Выбрать главу

Велізарныя запасы хлеба былі звалены на станцыі, чакалі вагонаў. Стаяла некалькі дзесяткаў цягнікоў з хлебам, з жывёлай, з розным іншым дабром, награбленым па гарадах і вёсках. Не хапала паравозаў. А тыя, якія былі, псаваліся рабочымі. Немцы шалелі, наладжвалі зверскія кары.

- Не даць вывозіць хлеб! - пастанавіў падпольны бальшавіцкі камітэт.

Ад рабочых была выбрана спецыяльная дэлегацыя з трох чалавек. У яе ўваходзіў і Міколкаў брат, змазчык Павел. Дэлегацыя наведала нямецкі штаб, перадала патрабаванні рабочых да нямецкай арміі: мірна пакінуць горад і ехаць у Нямеччыну... Рабочыя згодны даць вагоны пад эшалоны. Пад хлеб, пад награбленае дабро рабочыя вагонаў не дадуць. Пад гэтыя цягнікі ніводзін паравоз не выйдзе з дэпо.

Такія былі мірныя патрабаванні ад рабочых.

Сівы падцягнуты генерал моўчкі выслухаў гэтыя патрабаванні. Ён доўга маўчаў, калі дэлегацыя кончыла гаварыць. І цяжка было даведацца па сухім, паголеным твары, аб чым думае гэты генерал, увешаны ордэнамі, звёздамі, рознымі шнуркамі і шнурочкамі. І толькі праз хвіліну важна падняўся ён з крэсла, важна падышоў да дэлегацыі, стаў бокам да старэйшага з дэлегацыі, да старога машыніста Арлова. Працадзіў праз зубы:

- Як вядома вам, я генерал арміі яго вялічаства імператара Вільгельма... Я прадстаўнік самай культурнай, самай перадавой у свеце нацыі. Вам павінна быць вядома, што з дзікунамі мы не размаўляем... Для дзікуноў у нас штык, кулямёты, вінтоўкі. Можаце дзякаваць мне, што я не расстраляў вас за абразу нямецкай арміі такімі ганебнымі, такімі дзікімі, такімі нечуванымі яшчэ ў гісторыі патрабаваннямі... Можаце выбірацца вон!

Відаць было, як генерал ледзь-ледзь стрымліваў гнеў. Суха паблісквалі яго шэрыя вочы, шчацініліся сівыя бровы.

Дэлегацыя не пайшла. Загаварыў стары машыніст:

- Выгнаць вон - гэта справа няцяжкая. Але ж гэта не вырашае справы. А мы, пане генерал, прыйшлі да вас не ў жарты гуляць і не аб дзікунстве спрачацца, дзе яно і ў каго... Аб гэтым пагаворым пасля. Мы яшчэ раз пытаем вас: згодны вы прыняць нашы ўмовы ці не? Калі не згодны, тады наракайце самі на сябе...

Што адбылося тут - цяжка апісаць. Куды дзеўся вонкавы спакой генерала, яго славутая вытрыманасць?! Ён зверам кінуўся на старога машыніста і люта ўдарыў яго па твары. Стрымаўся стары машыніст. Але не сцярпеў Міколкаў брат, малады змазчык Павел. Як стаяў поплеч з генералам, так і ўссеў на яго і біў, біў, забыўшыся на ўсё на свеце. Падскочылі ад'ютанты, сілком адцягнулі яго ад генерала. Паўла выцягнулі на штабны двор і тут доўга катавалі яго, пакуль ён не страціў прытомнасць. Усю рабочую дэлегацыю адвялі ў турму. А Паўла загадалі судзіць ваенна-палявым судом за знявагу нямецкага генерала.

Суровая вестка аб лёсе рабочай дэлегацыі маланкава абляцела ўвесь горад, дэпо, станцыю. І праз якія дзесяць хвілін трывожна гудзелі гудкі над дэпо, над фабрыкамі, над паравозамі. Паравозы выпускалі пару, тушылі топкі. Разыходзіліся з дэпо рабочыя, заварушыліся рабочыя баявыя дружыны. І калі вечарам намагаліся немцы штыкамі загнаць машыніста на паравоз і пусцілі ў ход зброю, каб рушыць першы цягнік, з дэпо, з-за вадакачкі пачуліся дружныя стрэлы. То рабочыя абстрэльвалі немцаў, якія рыхтавалі цягнік. На станцыю падышоў моцны нямецкі атрад. Ён адцясніў крыху рабочых, паспрабаваў адправіць цягнік. Але перад самым носам паравоза ўзарваліся выхадныя стрэлкі, паравоз зарыў носам зямлю, зашыпеў, абяссілены, загарадзіў чыгуначны шлях. Пачалася моцная перастрэлка. Немцы абстрэльвалі дэпо, кулямётным агнём прайшліся па рабочым пасёлку. Не здаваліся рабочыя, хоць і падаліся назад. Адступаючы, падпалілі нямецкія вайсковыя склады ля станцыі. Гарэлі і рваліся патроны, снарады, моцныя выбухі патрасалі паветра. Нават немцы прымушаны былі крыху адступіць ад станцыі, далей ад страшэнных выбухаў, пажару.

Раніцай падаспелі да рабочых партызанскія атрады Сёмкі-матроса. З гікам, са свістам імчалі наўскач смелыя коннікі, адрэзалі на ляту нямецкую батарэю і ўраз павярнулі гарматы на немцаў, на штаб. Немцы спешна адступалі ад станцыі, падаваліся ў горад, акопваліся на ўскраінах.

Пачаўся зацяглы бой. Ён ішоў то заціхаючы, то зноў узрастаючы, гарачымі перастукамі кулямётаў, залпамі карабінаў, гармат. Цяжка даводзілася партызанам. Прызвычаеным да боек у лясах, у засадах, ім нязручна было весці бой з пахаваўшыміся ў акопах немцамі, з буйнымі нямецкімі атрадамі, узброенымі бамбамётамі і гарматамі. Але і гэта не магло стрымаць іх, і групы коннікаў-партызан рабілі адчайныя налёты на нямецкія акопы і кулямёты. Не вытрымлівалі немцы, вельмі баяліся партызанскай шаблі, і то тут, то там рабілі яны перабежкі, адыходзячы далей ад штаба.

У смелым налёце на немцаў загінуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапіўшы нямецкі кулямёт, кінуўся ён за ўцякаўшым афіцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблі. І вось-вось ужо апусціцца гэтае джала на бліскучы лак імператарскай каскі. Аж прыціх Міколка, назіраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не параніць сваіх. Уздыбіўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афіцэра... І глуха войкнуў Міколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афіцэр, стрэліў з упору... Скочыў конь ашалелы. Нахіліўся Сёмка, апусціў галаву на пахучую конскую грыву, рукі апалі, і ўвесь ён стаў хіліцца набок, усё ніжэй і ніжэй... Бачыў Міколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю і ціха дзвынкнула, загайдалася, устроміўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік...

Прайшоўся далонню па спацеламу твару Міколка і націснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад ім. Грымеў кулямёт. То Міколка спраўляў памінкі па старэйшаму таварышу, па любімаму партызану, прыяцелю. Не стала афіцэра. Але не ўстаць з зямлі і Сёмку-матросу, і далёка-далёка адкацілася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сіняе мора, бачыла вольныя караблі, неразлучнай была з чалавекам, які жыццё любіў і ведаў цану чалавечай нянавісці і любві.

Так загінуў Сёмка-матрос.

Камандаваць боем стаў дзед Астап. І дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў ісці на перамаўленні з рабочымі, як адбыліся падзеі, адразу пагоршыўшыя для рабочых і партызан вынікі бою. Дзед Астап пачуў свісткі паравозаў. І, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.

- Дрэнна, браты! - сказаў ён. - Памыліліся мы крыху... Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць... Немцам ідуць падмацаванні, вунь іхнія эшалоны.

Павярнулі гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылі горад, абыходзілі станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалі насядаць з бакоў, захапілі ўжо некалькі дзесяткаў чалавек у палон.

Тады падышоў да Міколкі дзед, загадаў:

- З кулямётамі мы самі ўправімся... Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупіку на паравозных могілках схаваны намі пасажырскі паравоз. Ён стаіць пад парай. Дык гані на ім да чырвоных... Вёрст пяцьдзесят да іх будзе, яны павінны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасі дапамогі. Не дамо немцам награбленага дабра!

Як ветрам падхоплены, імчаў Міколка. Вось і тупікі. Вось і паравозныя могілкі. Стаяць на іх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскія, таварныя, манеўровачныя, «кукушкі». А вось і жывы паравоз. Прытаіўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогі прыгажун пасажырскі. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабін.

Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад ім, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахіляюцца бярозы, і іх шэпт кучаравы зліваецца з гарачым дыханнем машыны.

А паравоз імчыць.

Толькі і чуваць: ча-ча-ча... ча-ча-ча...

Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвіваюцца клубы пылу ззаду - нічога не відаць там у дыме, у пыле.

Вось і суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.

«Каб жа не затрымалі!» - адна ва ўсіх думка.

Трывожна загудзеў паравоз і, не збаўляючы ходу, імчаў на закрыты семафор. Замітусіліся рабочыя там. Бачылі - здарылася нешта дужа важнае. Перакінулі стрэлкі на галоўны пуць, і паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Нямецкі патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькі стрэлаў. Але дзе ты вецер дагоніш!