Захліпаецца плачам Міколка, гаворыць скрозь слёзы:
- Не ад страху я, дзеду... Мне бацьку шкада. Мне паравозаў нашых шкада. Хто-та ездзіць цяпер на іх. Немцы ж гэтыя... Як жа ж... У іх жа царскія арлы. Ды з імі Бог яшчэ гэты. На кожным поясе напісана.
- А ты, унуча, яшчэ раз плюнь і на арлоў, і на Бога. І арлам галовы скруцім. А дасць Бог, і Богу шыю звернем... Было то клопатаў, каб аб іх думаць... А дзеду ты вер! Кладзіся вось і спі... Усё, браце, будзе наша! Толькі выспацца цяпер нам трэба з табой. Ну, кладзіся!
Ціха ў склепе. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.
А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкімі ботамі часавога. Паблісквае штык пад месяцам, цьмяна льсніцца цёмная каска. Застыглі на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля іх.
Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы, скідаючы на жвір, на траву цяжкія кроплі расы.
Спіць Міколка.
Нібы спіць і не спіць. Ён едзе на вялікім-вялікім паравозе. Ля акенца бацька сядзіць. Снапы гарачых іскраў ляцяць з трубы і нізка пасцілаюцца над дрэвамі, над кустамі, над бязмежнымі прасцягамі палёў. Ляцяць рэйкі насустрач і нібы пасцілаюцца пад магутныя колы, нібы праглынаюцца паравозам... А ён усё шпарчэй і шпарчэй, ціха кружыцца галава ў Міколкі, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Пара шыпіць, аж гудзе, і ляскочуць сталёвыя колы.
...Тах-тах-тах... тах-тах-тах...
Зірнуў Міколка ўперад, і валасы ў яго дыбам - проста на іх ляціць, набліжаецца семафор. Вялікі, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй і шпарчэй, аж заходзіцца сэрца, дыхаць цяжка. Збіраецца з сілай Міколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталі, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда і, перамагаючы страх, крыкнуў Міколка:
- Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны...
Крыкнуў і прахапіўся, вочы адкрыў. Разам з ім прачнуўся дзед, прачнуліся ўсе, што спалі з ім разам. Спачатку нічога не маглі ўцяміць. У склепе было відна, але святло было нейкае дзіўнае. Маленькае акенца ўзіралася ў іх распаленым чырвоным вокам...
- Пажар! - схамянуліся ўсе і кінуліся да акна.
Нечаканае вызваленне
Кавалак неба, які відзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нібы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералівах. Чырвань то набракала крывёю, то рабілася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацістымі водбліскамі. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. І здавалася, плавіцца неба, робіцца вадкім, празрыстым. Вось-вось успыхне яно і ападзе на зямлю мільёнамі іскраў і ззяючага вугалля. Нібы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, і яно білася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлі, рассыпаючы па небу залатыя пер'і.
Глуха шумелі цяпер барвовыя кроны ліп. То ўзняўся вецер і грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.
- Пажар! - крыкнулі людзі. - Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскіх гумнаў, адтуль ляцяць іскры.
І толькі сказалі гэта, як страшэнны выбух адкінуў іх ад акна. Бліснула асляпляючым полымем, і, уздрыгануўшы, глуха загудзелі сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столі. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьці крыкі, і зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Потым раптам нібы ўсё змоўкла на хвіліну, і злавесная цішыня павісла над домам, над садам.
Міколка зірнуў у акно. І першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек, ляжаў абернуты кулямёт, цьмяна паблісквала стужка з патронамі. Людзі ляжалі нерухома.
- Дык вось яно што! - ускрыкнулі разам усе людзі ў склепе. - Пажар-то відаць не просты, наш пажар, партызанскі...
Раптам раздаліся з грукатам дзверы на ганку, і цэлая група людзей з'явілася там. Яны выходзілі з панскага палаца. Уперадзе ішоў звязаны палкоўнік, разам з ім клыпалі некалькі афіцэраў, трымаючы рукі ўгору. Іх канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. У аднаго Міколка заўважыў звычайную сякеру. Палкоўніка і афіцэраў павялі кудысьці за вугал, у цёмную ліпавую алею.
Тут жа, ля ганка, стаяла група абяззброеных нямецкіх салдат. Яны стаялі без канвою, аб нечым гаварылі, спрачаліся. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі.
Дзесьці ў садзе грымнула некалькі стрэлаў.
Салдаты замоўклі на хвіліну, некаторыя махнулі рукой.
І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной. І, абняўшы радасна адзін аднаго, расцалаваўшы малога Міколку, яны пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. На стук прыбеглі некалькі нямецкіх салдат. Яны зірнулі ў акенца і кінуліся кудысьці за дом. Хутка цэлая група людзей паказалася адтуль. Бразнулі засовы дзвярэй, і палоннікі склепа адзін за адным выйшлі на вольны прастор. Развіднела ўжо. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Але ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае «ўра».
І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Ён кінуўся на шыю матросу, які, відаць, камандаваў усімі людзьмі.
- Ого! Які ж ты яшчэ маленькі, а так ужо немцаў укрыўдзіў, што яны табе смерць рыхтавалі... - усміхнуўся матрос і, падхапіўшы Міколку, падняў яго высока-высока, пад самыя шаты нерухомых ліп.
Нічога не адказаў Міколка, увесь захлынуты радасцю збавення, радасцю перамогі. І толькі ўгледзеўшыся ў матроса, ён крыкнуў дзеду:
- Дзед, а гэта ж той чалавек, што пад хвояй стаяў і якога ты ад расстрэлу выбавіў.
І што тут было, хіба апішаш! Дзед абняўся з матросам. Яны кінулі вобземлю шапкі і разы тры пацалаваліся, моцна абняўшыся. Аж войкнуў дзед, да таго моцна сціснуў яго ў абдымках Сёмка-матрос. І бачыў нават Міколка, як заплакаў дзед і - які ж ён хітры! - неўпрыкметку выцер слязу кончыкам барады. Не сцярпеў тут Міколка, папракнуў дзеда:
- А здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, і трэба ж так...
- То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць... - сканфузіўся дзед.
Ну, што ты зробіш тут з гэтым дзедам!
Сёмка-матрос запытаў іх, адкуль яны, што за людзі і якія прычыны прымусілі дзеда сме�а заступіцца за яго, Сёмкава, жыццё. І калі ўсе даведаліся, што дзед Астап - бацька памочніка машыніста Андрэя, а Міколка - сын Андрэеў, агульнай радасці не было канца-краю.
- Гэта ж мой найлепшы прыяцель, твой бацька! - гаварыў ён Міколку. - Твой жа бацька самы смелы бальшавік! Мы з ім, ды з другімі рабочымі, ды з нашымі вось партызанамі добра правучым паноў... будуць ведаць, як вёскі грабіць, бальшавікоў ды беднату выдаваць немцам на расправу... А прыйдзе час, возьмемся як след і за немцаў!
Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Вострыя языкі полымя вырываліся з верхніх акон, узнімаліся чорныя клубы дыму.
- Важнецкі гарыць. Усё пайшло пылам-дымам... Мала было яму ўсё, гаду... Ад хцівасці на нашыя вёскі пайшоў, праз яго пагарэлі. Немцаў наслаў. Няхай жа гарыць, выгарае, каб і кораня панскага не засталося...
І тут хапіўся матрос:
- А гэтага самага тлустага д'ябла, самога пана мы яшчэ не злавілі.
- Схаваўся, гад, недзе...
- Выкурым, нідзе дзенецца!
І тут заўважыў Міколка, як з верхняй веранды скочыла на зямлю нешта белае, грузнае. Ён як дуж кінуўся ўслед. За ім пабег дзед. Белае, грузнае кінулася ў зараснікі бэзу, акацый. Вось яны наганяюць ужо, толькі лыткі ўцекача мільгаюць у роснай траве, а спыніцца каб, дык не. Гэта быў пан. Ён выскачыў у адной сарочцы і цяпер пабег, засопшыся, наважыўшыся праскочыць сад і даць лататы да лесу.
- Стой, пузан, а то выстралю! - крыкнуў на бягу дзед і размахваў карабінкай, якою надарыў яго Сёмка-матрос.
Пан сігануў праз шчыкет, але, учапіўшыся сарочкай за шчыкеціну, павіс на ёй, агаліўшы валасатыя ногі.