- Яно і відаць! - падтакваў дзеду Міколка. - Калі ты пачынаеш красаць, дык нібы шабляй махаеш, і не падыходзь блізка.
І сапраўды, калі дзед выкрэсваў агонь для піпкі, дык махаў так заўзята рукой, што лепш было адысціся далей, каб не атрымаць па лбу. Ды і выгляд тады ў дзеда быў надзвычай суровы і грозны.
Так закончыліся ўцёкі для дзеда. Міколка ж кінуўся ў другі бок. Як маладзейшы і спрытнейшы, ён пабег паціху паміж вагонаў, перабег пуці і схаваўся за вадакачку. Апынуўшыся тут, ён не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаўзная справа. Па вітай чыгуначнай лесвіцы ён спрытна забраўся на вадакачку і, прымасціўшыся пад самай страхой, пільна сачыў за пакгаўзам.
Там варушыліся ля каменданта салдаты. Яны вызвалілі яго ад уссеўшай на яго бочкі, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вільчыку, з вадой. Калі пачалі салдаты грукаць у дзверы і трэсці сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахілілася трохі. Вось адкуль былі тыя струменьчыкі вады, якія ліліся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такі ціхі і ясны дзень. А калі салдаты ўзяліся за слуп і ўзяліся не на жарты за дзверы, бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасці той падумаў, што тут цэлая дывізія варожая наступае.
Калі салдаты вызвалілі каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узяліся за перарваную справу.
Якія ні моцныя былі пакгаўзныя дзверы, але падаліся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулі засаўкі, разляцеліся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кінуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.
- Ану, выходзь, бандыты, рукі ўгару! - грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было ціха, як у магіле. І толькі пары з дзве галубоў са свістам пранесліся міма падмочаных каменданцкіх вусоў, прымусіўшы яго для перасцярогі разы са два стрэліць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй, і ад гэтага пылу папярхнуўся начальнік, зачыхаў. Зачыхаў і ўзлаваўся.
- ...Смірна! - зароў начальнік і тут жа - «чых... чых... чых!». - На плячо-о-о!.. чых... чых... чых... Шагам... арш... чых-чых-чых...
Выстраіліся салдаты і, каб замаскіраваць свой вялікі рогат над начальнікам і залішне яго не канфузіць, пачалі дружна чыхаць. Так і пайшла, што называецца, з носам чыхаючая каманда. І кожны ўяўляў сабе расправу, якую ўчыніць генерал над незадачлівым камендантам, не сумеўшым усцерагчы арыштаваных бальшавікоў.
А на станцыі была абвешчана ваенная трывога. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Сядзеў, сядзеў Міколка на вадакачцы і ўрэшце наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры, пакуль кінуць немцы пошукі ўцекачоў.
Стрэл на паляне
То ж гэтыя маці!
Яны заўсёды плачуць. Бацька на катарзе быў - маці плакала. Бацька ад немцаў уцякаў - маці ў слёзы. Вось і цяпер, калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы:
- І куды ж вы пойдзеце? Каб забілі дзе-небудзь, такі ж час неспакойны...
- Не заб'юць... - казаў важна дзед. - А калі тут сядзець, то можна да немцаў у лагер канцэнтрацыйны трапіць... А гэта горай, чым заб'юць...
І дзед паказваў маці нямецкую адозву да рабочых-чыгуначнікаў. У ёй нямецкі генерал пагражаў рабочым куляй і катаржнымі лагерамі, калі яны будуць выступаць супроць нямецкага войска, няспраўна працаваць на чыгунцы. І асабліва калі будуць падтрымліваць бальшавікоў і думаць аб нейкай там свабодзе.
Маці не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такім неспакойным жыццём, гатовая кожную хвіліну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсці ў лес, дзед схадзіў да Міколкавага брата Паўла, які хаваўся дзесьці ў горадзе, і вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Міколку сваю зброю. Гэта быў стары пісталет, які мог бы справядліва канкурыраваць з дзедавай славутай «арудзіяй», якая калісьці ўзарвалася ад Міколкавага стрэлу. Пісталет быў вялікі і цяжкі, але дзед любоўна пачысціў яго, прывязаў рэмень, пералічыў і перацёр патроны і схаваў зброю за пояс.
Так і пайшлі.
Ужо цямнела, як прыселі яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свіней, гагатанне гусей.
- Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Міколка ў дзеда.
- Куды? У Нямеччыну, куды ж іначай...
- А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
- Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукі, сялян жабракамі пускаюць, адбіраючы ўсё да ніткі.
- Ну, я б ім паказаў, як рабаваць!
- А што б ты зрабіў? - запытаў дзед.
- А пастраляў бы ўсіх! - І Міколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
- Вось у тым-то і бяда, што мала ў нас зброі, цяжка з ёй супроць нямецкай вінтоўкі ды кулямёта выступаць... Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны...
Ціха гутарылі Міколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкі патруль на чыгунцы, рашылі падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясціну для начлегу.
Несці пісталет, відаць, было ў вялікі труд дзеду, і ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае «аружжа». Тады Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. І Міколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялікую чорную рулю, праўда, вельмі заржавелую і аблупленую. Міколка цэліўся з пісталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне і быў вельмі задаволены такім важнецкім «аружжам».
«Усё роўна як вінтоўка і страляе, мусіць, як з гарматы... Цяпер ніякія немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!»
І Міколка прыстаў, як смала, да дзеда:
- Давай паспрабуем, ці спраўна страляе!
Не было асабліва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпішся ад унука.
- Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады і паспрабуем...
Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры. Пад ялінамі быў сухі ўзгорак, на якім густа разрасліся верасы, папараці і бліскучы бруснічнік. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Пад імі было ціха, утульна. Сюды не дасягалі вятры, што глуха гулі ў верхавінах дрэў, і ніякі дождж не прабіўся б тут праз густыя яловыя нетры.
На ўзгорак нацягалі сухога лісця, моху і, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалі такія мяккія пасцелі, што дзед аж крактануў ад вялікага задавальнення.
- Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка і пах які духавіты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
- А ты калі-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелі? - запытаў Міколка.
- Спаць не спаў, але думаю, што пасцелі ў буржуяў важныя, мяккія... Нязручна ж з іх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь, і ён весела патрэскваў, асвятляючы бліжэйшыя дрэвы і згушчаючы цені за імі. З агнём стала куды весялей. Ён нібы разганяў і тыя гукі лесавыя, да якіх уважліва прыслухоўваўся Міколка і, не разумеючы іх, распытваў дзеда:
- А хто гэта там крычыць?
- А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...
- А хто гэта нібы рагоча так страшна?
- Гэта сава.
- Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пісталета. Весялей будзе, і воўк уцячэ, калі пачуе...
- Ваўкі, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногія звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.
- А ўсё ж паспрабуем, паглядзім, як страляе.
Дзе ты тут адчэпішся ад Міколкі! Згадзіўся дзед. Міколка ўсё намагаўся, каб самому стрэліць. Але дзед, узгадаўшы колішняе паляванне, рашуча адмовіў і стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Але калі пачаў цэліцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пісталета і так далёка адставіў руку са зброяй, што відаць было, як дзед яўна непакоіцца за вынікі стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гісторыя з «арудзіяй». І сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку: