Выбрать главу

Сяргей углядаецца ў гэтыя валасіны і ўсміхаецца сваёй думцы:

«Ну й безлюдзь, і лескі і тае не скруціў бы», - і, зірнуўшы на свае вудзільны, кінуўшы вокам на рэчку, адказвае чалавеку. Адказвае з прыскокам, з захапленнем, адразу кідаючы цэлую жменю слоў, аб якіх ён бадай і не думае.

- Што як жа? І чаму як жа? Аб чым гэта вы? І чаго гэта вас, дзядзька Іван, узнясло гэтак рана? Хіба ж то справы якія?

І Сяргей аж адступіў на два крокі, каб стрэсці аб мокрую траву пясок з сваіх бліскучых ад расы атопкаў.

- Ды ты, пане Сяргей... ды ты пастой... Я вось пытаю, бачыш, пытаюся ў цябе: чаму ты на рэчку ідзеш, ці ў цябе ж няма другога клопату, ці ў цябе дзяцей, скажам, нямашака?

- Дзяцей? Шчэ колькі на маю галаву гэтай затлумы.

- Дык от я і кажу: дзяцей у цябе, можна сказаць, плойма - поўна хата пуплоў. І пакарміць яно кожнага трэба, канешне, трэба. Ды й адзежу, ды й абутак сякі-такі згораць... А там зіма неўзабаве... А хіба ж яно гэта ў цябе, як у людзей... Вунь людзі на касавіцу пайшлі... Вунь я калі яшчэ ўстаў, але дай, думаю, прайдуся на тыя беражкі гнілыя, бо, крый Божа, і выжнуць табе. Скасіць не скосяць, а бабы ношкамі пазносяць, павытапчуць больш. Панадзіліся вунь караўчанскія бабы, ды ўсё ў мой лог... Дык я сабе іду дый аб справе думаю... А куды яно табе патрэбна тым часам... Узяў бы касу - гэткі жа ты нязломак - ды ў рад да ўсіх, як і ўсе добрыя людзі. І ў цябе ж не абы-што, а сякі-такі шнур ёсцека... А з сваім управіўся - да людзей. А хіба, скажам, у мяне не знайшлося б працы табе. Вось хоць бы зараз, пайшоў бы да папакошваў трохі - ці мне ж з Напрэем аднаму ўправіцца?..

- І-і... дзядзька Іван! Наліха ж яна здалася мне, касавіца тая? Ці ў мяне коні ці каровы, авечкі? Дый пожанька ў мяне, ат, пуп прыкрыць камарыны, - і ўзяў бы касу, ды суседу ногі падрэжаш.

- А дзеці?

- Пры чым тут дзеці?

- Аб зіме, чалавеча, дбаць трэба. Вось чуў жа я, і не асеяўся ты...

- Уга! Толькі й бяды... Абы ў людзей было.

- Хоць бы бульбіну якую ўкінуў...

- Уга! А ў людзей капцы навошта? Будзе ў людзей - будзе і ў мяне.

Дзядзька Іван маўчыць. Ён не ведае, што сказаць, аб чым запытаць болей. «І не зломак, здаецца, але ж бачыш жа, такая ўжо людзіна няўдалая... А шчэ жаніўся чалавек, можна сказаць, жонку ўзяў... Дзіцяняты гэтыя самыя... ні андарачка табе, ні каб жонцы пярэднік да свята, ат, грэюць свет пузам... Людзі, каб на вас нарад...» Іван узіраецца ў дзіравыя Сяргеевы лахманы, на штаніну, дзе скача дзірка на дзірцы - вунь зусім калена голае.

- Ну, дык мо які дзень і прапрацуеш у мяне... з касой... Гэта я так ужо, кажучы да слова, бо ўчора трапілася жонку тваю пабачыць...

- Ага... - адказвае неўпапад Сяргей, які думае зусім аб іншых справах. «Вось прычапіўся, смала... І чаго яму трэба? Нашоў дурніцу... Уга, гэта табе не караўчанскія бабы, што за пазаддзе жалі. Але ж і на рэчку час. Мо што і трапіла за ноч».

І ўголас адказвае:

- Не, дзядзька Іван, нязручна мне, бачыш... Дый не паласа... Пашукайце ўжо іншага якога чалавека...

- Дык не пойдзеш?

- Ды ўжо ж так, дзядзька Іван, не прыпадае мне на працу ісці. Вось я на рэчку зараз, а там, дзівіся, за ноч і трапілася часам на шнур што-небудзь: ці шчупак, а то і мірон часам. Што ні што, а хунтаў на дзесяць павінна быць, няхай я з месца не крануся... А будзе што, адразу да Ёселя - дачнікаў цяпер панаехала... вун у хвойніку, дык пад кожным дрэвам аж плоймы. Абы лавілася рыба, дык будзе і хлеб...

- Дык ты б хаця паспытаць калі рыбіну б якую прынёс?

- Паспытаць? Чаму не... Вось я зімой вуюноў раз насмыгаў, дык жонка поўныя начоўкі набэхала, ды шчэ ў дзежачку... Ну, крыху пасмажылі, пасушылі вун колькі і елі ж, елі, можна сказаць, не ў жадобку елі. Ды шчэ людзям колькі ў Піліпаўку параздаў... Чаму ж і не паспытаць, уга...

«От, боўціла!» - думае дзядзька Іван, думае маўклівыя думы. Абодва маўчаць, і неяк нязручна разысціся. Разысціся не дагаварыўшыся.

З маўклівасці выводзіць Лаўрэн. Ён варочаецца дахаты з свайго рачнога логава, дзе пільнуе ён семафоры ды разам ужо і сялянскія паплавы.

- Ну, дык гэта вам дзень добры, ды з раннем вас, ды з якім яшчэ раннем! Расіцу, бач, Бог паслаў, вастры касу ды не давай спуску. Надвор'е, мае вы браткі, толькі на сена, прайдзі разок, варухні грабелінай ды на воза кладзі. Бачыш, сонца якое ўзышло... А ты, браце Сяргей, спяшайся, спяшайся, браце... Еду я каля зялёнага камення, дзе ты ўчора шнуры ставіў, дык, браток мой, як целяпнецца нешта, няйначай, сом... Сом не сом, але ж нешта табе прыдбала...

- Ты напраўды, дзядзька?

- Ну, а ты што думаў, каб я гэта ды на праваслаўнага чалавека чмуту наводзіў. Кажу ж табе праўду.

- Ну, дык я еду... Я ўжо твайго чаўна, дзядзька Лаўрэн, вазьму, бо мой, каб ён згарэў, прарашэціў крыху, засмаліць трэба...

- Ды ўжо ж, вазьмі... Вясла не згубі толькі, ды потым схаваеш у лажку, ды туды, дзе я кладу заўсёды. Ды што я хацеў сказаць табе? Ага-а... Ці не ўзяўся б ты сёння фашыны папраўляць? Бач, размыла крыху, на быстраку.

- Няма часу, нямашака, дзядзька Лаўрэн, мо другім часам... - і Сяргей завіхаецца ля чаўна, бразгае сваімі бляшанкамі ды іншым якім начыненнем рыбалкавым.

- Ну дык хіба пойдам, пане Іване, у адну дарогу?

- Да яно ў адну...

Іван Цыбал ідзе ўперадзе па вузенькай сцежцы і старанна абыходзіць высокія сцябліны травы, каб залішне не ўмачыць адзежы. Лаўрэн не адстае і стараецца ісці ў нагу, паспяваць разам з павольнаю, але цяжкай ступою.

- Дзівак!

- Гэта вы пра каго, пане Іване?

- Ды пра Сяргея... Нялюдскі ён...

- Чаму?

- Ды так... Ну, хто гэта бачыў, каб у такі час, у та-а-кі час ды цягацца вось з вудзільнамі. Можна сказаць, гібее чалавек.

- От, гэта вы правільна сказалі: гібее чалавек і сям'я гібее.

- Дык вось я к таму і кажу... А тут я працу яму даваў... Пакасі, кажу, дзень які, усё ж сёе-тое і заробіш, і дахаты прыдбаеш.

- Ну...

- І дзе там, з працай да яго і не прыступу. Ні сабе карысці, ні людзям... А пасаромеўся б хаця...

- Нішто як не ад Бога... Такая, пане Іване, планіда ўжо ў яго, такі ўжо ён урадзіўся. Мне анодысь бацюшка сказаў. Бач, я на сыноў на сваіх скардзіўся... Дык ён і кажа: «Грэх, чалавеча, на жыццё крыўдаваць. Калі Бог захацеў так, нічога не зробіш, цярпі, цярпі і на Бога думай, ён табе ўсё гэта ў свой час прыгадае».

- Ну-у... - і нельга было зразумець: ці згаджаецца дзядзька Іван з Лаўрэнавымі думкамі, ці от проста так, каб не маўчаць, выціснуў з сябе гэтае слова. І ўжо калі падышлі да загумення, Іван павярнуўся на хвілінку якую да Лаўрэна, каб выказаць некаторыя свае думкі, якія ніяк не месціліся ў галаве, чакаючы выйсця.

- А я і кажу яму: папакашвай вось дзён колькі, усё ж сёе-тое ты і заробіш...

- Ды ўжо ж... - кінуў у сваю чаргу Лаўрэн і накіраваўся ўбок, на свае агароды. І калі пералез праз плот і спугнуў з канапель вераб'іны статак, тады толькі працяг сваю думку: - Бач ты яго, міласэрны які знайшоўся - папрацуй у яго дзён колькі... А запытаць бы ў цябе, а колькі ты плаціць будзеш, дый ці выскрабеш з цябе плату тую...

3

Людзі жыліліся, аж пот цурчэў з спацелых твараў. Узнімалі за рукі і ногі і ўскідвалі гэта змякчэлае і такое падаткае цела і, як па камандзе, кідалі ўніз на бярвенні. І быў прыглушаным і, здаецца, нейкім шурпатым гук, калі падала цела на шурпаціны хваёвай кары. І злёгку, злёгку гудзела бярвенне. Людзі змарыліся, і па ўсяму відаць было, што пачалі яны даўно.

- Дыхае яшчэ, гад...

- Дыхае! А вы яго бокам, бокам ды на сукі тыя...

Білі бокам. Апускалі грудзьмі. Давалі выспячча, каб жа быў весялейшым. Білі і прыгаварывалі:

- Гэта табе за крупы, за Ганніны...