Выбрать главу

- Бач ты, сцёгны якія паразгадаваў, па тры пуды, няйначай...

Але раптам зрабіўся сур'ёзны і адступіў на крок. Узяўшы важна пад казырок, скамандаваў дзед:

- Злазьце з плота, ваша сіяцельства, нязручна так, няйначай!

Але дзе тут злезці пану. Павісла сіяцельства ўсур'ёз. Падбеглі сяляне і не зусім, каб сказаць, далікатна знялі яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлі пан, так і кінуўся ў ногі сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявіў сялянскія лапці, маліўся, прасіўся, усімі багамі кляўся, што не ён вінаваты ў расстрэлах, а немцы.

- Хто табе веры дасць, ірад? Але што з ім рабіць, з сіяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую... - раіўся Сёмка-матрос і загадаў: - Пасадзіць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкі... А то ў ванне яшчэ сёння, мусіць, не было яго сіяцельства.

І сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.

А партызаны тым часам не драмалі. Выганялі жывёлу з панскіх хлявоў, выводзілі коней, выгружалі свірны. Прыгадзіліся панскія каламажкі, на іх зручна прымайстравалі адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылі вінтоўкі. На адной з каламажак прымасціўся ля кулямёта Міколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаенніка і быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль і шаблю і надарыў ёю дзеда. Міколку ж ён даў маленькі штык ад нямецкай карабінкі. Штык быў падобны на кінжал, і ім вельмі ганарыўся Міколка, павесіўшы яго збоку на папружку. Так зрабіўся Міколка кулямётчыкам, а дзед Астап - кавалерыстам. Праўда, у кавалерыі дзеду Астапу хутка не спадабалася, і ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.

Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Уперадзе ехаў Сёмка на добрым вараным кані, якога ўзялі ў пана. За ім ехалі некалькі хлопцаў, узброеных шаблямі, карабінамі і гранатамі. Услед рушылі тры каламажкі з кулямётамі.

Ужо развіднела.

Збляднела зарава пажару, толькі дым пасцілаўся яшчэ чорнай смугой над дарогай, над лесам. Атрад прыбавіў кроку. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач, пераганяючы адзін аднаго. Затарахцелі каламажкі, падскакваючы на выбоінах ды на карэннях лясной дарогі.

- Ану яшчэ, яшчэ паддай! - грымнуў Сёмка-матрос.

Як лёгкія птушкі, узняліся коні, распушыўшы хвасты і грывы. Толькі срэбрам мільгалі падковы капыт ды клубы пылу ўзнімаліся ўслед, плылі за атрадам ружовым воблакам.

- Паддай, паддай! - не змаўкаў камандзір.

І нібы беглі насустрач дрэвы, кусты. Нібы кідаў хто пад ногі коням лесавую дарогу. Шалёным віхрам несліся кулямётныя каламажкі, нібы плылі над дарогай, не адчуваючы ўжо ні пнёў, ні камення. Біў вецер насустрач, захлынаў дыханне, намагаўся шапкі сарваць. Але што той вецер!

- Гармонік давай! - крыкнуў нехта.

Захліпнуўся спачатку гармонік, прачышчаючы свае медныя галасы. І потым пайшоў, разышоўся, узляцеў гарачымі галасамі вышэй стромкіх хвоек, пракаціўся звонамі-перазвонамі, і дух захапіла, калі пайшлі ў ход пералівістыя пераборы. Ды бумкалі басы, як цяжкія стрэлы гармат: бум, бум, бум...

А з гармонікам песня ўзляцела. Усім атрадам яе падхапілі. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней - усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад.

І толькі іскры мільгалі з падковаў капытоў ды гудзелі дрэвы, захлёствалі твары вятры. Воблака пылу пасцілалася ўслед, узнімаючы віхурай апаўшае лісце, прыгінаючы да зямлі шумлівыя верасы і зялёную папараць.

А песня ляцела.

Не дагнаць яе, не перагнаць...

Рукой ворага яе не злавіць.

Здарэнне з дзедавым скакуном

Атрад спыніўся на стаянку ў густым непраходным лесе. Ніякаму немцу сюды не дабрацца. Паабапал глухія балоты, дзе толькі дзікая птушка праляціць ды лесавая звярушка з купіны на купіну пераскочыць. Партызаны выкапалі зямлянкі, паставілі шалашы ад дажджу.

На векавой сасне, якая ўзнімалася над усім лесам, ставілі наглядчыкаў па чарзе. На сасне было буслава гняздо, вельмі зручна было чалавеку хавацца пад ім. І вельмі часта забіраўся туды Міколка і, прыслухоўваючыся да буславага клёкату, назіраў за лесам, сачыў за дальнімі дарогамі, якія відаць былі адсюль як на далоні. Часам прыходзілі сяляне і скардзіліся, што іх толькі-толькі абрабавалі немцы. Кідаліся ўслед партызаны, наганялі немцаў, раззбройвалі, адбіралі назад сялянскае дабро.

А кожнае ночы частка партызан рабіла налёт на маёнткі, давала «перцу» панам. Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Ён ужо нядрэнна трымаўся на кані, добра налаўчыўся страляць, седзячы на кані, з карабіна. Але адно, што турбавала дзеда, гэта яго няўменне абыходзіцца з шабляй. І так і гэтак практыкаваўся ён, але нічога не выходзіла. І нават тонкі дубец не паддаваўся адразу дзедавай шаблі.

- Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... - скардзіўся ён часам на сваё няўмельства Міколку.

І гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакі. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблі. Цэлымі гадзінамі сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калі толькі садзіўся на каня, усякі спрыт на шаблю праходзіў. А калі ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на кані, выйшаў адзін толькі канфуз. Разагнаў ён каня, выхапіў маладзецкі шаблю і ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзіне. Размахнуўся з усіх сіл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвіўся. Зірнуў тут дзед, а ў каня толькі адно вуха матляецца. І хоць з адным вухам конь, але такога вялікага спрыту ён набраўся, як сігане, як падскочыць ды, наставіўшы хвост пісталетам, як пусціцца ў шалёны галоп - у дзеда аж дух захапіла.

Імчыць дзед ні жывы ні мёртвы, толькі барада па ветру пасцілаецца. І ў пору яму крыкнуць «ратуйце», але ці старому артылерысту паратунку прасіць. Ухапіўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялікай бярозай. Так і ўчапіўся за сук, павіс на ім. Назіраючы за дзедавай джыгітоўкай, Міколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сіратой, а яму, Міколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся і, пад'ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезці на зямлю. Стары быў зусім разбіты, скардзіўся на паясніцу, але духам не падаў і ўрачыста тлумачыў Міколку:

- Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.

Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явіўся назад, з'явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:

- Што-та сталася з тваім стаеннікам?

Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:

- Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну... і адарвала слыхавы орган.

Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.

Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:

- Ці цэлы хаця сук той?

Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.

Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.