У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамі, ціха падаўся ад вагона на стрэлкі. І тут успомніў Міколка пра дзеда: «Дзе ж ён падзеўся, аднак?»
І толькі падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Міколка і паціху падаўся ў дровы. Храп быў такі моцны, што станцыённыя вераб'і, прыляцеўшыя на дровы, палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Яны скоса пазіралі на зямлю і палахліва падымаліся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такія страшэнныя, незразумелыя для іх гукі. Нават часавы ля пакгаўза пазіраў часам на штабелі дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго сківіцы. Відаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.
На храп і дабраўся Міколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшаніцу прадаўшы.
«З такім гучным носам можна лёгка і ў турму патрапіць...» - падумаў Міколка і пачаў асцярожна будзіць дзеда, торгаючы за руку.
Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:
- Другая арудзія па бастыёну карцеччу, агонь!
Аж прысеў тут Міколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвіліся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:
- Эй! Хто там?
Аднак не ісці ж Міколку да часавога і растлумачваць яму, што ў дровах нічога страшнага няма, што дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Міколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй і лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.
Але Міколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам і ціха шапнуў:
- Нішкні, дзед!
Часавы паслухаў, паслухаў - не чуваць нічога - і паклыпаў на другі канец пакгаўза.
- Ну, цяпер выбірайся, дзеду, з дроў і блізка сюды не падыходзь. Аднак і падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту... - хацеў Міколка сказаць «заснуў», але не хацелася крыўдзіць дзеда.
- Што падкачаў, то падкачаў... - вінавата прамовіў дзед. - Гады бяруць сваё, унучак мой... Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазіў, ды неяк і задрамаў... А тут і сняцца мне ўсякія туркі ды крэпасці. Усё наступаю ды наступаю. І вось-вось ужо ў атаку павінен быў кінуцца, а ты разбудзіў...
- А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзіў!
- Як так дарэмна?
- А для чаго ты турэцкія дывізіі лажыў, людзей біў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?
- Дык вось у тым-та і справа, што пасля... А цар? Які ён мой?
- Ну, вось! - пераможна сказаў Міколка і, захапіўшыся, яшчэ колькі хвілін ушчуваў дзеда за яго турэцкія прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мінулай цемнатой, але потым у спрэчкі ўкінуўся:
- Добра табе так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады...
Слова за слова, спрэчкі набылі такі гарачы характар, што нашы субяседнікі і не заўважылі, як апынуліся пасярод нямецкіх салдат, якія акружылі іх і чакалі далейшай каманды рыжавусага і надзвычай злоснага на від нямецкага каменданта.
- Ну, вось і прыехалі... - сказаў з перапуду дзед і змоўк.
Маўчаў і Міколка, праклінаючы ў думках дзедавы арудзіі і турэцкія бастыёны, праз якія так нечакана трапілі ў нямецкія лапы. «Гэта ж трэба, надумаліся дзе спрачацца з дзедам!»
Па загаду каменданта іх прывялі да пакгаўза.
А справа ўся адбылася такім чынам. Нямецкі камендант, які прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправіць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкі вагон, учуяў гучныя спрэчкі Міколкі з дзедам. Наяўнасць лішніх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды і хто наогул мае права блізка хадзіць ля такога месца... Так натрапіў ён на Міколку з дзедам і, каб высветліць, што яны за людзі, затрымаў іх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Міколка з дзедам адчувалі сябе зручна пад нямецкімі штыкамі, але далейшыя падзеі намнога ўзнагародзілі іх за якія паўгадзіны нечаканага палону.
Паставіўшы дзеда і Міколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок і пацягнуў дзверы. Дзверы не паддаваліся.
Міколка сачыў за камендантам, за яго работай і хітра падміргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы і ў адказ на Міколкавы падміргванні так сурова зірнуў на яго і так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Міколка палічыў за лепшае «не падсыпаць дзеду солі на раны», як казала часам маці. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.
А камендант усё завіхаўся ля дзвярэй. Ён і пыхцеў і соп, аж каплі поту ўкрылі яго лысіну, а дзверы ўсё не паддаваліся. Ён ужо некалькі разоў грозна крычаў, мусіць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчыніць дзверы і не заводзіць такой непрыемнай бузы.
«Як жа, адчыняць табе...» - пасмейваўся сам сабе Міколка, успамінаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя ім арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулі дзверы знутры на вялікую жалезную засаўку.
Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, і чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Але яны - ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглі салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддаваліся. І толькі са страхі праліліся некалькі струменьчыкаў вады і трапілі за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяціла сонца, на небе не відно было ні воблачка, над пакгаўзам мірна ляталі белагрудыя ластаўкі, нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.
Пакруціў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накінуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узяліся за працу, і цэлы струмень вады ізноў ёмка трапіў за каўнер каменданта. Аж ашалеў тут камендант, хапіўшыся рукой за спіну, дзе пад мундзірам пацяклі халодныя струменьчыкі вады. Тут і салдаты пазіралі на яго, як на цуд, глядзелі ўгару, але неба па-ранейшаму было чыстае і яснае, без воблачка, без хмурынкі.
А Міколка з дзедам закрывалі раты далонямі рук, каб не засмяяцца голасна, не прарвацца шалёным рогатам. Хто-хто, а яны-то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж.
- Узяць бервяно! - закамандаваў тут па-нямецку камендант. Прынеслі тэлеграфны слуп, які ляжаў на пакгаўзным двары. Узяліся дружна салдаты і давай дзяўбці слупам у дзверы. Такі стук паднялі, што народ пачаў збягацца, усім хацелася падзівіцца на незвычайную работу. І тут здарылася такое прадстаўленне, што дзед, расказваючы аб ім пасля, за бакі хапаўся ад вялікага смеху. Толькі гэты слуп разышоўся як след па дзвярах, як на страсе нечакана раздаўся страшэнны грукат. Ледзь не абамлеў ад страху камендант, але паспеў грымнуць каманду:
- Лажыся! Агонь!
І выхапіў рэвальвер з кабуры.
Ляснуў вобземлю слуп. Салдаты маланкай сіганулі ўбок і заляглі на зямлю, нацэліўшы вінтоўкі на дзверы. І ў гэты момант скацілася са страхі нешта круглае, чорнае, вялікае, абдаўшы каменданта цэлай рэчкай вады. Яшчэ секунда - і гэтае круглае, чорнае, прабіўшы дно аб камендантаву каску, уссела на каменданта. Той толькі і паспеў, што пекануў разы са два з рэвальвера па гэтаму страшнаму ворагу. А потым стаяў як мыла з'еўшы, лыпаў вачыма. З вусоў ліліся струмені вады, і ўвесь ён быў такі прыгажун у гэту хвіліну, такі ваяўнічы з выгляду, што цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Яны заліваліся дружным рогатам. Дзед і Міколка не прамінулі тут даць драпака.
Дзед бег так шпарка, што зачапіўся за кастыль і пакінуў на ім палавіну адарванай падэшвы. Ды ў дадатак згубіў красала, якім выкрэшваў заўсёды агонь для свае піпкі. Гэтае красала, як і ўсё ў дзеда, пачынаючы з яго медалёў і канчаючы піпкай, было, па яго словах, вельмі гістарычным. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся красала. Яно заўсёды было прывязана танюткім раменьчыкам да пояса.
- Гэта ж не са звычайнага жалеза, а з турэцкай крывой шаблі была зроблена гэтая рэч. А шабля належала самаму заядламу турэцкаму салдату-янычару... - успамінаў пасля дзед пра сваю страту і вельмі ж сумаваў і жалкаваў.