Выбрать главу

Усе прысутныя адразу паўставалі са сваіх месц, згрудзіліся бліжэй, заварушыліся, забегалі, узняўся шум, гоман: нехта некага зваў, даваліся дзіўныя распараджэнні, нехта пабег за міліцыяй.

Тут жа «Анатоль Іванавіч» быў адразу арыштаваны.

* * *

Калі вечарам Анатоль Іванавіч, самы сапраўдны Анатоль Іванавіч - інструктар акругкома, ішоў у клуб на агульны сход рабочых, ён прыпыніўся на некалькі хвілін ля завода. Ужо сцямнела, і ў гэтай цемрадзі ночы залатымі блёсткамі мітусіліся ў вокнах завода аганькі. Іх было многа-многа, і яны мігцелі бесперастанку: адны знікалі і на іх месцы апісвалі дугі новыя, другія - і так увесь час. Аганькі рассыпаліся снапамі іскраў, адны, здаецца, раслі ўсё болей і болей, цямнелі і гаслі, і на іх месцы, плаўна зыбаючыся ў чорных рамках акон, узнікалі новыя.

А за гутай глуха гудзела заводская лесапільня, і здавалася, нібы нейкае чудзішча закулі чалавечыя рукі, і рычыць гэта чудзішча, гудзіць сваімі сталёвымі галасамі, і, паслухмянае і пакорнае, яно кідае з пякельных вачэй залатыя і срэбныя іскры.

«Прыгожа!» - мільганула ў думках Анатоля Іванавіча. І ўздыхнулася неяк лёгка-лёгка... І так весела стала на сэрцы, як ніколі-ніколі, нібы адваліўся камень, які ціснуў сэрца гэткія доўгія гады.

А пад нагамі рыпеў снег і нібы дражніўся: «Ану, прабяжы!»

І Анатоль Іванавіч усміхнуўся.

Усміхнуўся цёпла і радасна. Бадзёры і вясёлы, ён пайшоў у клуб.

1929

Міколка-паравоз

Хата на калёсах

Вы не бачылі Міколкавай хаты?

Яна вунь у самым тупіку, дзе канчаюцца станцыённыя лініі, дзе безліч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнуліся, пабеглі бліскучыя рэйкі.

Па рэйках тых бягуць цягнікі. Бягуць і днём, і ноччу. І шэраю раніцай. Калі яшчэ сонца не ўзыходзіць. Калі яшчэ Міколка спіць. Калі спяць усе звычайныя людзі, якія ноччу не ў машыністах, не ў кандуктарах, не ў рабочых дэпо, не ў абходчыках пуцявых. А цягнікі бягуць. Зімой і летам, увосень і ўвесну. І чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваімі пукатымі бліскучымі вачыма ў далёкія агеньчыкі семафораў. Агеньчыкі белыя, зялёныя, чырвоныя. І кожны паравоз крычыць па-свойму. Адзін так гудзіць, што шыбы трасуцца ў вокнах. У другога хрыпаты голас, нібы прастудзіўся паравоз, бегаючы ў зольных туманах і завеях. А трэці - якая-небудзь кукушка - не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. І па голасу пазнае Міколка кожны паравоз, ці то таварны, ці то пасажырскі. І часам ноччу, пачуўшы голас далёкага паравоза, Міколка будзіць матку:

- Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Яго паравоз гудзіць.

- Сам ты паравоз! - дражніць матка Міколку. - Вось спаць не даеш толькі, пасажырскі яшчэ далёка...

Але матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнік, як зацішаў ён хаду, а потым і зусім станавіўся на станцыі. Тут зменьваліся паравозы, зменьваліся і машыністы. І заўсёды акуратна, праз якія-небудзь хвілін дзесяць, дахаты з'яўляецца Міколкаў бацька.

- А ты прачнуўся ўжо, кур'ерскі? - гаварыў ён да Міколкі і заўсёды намерваўся ўхапіць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Міколка хаваўся пад коўдру і, паказваючы адтуль толькі кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:

- Чшы... чшы... чшы... чшы-чшы-чшы...

І важна гаварыў потым да бацькі:

- Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!

«Забуксаваў» - гэта значыць, што бацька далей не пасунецца ні на крок, ніяк не ўхапіць яму цяпер за Міколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымі рукамі за коўдру брацца, павінен ён памыцца як след. І калі бацька зоймецца з умывальнікам, Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкі. Ён спрабуе яе на вагу, а ці ёсць што ў ёй, ці варта ля яе турбавацца.

- Прывёз, татка, што-небудзь? - грозна пытае ён бацьку.

- А што будзе, калі не прывёз? - перапытвае бацька, смяецца.

- Што ж будзе? Нічога не будзе... - гатоў пакрыўдзіцца Міколка.

А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкі «зайцавага хлеба» - так заве ён дарожныя недаедкі. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкі. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай, толькі пугаўка-нос пабліскваў ад вялікага задавальнення. Есць, і здаецца яму, нібы ён таксама памочнік машыніста, як бацька... Хлеб пахне трохі вугалем, і аддае крыху ад яго і мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, які праехаў на паравозе сотні вёрстаў, падсушыўся, паабіваўся ў скрынцы, прапах. І не дзіва, што як змеле Міколка гарбушку, дык адразу і пайшоў:

- Чшы-чшы-чшы... Чшы-чшы-чшы...

Памчаў паравоз.

Аж падлога дрыжыць ад Міколкавага бегу. Бяда толькі, што не разбяжышся як след: і цесна, і маці ўшчувае:

- Кінь ты дурыкамі займацца - узняўся ні свет ні зара. Яшчэ брата разбудзіш...

Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Не бывае ніводнага разу, каб бацька вярнуўся з пуці з пустой скрынкай. Заўсёды ў скрынцы знаходзяцца новыя цацкі. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, то трубку якую бліскучую, а то проста каменьчыкаў розных, каляровых. Часам прывязе звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку:

- Вось табе новая цацка!

Міколка гатоў і ў крыўду ўкінуцца: знайшоў бацька цацку! Ды іх, гэтакіх цацак, вунь цэлыя горы каля дэпо!

- А ты прыгледзься вось лепш, тады не будзеш і носа задзіраць...

І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак, нібы выразаў нехта цэлую ветку, і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам.

- Хто маляваў? - пытае Міколка.

- Ніхто... Сама маці-прырода...

- А ты не абманьвай... Яшчэ памочнікам называецца, жарты строіць... - ушчувае Міколка бацьку.

Тады расказвае бацька розныя цікавыя гісторыі пра гэты самы камень. Нібы быў ён тысячы год назад не каменем, а самым звычайным дрэвам, высокім, прыгожым, з гаманлівым лісцем зялёным. І вось найшла навальніца, паваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Іх засыпала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Ляжаць дрэвы пад зямлёй, ляжаць, не гніюць. Год ляжаць, дзесяткі ляжаць, ляжаць сотні і тысячы гадоў. Ляжаць, пакуль не скамянеюць. І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. А часам трапляецца адбітак-адпячатак тагачасных казюрак, жывёлінак. Вось якая гісторыя гэтага малюнка...

Слухае Міколка. Сапраўды ж цікава. Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе. Бацька раскажа і пра мазут, дзе і як яго здабываюць. Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгунныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Багата чаго ведае ён. І нездарма заўсёды здзіўляецца Міколка і кажа ў роздуме:

- Разумны ты, бацька!

Праўда, з гэтым не зусім каб пагаджалася матка. Тая трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас, ды ў які яшчэ голас. Хоць вушы тады затыкай:

- І калі ты ўжо сур'ёзным чалавекам станеш? Другія ж, глядзі, у старшыя машыністы ўжо выбіліся... Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне... Галава непуцёвая.

На гэта бацька звычайна нічога не адказваў, маўчаў. Альбо важна пытаўся: «Што скажаш яшчэ цікавага?» Альбо запяваў канарэечку:

Канарэй, канарэй-пташачка, Канарээ-е-чка жалабна пяёць.

Ну што ты з яго возьмеш тады, з гэтай канарэечкі. Пабурчыць, пабурчыць маці ды сціхамірыцца.

А вагон сапраўды дзіравы. Вагон - хата Міколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымі коламі, са збітымі буферамі. З'ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. І колькі вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак - жывуць у іх дэпоўцы: токары, слесары, машыністы з качагарамі. І цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзіне невялікая печка. На другой палове месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколкаў старэйшы брат, які ўжо сам зарабляе, ходзіць у змазчыках. Тут жа спіць дзед Астап. Тут жа невялічкі стол, за якім палуднуюць, вячэраюць, на якім маці бялізну качае. Цесна ўсё ж.