Мала хто ведаў яго прозвішча, і кожны заўсёды зваў яго па імені. Гэта ўвайшло неяк у звычай, і дзіўным было, калі хто-небудзь называў Анатоля поўным прозвішчам.
Таварыш Анатоль быў вядомы як акуратны інструктар, праўда, часам крыху марудлівы і раскідлівы. Але гэта не перашкаджала асабліва рабоце. Гэта выяўлялася больш у дробязях. То ён забудзе на кватэры сваю запісную кніжку з дакладам, то тут жа, у акругкоме, згубіць сваю шапку і потым шукае яе гадзіну і, дарэмна прамарнаваўшы час, выпадкова знаходзіць яе ў сваім партфелі. А часцей за ўсё прыходзілася ісці да вартаўніка і прасіць на гадзіну - пакуль не купіць новую - якую-небудзь старэнькую і залапленую, даваеннай фармацыі лапавушку ці які саламяны брыль, калі справа адбывалася летам. Гэтыя шапкі даваліся-такі ў знакі таварышу Анатолю, бо не праходзіла месяца, каб яму не давялося разы са тры забрысці ў шапачны магазін.
Гэтая раскіданасць і забыўчывасць сказваліся яшчэ часам і ў касцюме таварыша Анатоля: то надзене нейкія недарэчныя порткі, то ў каўнерыку не хапае ўсіх гузікаў, то ўзімку забудзе башлык і адмарозіць вуха, то ў чэрвені з'явіцца ў кажушку.
Не меншыя дзіковінкі назіраліся і ў характары Анатоля: усё больш маўклівы, з нейкім удумлівым, засяроджаным, паглыбленым позіркам, а калі пачынае гаварыць, тады асабліва неяк блішчаць вочы і ў голасе адчуваецца не то натхненне, не то гарачае абурэнне, не то нейкае раздражненне.
У прыватнай жа гутарцы таварыш Анатоль меў за звычай пераходзіць на што-небудзь нечаканае, раптоўнае, не меўшае жаднае сувязі з тым, аб чым толькі гаварылі. Ідзеш па вуліцы і гаворыш аб якім-небудзь раёне, аб той ці іншай ячэйцы, і раптам Анатоль пачынае аб другім:
- Вось, бачыш, дрэўца... Пасадзілі яго, каб яно, гэта, расло... А яго ўзялі і паламалі; ну чые гэта, скажы, часаліся рукі? А гораду сады патрэбны, ой як патрэбны, рабочаму чалавеку дыхнуць недзе... І харошы парк выйшаў бы на Савецкай вуліцы, каб не гэтыя паганыя рукі...
Усе прапановы Анатоля па тых ці іншых вывадах, па самых складаных, заблытаных справах былі заўсёды дзелавымі і практычнымі. Ніхто не надаваў асаблівага значэння дзівацтвам таварыша Анатоля, усе звыкліся з імі, лічылі іх патрэбнымі, уласцівымі толькі яму як чалавеку-дзіваку, як уласцівы толькі яму і гэтыя сівыя валасы на галаве, аб якіх запытаў калісьці жартаўліва вясёлы ўпраўдзел:
- І калі табе быў час пасівець з дзевяноста восьмага года?
- Сам пасівееш, аб усім ведаючы, - адказаў, смеючыся, таварыш Анатоль і на тым абарваў гутарку.
А машыністкі акругкома называлі Анатоля няйначай як «замарожаны» і «недапечаны». Але абедзве сыходзіліся на тым, што «недапечанага», бадай, нічога і не знойдзеш у ім, а што «замарожаны», дык гэта неяк у яго ўсё не так, як у другіх людзей, дзівак-чалавеча, дый годзе... Да таго ж каторы год нежанаты, жыве, як воўк, і даглядзець часам некаму. І нават на вечары спайкі, калі Анатоля не ўдалося ніякім чынам спакусіць на скокі, адна з машыністак пакрыўджана кінула яму ў вочы:
- Эх, вы... замарожаны вы чалавек.
І таварыш Анатоль нічога не адказаў, толькі неяк вінавата ўсміхнуўся, нерашуча павярнуўся на зэдліку і потым зноў стаў назіраць за скокамі, за спевамі, за ўсёй шумлівай, вясёлай гульнёй моладзі. І трошачкі крыўдна стала на сэрцы і сумна.
«Замарожаны... Чаму?»
І ўвесь той вечар - а гэта было вясной - Анатоль адчуваў сябе кепска. Яшчэ не сцямнела, ён выйшаў на вуліцу і доўга без усякае патрэбы блытаў па ёй, глядзеў, як мігцяць на слупах ліхтары, як асабліва па-вясенняму поўняцца вуліцы людскім гоманам і нез'яснімым пахам нясе ад садоў, ад дрэў.
Потым Анатоль сядзеў у сталоўцы. І доўга сядзеў. І чамусьці здавалася надта цяжкай шклянка кавы - такою непамерна вялікай. Уважліва агледзеў яе, але шклянка была як шклянка, звычайная цэрабкопаўская, грубая шклянка. І такі самы звычайны сподак з адбітым краёчкам.
А калі падышла афіцыянтка і, разлічваючыся, дала рэшту, таварыш Анатоль нечакана запытаў:
- Што гэта ў вас?
Ён глядзеў на шырокую жоўта-шэрую пляму на грудзях на фартуху - мусіць, разліла суп, падаючы на стол. І нічога тут дзіўнага, і запытаў ён так... А дзяўчына адразу засаромелася і, густа пачырванеўшы, пайшла моўчкі ад стала. Пачырванеў таксама Анатоль, адчуваючы нейкую ніякаватасць, і паспяшаўся да кватэры.
Гэта было ўсё вясной.
А спраў так многа-многа, няма часу думаць аб чым-небудзь іншым, што не мае непасрэднага дачынення да службы, да абавязкаў, да сваіх шматлікіх раз'ездаў.
І кепска ж ездзіць у халады ды па дрэннай дарозе! Вось і цяпер пратрасіся паспрабуй паўсотні вёрст да завода на балаголскіх санках. І таварыш Анатоль крыху злуе. Злуе на тых, хто псуе жыццё, хто робіць не так, як трэба рабіць, хто займаецца паскудствам, хто замест жывой і карыснай справы заводзіць вось гэтыя брыдоты, каторыя адымаюць толькі час, адрываюць людзей ад бягучых і неадкладных спраў.
«Ці мала цяпер работы ў раёне, а вось трэба сакратара райкома ўзяць ды яшчэ каго-небудзь у камісію, - думае ён, успамінаючы загад сакратара акругкома аб расследаванні спраў на гуце. - І жывуць жа вось... Людзі, называецца. Але хто гэта пісаў, мо знаёмыя хлопцы... Але дзе там, ніколі яшчэ не быў на гуце... Паглядзець хіба яшчэ».
Таварыш Анатоль дастае з партфеля вялікі, аж на поўны аркуш паперы, ліст і ўважліва яго перачытвае; прапускаючы ўсякія звычайныя ўступы, якія робяцца ў кожным афіцыйным яго лісце ў акругком, ён пераходзіць да сутнасці:
«...Палітыка дырэктара, хоць ён і партыец, для нас зусім незразумелая. Яна выклікае ўвесь час нездаволенне рабочых, асабліва падручных. Заўком бяздзейнічае... Ніякіх грамадскіх арганізацый няма, якую б то ні было культурную працу цяжка наладзіць, бо з усіх бакоў сустракаеш толькі перашкоды... Камсамольская ячэйка зусім развалілася, там неадкладна трэба змяніць сакратара, які зусім няздольны кіраваць камсамольцамі і іх выхоўваць: малаактыўны, непісьменны, ды з заможнае сям'і к таму, ні ў чым новым не зацікаўлены, абы было добра бацьку, які такі нішто разам з ім зарабляе - абодва майстры, ды яшчэ маюць гаспадарку... П'янства, карцёж, пануе над усім хуліганства. Здзекі над работніцамі. Здзекаваліся над работніцай-жыдоўкай... цяпер ляжыць у больніцы, згвалцілі. І ўсе маўчаць... І нібыта нікому няма справы... Трэба рашуча змяніць... Просім...»
І ўнізе подпісы: Аляксандр Каведла і Яшка Логінаў.
- Нарабілі, калі толькі праўда... Нішто сабе працаўнікі... - І, агледзеўшы з усіх бакоў ліст, памацаўшы яго дабротнасць, зірнуўшы на свет паперу (Анатоль працаваў калісьці на папяровай фабрыцы), ён паклаў ліст у партфель, ямчэй падкамячыў пад сябе салому і аддаўся сваім думкам.
Звычайна ўлетку ён што-небудзь чытаў у дарозе, а цяпер гэтага не зробіш, халадэча. Цераз рагожную будку пачынае пад вечар забірацца золкі, сіберны вецер, шархаціць сухім снегам па будцы, калюча шчыпле за нос і кусаецца недзе там за нагу, дзе незашыты, мусіць, заднік у валёнку. «Абавязкова прыйдзецца заладзіць, бо потым і не вылезеш, яшчэ больш разыдзецца. Каб не забыцца вось толькі часам... А паскудная штука мароз, снег гэты... Ну яго к ліху... - думае Анатоль і ямчэй затуляецца ў салому, каб не дзьмула збоку, каб было зацішней. У саломе цяплей, ад роўнага пакачвання санак і ад рыпу палазоў хіліць да сну, соладка дрэмлецца, і доўгаю чарадою плывуць думкі: аб снезе, аб марозе, аб сённяшніх справах, аб далёкім, але заўсёды такім памятным і яскравым дзяцінстве. - Вось, скажам, снег. Не рад я яму, як ліхой бядзе...»
А калісьці, як ашалелы, бегаў пры першых сняжынках. Як жа: снежкі, санкі. А пакоўзацца па льду! Гатоў не палуднаваўшы дзень прабегаць... І не толькі снег... І летам, і ўвосень былі свае прынады. А вясной, калі разальюцца першыя раўчакі, зашуміць паводка па лагчынах... А першы жаўранак, а першая пралеска ў лесе, а раннія вясеннія вечары, калі так цвёрда пад нагамі аддаецца зямля, храбусцяць ільдзінкі, а ў паветры струменіць нешта незвычайнае, нібы пах цяпла, нібы хмель падбадзёрваючы. А першыя баранчыкі на лазе, а першая муха - дз-зы-ы-ы... І так прыпякае сонца, аж курацца парай сцены і ўвачавідкі падсыхаюць двары. І сам як заварожаны, зачарованы - і першым лістком, і першаю мухай.