікі мне клопат».

Валя ідзе па абочыне дарогі, старанна выбіраючы раўнейшае месца, абыходзіць намёты, ідзе не спяшаючыся. Часам спыніцца на хвіліну, азірнецца назад, дзе з-за разгалістай хвоі відаць стромкі дымар завода. З дымара цягнецца дым і расплываецца празрыстаю шэраю хмаркай над лесам, над мачулінскім полем і нікне дзесьці ў змрочным вячэрнім даляглядзе.

Робіцца холадна, зызнуць рукі, калючымі іголкамі пранікае холад пад хустку, шчыпле за шчочкі, на якіх расплыліся і застылі слязінкі.

- Толькі татку шкада... А больш нікога. Усё роўна.

І цяжка зразумець самой Валі сэнс сваіх слоў, звязаць думкі-абрыўкі, што згрудзіліся, не разыходзяцца, не даюць спакою...

- І што ж рабіць? І пры чым жа татка? А я думала... Анатоль Іванавіч... мілы, каханы. І такія разумныя, ветлівыя вочы... І бедны, бедненькі. Сіні рубец на твары. І ўсё - прахам і пылам.

Ну, няхай сабе і так. Не кожнага дня быць разам, у яго ж справы, завод, ён жа дырэктар. Непрыемнасцей колькі, хоць бы са сходам вось гэтым. Але ж... І ні слова ласкавага, зірнуў хоць бы раз, падышоў, распытаў бы. Навошта так зневажаць, рабіць так... «Ты што? Ах, аб гэтым... Адчапілася б ты ўжо, не надакучала, і без цябе хапае, ану цябе... Што?! Вось пацешыла... Ды пастой, пастой, дурная, чаго ты нос закапыліла?»

І потым:

«А яшчэ, кажуць, разумная дзяўчына. Ды не кісні ты, вазьмі лепш грошы, зробіш там што... ну... разумееш? А то ў больніцу зайдзі і там... Што? Ты аб гэтым думала! Забудзь, прачніся... бач, задумала, аб чым... мала вас на нашу шыю чэпіцца. Падумаеш! Кожная будзе цябе мужыком лічыць. Ды ідзі ты, гавару табе па-добраму... Што? Ну-ну, глядзі, нечага там...»

І ці можна было чакаць, ці было калі ў думках:

«Ты хочаш служыць ці не? Дык нечага вар'яцтвам займацца... А слёзы тут ні пры чым... Рабі па-людску, калі з табой па-людску абыходзяцца».

«Рабі па-людску... Па-людску... Па-па-людску...»

І, спыніўшыся на скрыжаванні дарог, Валя залілася горкімі слязамі.

Яна ціха ўсхліпвала, часам плакала голасна, і плач яе разлятаўся і нікнуў па шэрых змрочных палях.

...Доўга яшчэ хадзіла Валя. Прайшла па дарозе, павярнула да рэчкі, ішла берагам, ні аб чым не думаючы, нічога не жадаючы... Вось і знаёмае месца. Паваротка ракі, адкуль ідзе яна проста аж да самага завода. Бераг над кручай абмецены ветрам. Ні травінкі цяпер на ім, ні былінкі - пуста і гола. Да кручы прытуліліся, папрыліпалі карослівыя, нізенькія кусты: дубняк, алешына, каравы абламаны бярэзнік.

На тым беразе нізкай і рэдзенькай цяпер шчоткай выглядае лазняк, а за ім грудзяцца цёмныя купкі - гэта стагі сена папрымярзалі да зямлі і чакаюць не дачакаюцца, калі па звонкім лёдзе захрабусцяць капыты і зарыпяць шкляныя палазы кляновыя.

А цяпер... вада. Чорная, з шэрымі адценнямі месяца, шархаціць яна карункамі прыбярэжнага цянюткага льду, і шолах гэты балюча аддаецца ў сэрцы.

І страшна зірнуць уніз, дзе чорна і пуста. Дзе ўсё роўна не ўбачыш у гэтай жудаснай, навіслай над кручай цемрадзі, як круціцца вада, як расплываюцца па ёй з пенай кружэлкі, як булькоча яна, падмываючы бераг. Толькі і чуцен гэты шолах, гэтае ледзь чутнае булькатанне. Ледзь чутнае, але грознае, руйнуючае, жудаснае, як жудасны вір... Залатыя Ключы... «Знайдзі залатыя ключы».

І ахінула мозг цяжкая неадчэпная думка. Пякучая крыўда апаліла сэрца, ашчапіла яго гарачымі абцугамі, ад якіх, здаецца, застывала кроў і рабілася суха ў роце. Нібы заслала вочы непраходнаю пялёнкаю нечага чорнага, безнадзейнага, праз якое няма выйсця, няма збавення, няма ніводнае светлае кропкі, ні радасці, ні чаканняў, ні светлых надзей... Загінула ўсё, знікла, як мары, як маладосць, як летняя раса, ад якой так падскоквалі ногі і рабілася весела-весела, хацелася смяяцца, цалаваць зямлю, усміхацца сонцу, што выходзіла з-за лесу ў клубах срэбных туманаў.

Усё роўна...

Цемрадзь, непраходная цемрадзь.

І ніхто не будзе смяяцца.

І татка... нічога не скажа татка.

Нахіліўшыся, зірнула яшчэ раз Валя ўніз, пад кручу.

У-у, страшна, страшна...

І здрыганулася ўсім целам. У жудасным страху забілася сэрца, вось-вось, здаецца, выскачыць з грудзей, разарвецца... Сцяўшы зубы, пабегла Валя ад берага, бегла шпарка, палахліва азіралася і бегла далей.

Стукала кроў у віскі, палалі шчокі ў незвычайным агні, цяжка ўздымаліся грудзі, не чулася ні холаду, ні жорсткага ветру з поля.

Толькі б дамоў, хутчэй дамоў...

А ўвушшу стаяў гэты жудасны прыбярэжны шолах, грознае булькатанне вады, у якім смерць - страшная, жудасная, чорная, як круча, як вір...

Дамоў... Да роднага, даражэнькага таткі, да роднае хаты, дзе так цёпла цяпер, дзе так светла ад лямпы, дзе так радасна і прытульна...

* * *

Таварыш Анатоль у большасці быў на раёнах, праводзіў абследаванні, расследаванні, інструктаваў ячэйкі, выконваў усю тую работу, якую і належала яму выконваць як інструктару акруговага партыйнага камітэта. І рэдкія былі выпадкі, каб ён тыдзень-другі прасядзеў бязвыезна ў горадзе, - усё ў дарозе - у раёне, у вёсцы.