Выбрать главу

Цяпер гэта не так ужо кранае сэрца, не дзівіць, як у далёкім дзяцінстве.

Бываюць часам хвіліны, калі Анатолю хочацца па-ранейшаму прагна ўдыхаць у сябе ўсе чараваўшыя калісьці пахі вясны, зліцца душой з яе трапяткім дыханнем, з пераліўчатым булькатаннем першага раўчака, усхвалявацца першай зялёнай травіцай, такім вясёлым па вясне курлыканнем жураўлінага статка, першым дажджом, калі так прыгожа зеляніцца першая мурава на ўзгорках і распускаюцца клейкія лісткі бяроз.

Праўда, мала бывае такіх хвілін, мо старасць?

Мо зачарсцвела сэрца і зрабілася цвёрдым на камень? Можа, гэтыя справы, справы і справы... Не... Нешта другое тут.

«Замарожаны».

Так, замарожаны...

І ўзнікаюць успаміны з недалёкага мінулага. У іх мала чаго радаснага, нічога не знойдзеш у іх асабліва вясёлага, усё цяжкае, часам жудаснае.

...Эшалон замарожаных чырвонаармейцаў за Ўралам... выгружалі і складалі вялікімі штабялямі, і чалавечыя рукі і ногі былі падобныя на дрэва - гулка стукалі ў вячэрнім змроку...

...Станцыя Чаляба ў дваццаць першым... Груды паміраючых ад голаду і марозу... Прадсмяротна мяўкае сухарэбрае аблезлае кацянё, і пасінелыя і высахлыя пальцы двух хлапчукоў, падобных на мерцвякоў, разрываюць кацянё напалам... І страшныя гэтыя твары, у крыві і з такімі злавеснымі аганькамі ў вачах.

І тут жа:

- Дзядзечка, дай капейку на вар - душу адагрэць...

І маленькая, не разабраць, дзяўчынка ці жанчына:

- Дзядзечка, палюбі за цукар, за маленечкі кавалачак цукру...

І пад парканамі трупы.

І галоўнае, галоўнае... Што галоўнае? Усё галоўнае, усё аднолькава важнае і аднолькава страшнае.

...Дваццаты год... Капаткевічы... Пад столлю людзі, вісяць на круках, не зварухнуцца... Выбітыя рамы, разбітыя шафы, уцалелы ложак на падлозе, спаленыя хаты і людзі... І жудасная ноч. Адхон... Жоўты вільготны пясок і снег... І маленькае дула здаецца вялікім-вялікім, як неахопнае жарало найвялікшай у свеце гарматы... І сіні рубец. Над самым дулам сіні рубец, і вочы - не то злосныя, не то безуважныя...

Толькі і засталося ў памяці - сіні рубец. А болей не помніцца. Не трапілі ў сэрца, разбілі ўвесь бок... Многа страціў крыві... Падабралі сяляне і перадалі чырвоным, дзе і трапіў у шпіталь, сяк-так выхадзіўся. Аб усім гэтым і даведаўся ў шпіталі, калі ачуняў... Таварышы ж засталіся там, пад адхонам, дзе лаза, дзе снег, вада і дзе жоўты пясок.

Мо таму і «замарожаны»?

А хто яго ведае.

І ёсць адзіная радасць: жывём, і ніколі гэтага не будзе, ніколі гэтае больш не вернецца, ніколі, ніколі...

* * *

Толькі ноччу з'явіліся на завод. Начавалі ў клубе на саломе. За саломаю бегаў кудысьці Каведла, які прынёс і некалькі коўдраў, пару падушак і вынес яшчэ са свае баковачкі чыстую посцілку.

- Вось тут, каля печы, і пасцілайцеся, цяплей будзе...

Было позна, усіх хіліла да сну, распачынаць справу не варта было, бо ўвесь пасёлак даўно спаў, толькі гута паблісквала скрозь вокны сотнямі сузор'яў-агнёў.

А назаўтра ўсё следства пайшло раптам зусім нечаканым кірункам і прывяло да зусім неспадзяваных вынікаў. І так хутка ўсё гэта зрабілася, што для шмат каго ўсё заставалася дзіўным і незразумелым аж да самага вечара, калі адбыўся агульны рабочы сход завода.

...Каб дырэктар завода, усім вядомы за пяць год Анатоль Іванавіч Гарашчэня... ды не быў Анатолем Іванавічам? А зусім нейкім другім... зусім нейкім чужым чалавекам? Ды яшчэ якім... белапагоннікам? Не, няясна нешта, незразумела...

І ўся гута, як устрывожаны вулей, шумела, перагаворвалася. Людзі збіраліся купкамі, і ўсе дзіву даваліся: як, якім чынам мог ачмураць на працягу цэлых колькі год гэты чалавек?

- І як гэта мы не заўважылі?

- А дзе ж былі вочы?

- Недарма я часта глядзеў...

- Ото ж ты глядзеў, ды не бачыў, бо вочы, мусіць, былі на почапцы.

І шмат каму стала ясным і зразумелым з таго, аб чым раней перашэптваліся ў цэхах, па завуголлю, на вуліцы: «Дырэктар гне, здаецца, не туды, куды трэба», «ні за што ні пра што пакрыўдзіў старога рабочага»... І шмат чаго ўзнікала ў думках, ва ўспамінах за пражытыя апошнія пяць гадоў. А заўкомаўцы і камсамольцы хадзілі і ног пад сабой не чулі, і было сорам глядзець людзям у вочы, было неяк прыкра, ніякавата і крыўдна...

А адбылося ўсё хутка і проста. Раніцай таварыш Анатоль з двума райкомаўцамі зайшоў у кантору завода. Пакуль з'явіўся дырэктар, пераглядалі на сценах дыяграмы, здымкі завода, розныя чарцяжы, планы і расклады працы. І калі ўвайшоў дырэктар, усе звычайна прывіталіся з ім і расселіся на рэдкія зэдлікі, што стаялі вакол дырэктарскага стала. І тут здарылася гэтае нечаканае і неспадзяванае. Таварыш Анатоль, папраўляючы пад сабой рыпнуўшы зэдлік, зірнуў у твар дырэктара і адразу неяк здрыгануўся, і ўвесь твар яго стаў белым-белым. Шырока раскрытымі вачмі ўзіраўся ён у дырэктара, і ўсе глядзелі на таварыша Анатоля, нічога не разумеючы і пацінаючы плячмі. Сам дырэктар неспакойна заёрзаў на сваім крэсле і нерашуча аглядзеў свой касцюм, рукавы, запытліва зірнуў на другіх.

- Ён... ё-о-н!.. - вырвалася раптам са збялелых вуснаў таварыша Анатоля.

«Рубец... сіні рубец... - тут жа мільганула маланкай думка, - не хто іншы, як ён...»

Дырэктар насцярожыўся.

Інструктар акругкома спакваля падняўся з зэдліка і, падыходзячы да стала і не зводзячы позірку з вачэй дырэктара, ціха, прыглушаным шэптам стаў запытваць яго:

- Таварыш... дырэктар... а-а... скажыце, я-я-к ваша прозвішча?

- Я вас не разумею, таварыш інструктар, што за допыт, і ў гэтакай, выбачайце, незвычайнай форме.

- Я пытаю ваша прозвішча.

Відаць было, як дырэктар на хвіліну замяшаўся, але толькі на хвіліну. Ён стараўся трымацца спакойна, але з таго, як неспакойна перабягалі яго вочы з аднае рэчы стала на другую, відаць было, што ён нечым таксама ўсхваляваны.

- Я дзіўлюся запытанню... Маё ж прозвішча ведаюць усе... ведаюць усе, як аблупленага... ведаюць вось і таварышы з райкома. Запытайце любога рабочага, і ён вам скажа маё прозвішча... Ну, калі такая патрэба, прозвішча маё... Гарашчэня.

- Так... прозвішчы ў нас адны, значыцца. А як ваша імя, ваша поўнае прозвішча?

- Ну... што ж, дазвольце, такім чынам, прадставіцца: Анатоль Іванавіч.

- Ого! Дык не толькі прозвішчы ў нас адны, а, аказваецца, у адзін дзень нас хрысцілі, дый бацькі імёнамі сышліся...

Усе, хто сядзеў навакол - і райкомаўцы, і некаторыя рабочыя, якія зайшлі па той ці іншай патрэбе ў кантору, - здзіўлена пераглянуліся: такі ж незвычайны выпадак з прозвішчамі. Але ўсе нічога не разумелі. Сам дырэктар, які зрабіўся чырвоны як рак, сіліўся нешта ўспомніць і ніяк не мог. Інструктар жа даваў адно за адным пытанні:

- А скажыце, паважаны таварыш дырэктар, вы не памятаеце часам... Капаткевічы... дваццаты год... Пяць расстраляных пад адхонам чырвонаарм...

Не паспеў даказаць інструктар, як дырэктар шпарка падняўся з крэсла, памкнуўся быў нешта рукой у кішэню... але тут жа неяк абмяк, зноў сеў нерашуча за стол і, ахапіўшы аберуч галаву, сядзеў і маўчаў, гледзячы кудысьці ўніз, на аблуплены і закапаны чарнілам край стала.

- Ну, як жа будзе, таварыш Га-ра-шчэ-ня? - прагаварыў інструктар, чамусьці націскаючы і расцягваючы апошняе слова.

Дырэктар маўчаў. Маўчалі ўсе прысутныя і чакалі, чым жа ўсё гэта скончыцца. Урэшце дырэктар пачаў гаварыць. Гаварыў неяк глуха, прыдушана, нібы словы ляцелі не ад стала, а даляталі з-за тоўстай сцяны, даляталі кароткімі абрыўкамі:

- Ну... я... чаго ж таіцца... Нічога не ўтоіш... Я не... Гарашчэня... я... я... Граеўскі... Але скуль жа з'явіліся вы?

- Гэта нецікава... Паручнік?

- Паручнік... Граеўскі... Але што з таго? То старое і мінулае... я служу савецкай уладзе, я чырвоны дырэктар.