- Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?
А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці. А «буржуй» вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазіць, калі ходзіць па складу. А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:
- Кінь смяяцца, кажу!
- То як жа кінуць, калі смешна... Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць... А вось як гэта Бог «буржуя» стварыў, няйначай тры дні пацеў.
- Якога «буржуя»? - вытарашчыў поп вочы.
- Ды нашага, што складам пры дэпо і нашымі вагонамі, дзе мы жывём, загадвае... Такі ж таўшчэзны. І злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.
Поп учапіўся, як абцугамі, за вуха і пацёг Міколку ў кут на калені.
- Станавіся тут і не варушыся! - і як бразне Міколку аб падлогу, у таго аж іскры пасыпаліся з вачэй.
- А ты не біся, чорт кудлаты! - не сцярпеў тут Міколка ды як хопіць зубамі за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.
І чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Міколку гэты «буржуй». Пацярпеў і чуб, і вушы, і калені, хапіла яшчэ і па патыліцы. А ў дадатак да ўсяго загадалі бацьку паклікаць у школу. І доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзіця, якое нічога не разумее і вярзе часам тое, у чым само добра не разбіраецца. І калі ішлі са школы, бацька ўгаворваў Міколку:
- Ты ўсё ж дужа не задзірайся з папом... Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна і будзеш зусім ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай і маўчы, ліха з ім.
- Калі ж гэты «буржуй» дужа смешны... Каб Бог ды стварыў яго.
І рашыў Міколка адпомсціць калі-небудзь «буржую» за ўсе непрыемнасці, панесеныя праз яго. А тут яшчэ і прычыны былі новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. І колькі ні прасіў бацька «буржуя», каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправіць, «буржуй» заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:
- Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае...
Адмаўляў.
А зрабіць ён быў павінен. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкі - аліву, фарбу, скрынкі цвікоў, шкло, жалеза, - што ні трапіць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое і дом, які будаваў сабе за крадзеныя грошы, - палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросішся ў яго?!
- Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай... Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.
Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.
А злавіўшы, усе забраліся ў адзін сарай і наладзілі кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскія вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усіх бакоў фарба, Міколкава кампанія задала лататы і, схаваўшыся за садком, назірала, што будзе рабіць кот. Той адразу ж кінуўся да гасцей і, не доўга думаючы, скочыў на калені да свайго гаспадара і пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. «Буржуй» не заўважыў спачатку нічога, усё гаварыў нешта з гасцямі. Але потым да Міколкавай кампаніі данёсся выбух рогату: то смяяліся госці над катовымі ўчынкамі. Увесь летні касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.
Тады Міколкава кампанія крыкнула на ўвесь голас: «Крадзеная, крадзеная!» і ў адзін міг кінулася наўцёкі. Што было далей з «буржуем», Міколка не ведаў. Але быў вельмі задаволены - хоць чым-небудзь ды адпомсціў ненавіснаму чалавеку.
- Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...
Царскія арлы
Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў іх Міколка і праз цара. Чуў ён пра яго і дома і ў школе. У школе нават спецыяльнай малітве вучылі, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго імператарскай вялікасці, каб захаваў яго жыццё і даў перамогу над супастатамі.
«Вось гэта дык асоба, калі ўсе моляцца аб ёй», - думаў Міколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такі цар.
- Ого! Цар - гэта, браце мой, цар, а не абы-што... - адказваў дзед. - Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг... Не менш! Адзін каўбасу падае, другі - гарэлку, трэці - селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркі прэ.
- А пяты? - пытае Міколка.
- Пяты? Ну і пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блінцы падае, дранікі або капусту тушаную... - прыпамінаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугі.
- А ці есць цар прэжаны гарох? - пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак.
Дзед доўга чухаў патыліцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:
- А што ж ты думаеш! Магчыма, есць... Ён, браце, усё можа... Захоча гароху - з'есць гароху, захоча смятаны - яму падаюць смятану... Яшчэ толькі ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад ім з гладышом смятаны, хоць адбаўляй... Але, як мне здаецца, цару і без гароху добра жывецца... Гарох жа не панская яда.
Тады ўжо Міколка кідаўся ў спрэчкі з дзедам:
- Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нічога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, відаць, не дурны.
- Вядома, не дурны... Ён, браце, і хітры, усё ведае, хто дзе жыве і што думае. Вось і пра нас з табой ён ведае. Сядзіць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зірне, бачыць - станцыя наша... І адразу ў думках у яго: «Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Міколкам, а паказаць іх мне перад мае царскія вочы!» І што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу і скажа: «Ану, падайце мне сюды Міколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!» І чык-чырык - няма галавы ў Міколкі... А захоча памілаваць, скажа: «А што табе, Міколка, даць - залатыя палацы ці цуда-камень самацвет?»
- Мне палацы залатыя непатрэбны... - уздыхае Міколка. - От бы далі нам, дзеду, невялічкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зімой нам усім не прастуджвацца...
- Бачыш, куды ты хапіў! Невялічкую хату - гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы... Не любіць цар такой драбязой займацца.
Міколка ўздыхаў, не згаджаўся з такімі парадкамі.
Так гаварылі часта паміж сабой дзед з унукам. Міколка і ў бацькі пытаўся пра цара і пра гарох прэжаны.
Бацька пасмейваўся, на дзеда міргаў:
- Ты яго, Міколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямі частуе, вось пра які гарох ён дбае...
Кулі і гарох - незразумела гэта крыху для Міколкі. Распытаў бы яшчэ пра цара ў бацькі, але той не асабліва паважае такія гутаркі.
- Адчапіся ты з царамі сваімі... Трутні яны, крывасмокі на нашым целе.
- Як буржуі?
- Ну, вось... Цар над усімі буржуямі буржуй, вось хто такі цар...
Не шкодзіла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсці горай Адама і Евы...
А неўзабаве давялося Міколку з царом пазнаёміцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым і другім не раіў.
Аднае раніцы панесліся па вагонах чуткі, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. І сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Міколкі ўваліліся салдаты і пара жандараў. І так па ўсіх вагонах пасёлка. Бацьку і дзеду далі спецыяльныя бляшкі, каб павесілі на грудзі замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, і не затрымліваў на пуцях. І вельмі строга загадалі, каб не хадзілі, аднак, без патрэбы па пуцях і каб ні кроку не рабілі на станцыю. Ды загадалі яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць і новымі хусткамі дзверы і вокны завесіць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. І каб самі ля вокнаў не стаялі, іначай «страляць будзем».