Выбрать главу

- Ух ты... - вырываецца ў Хвядоса, і сам ён не ведае, што ў гэтых словах хаваецца. Дзіва, сена колькі таго аднаго. На ўсю зімку хопіць, ды прадаць яшчэ колькі можна, ды пазычыць там на адработ. Латва з гэтымі салдаткамі, ты ёй бульбы пуд, а яна і стараецца, душу сваю перад табой пакладзе, бо ласку тваю, дапамогу тваю адчувае... Але й сумна крыху. Не ў сене ж, не ў бульбе адной услада тая чалавечая... Вун квактуха сядзіць, стары вылівак... Адны косці... Вядома, у гаспадарцы яна свой чалавек, найлепшы дапаможнік і саюзнік твой... Хто, як не яна, лепш ад усякіх зарубак памятае, каму і што пазычана і хто колькі павінен прынесці і прывезці: ці то бульбы асьміну, ці ячменю пуд, ці гарнец тых канапель... Сядзіць, як квоктала, над скрынямі ды над кубламі. Але...

Вільгаццю павеяла з Дняпра. Вечарэе. За алешнікам Настуля капу складае, толькі й мільгацяць яе анучы белыя. Сур'ёзная маладзіца, не тое што другія, якія на хлапцоў квапяцца. Да яе не падступішся. І крамяная маладзіца. Ох-хо-хо...

Прыемнай стомай млеюць плечы, гэтак соладка пацягваюцца. Каб жа ды нікога поблізу тут... І аглядваецца, як воўк, Хвядос. Не відаць, усе за алешнікам. Ціха падкрадваецца.

- Дапамагчы, Настулька, змарылася! - шэпчуць перасохлыя вусны.

- Ды што вы, дзядзька Хвядос, якая тут змора. Сена складаць - адзін адпачын.

- Дык я ўжо табе пасаблю крыху...

- Ды навошта?

- Ну, ну...

Хвядос зграбае сена і стараецца разам падносіць да капы. Вось кладзе яна пласт, умінае яго граблямі, усклаўшыся ўсім тулавам на край капы, аж бялеюць лыткі яе паверх высока закручаных ануч.

- Дай от я ўвамну...

Кранаюцца рукі дзябёлага цела. Дыхае цяжка і засаплася ад абярэмка. Кружыць пах голаў, і колюць твар сухія сцяблінкі асоту, ды пяршыць у носе свежы сенны пыл, от жа хочацца чыхнуць так, каб на яго нарад.

- Настулечка, слухай... - задыхаецца Хвядос, схапіўшы яе адзаду за рукі і налягаючы на яе ўсім сваім грузным целам. Ссоўваецца край капы і спаўзае кудысьці набок. Здалёк ледзь-ледзь даносяцца галасы грэбшчыкаў.

- Дзядзька, а дзядзька, што гэта ўссела на вас, хіба то з розумам...

- Ціху, Настулька, от жа ўсім пасаблю, чым хочаш...

- Адчапіцеся ж адразу, а то людзей паклічу. Бач ты яго, збязулеў на старасці... Вот, вот, крыкну...

Хвядос шырокай далоняй - цёплай, пухнатай - закрывае рот Настулі, прыгінае долу яе голаў, падгінае пад пахучую капу і раптам адскаквае як уджалены, хапаецца ротам за палец.

- У-у... язва, паскудніца... Вот павыбіваю зубы.

- Ану паспробуй... Бач ты яго, да чаго дайшоў. Да жонкі ідзі вунь, калі прыспічыла...

- Пашкадуеш яшчэ...

- Ідзі, ідзі, распуснік, а то аперажу грабільнам так, што не ўстанеш. Забаўку знайшоў! Калі ў мяне чалавека няма, дык думае, і ўзяў... Юр на яго напаў, скажу вот людзям. І дзе тыя вочы падзеліся, сораму не бачаць...

- То ж гадаўка, і зачапі яе... Ты ўжо ў мяне пастой, пачакай. Пачакай, пачакай, ты ў мяне дачакаешся...

- Ідзі, ідзі, цокала старое, пакуль грабільна аб твой хрыбет не апаганіла!

Падлыпаў Хвядос да баб, як воўк з хрыбтом перабітым. А тут яшчэ лягушкі дражняцца: ква-ква-ква... сівая галава...

- Ну і шэльма, увесь палец скрывяніла. Пастой жа, узнаеш ты маю ласку!

І ўвесь вечар як пабіты хадзіў Хвядос. Соваўся з кута ў кут, без дай прычыны вытнуў сабаку, прывязанага да дроту, што йдзе аж да клеці і па самыя ганкі. І доўга скавытаў той у будцы, ліжучы выцятае месца. Аблаяў апошнім словам парабчанку Хадоссю за тое, што не патрапіла ў час карэц вады падаць, каб памыцца перад вячэраю.

- І дзе ты там цялёпкаешся, рабуха, па смерць хіба пасылаць толькі!

Вячэраў моўчкі. Вытнуў лыжкай па лбу меншага сына, калі той пачаў бурболіць у лыжку. Той аж заліўся крыкам, нарабіўшы гармідару на ўсю хату.

- І шалёны ж нешта, усхадзіла цябе нялёгкая... - буркнула старая, уціхамірваючы малога. Угледзеўшы перавязаны палец Хвядосаў, запытала: - Дзе ж гэта собіла так?

- Еш ты ўжо, пудзіла старое...

Канчалі вячэру моўчкі. Канчалі і разыходзіліся кожны па сваім кутку. Хвядос пайшоў начаваць у пуню.

- Падушку ўзяў бы хаця...

- Пад сябе падсцілай, табе ж усё мулка...

- А каб табе, мой Божа, ды сапраўды замуліла!

- Ціху, ціху ты...

- А вось і не сціхну!

- Ну, ну...

- І нечага нукаць там, знайшоўся нукала...

- Падперажы язык!

- А каб цябе ўжо радзімцы спяклі, то ж мая галованька непрыкаяная...

- Пайшла ўжо, рассыпалася, паехала... - мармытнуў Хвядос і выйшаў за дзверы...

ЧАСТКА ДРУГАЯ

3

Сабіраліся часта ў Івана Іванавіча пакурыць, а то і проста так пасядзець, пагутарыць, навін якіх тых паслухаць, бо траплялася часамі газетка якая ў каваля, часта ён горад наведваў. Заходзіў звычайна Напрэй Казёл, Валодзька-пастух - калі вольны ад працы. Заходзіў Аніс-шахцёр, заглядаў часам канавал Зміцер ды сія-тыя з лазакрутаў, маладзейшыя каторыя.

Іван Іванавіч рабіў па вечарах у хаце ўсякую дробную работу: то карэц запаяць, то ключ зрабіць новы, паправіць замка. Усякую работу, дзе не трэба ні накавальні, ні горна. Для паяння ж ён прыладзіў нават невялікі горн, дзе прыладжана было старое калясо ад веласіпеда і да гэтага каляса прымайстравана адмысловая ручка. Калясо круціцца, а па ім бяжыць раменны пасак, дык круціць у бляшаным барабане паддувальнае кола, якое і наганяе паветра ў горн. Крутнуў разы са два - паяльнік як след.

- Анжынер наш, адно слова, - кідае Валодзька-пастух, трымаючы ротам кавалачак паперы на цыгарку, бо рукі заняты развязваннем капшука, - а ці змог бы ты, Іван Іванавіч, ну, скажам, машыну пабудаваць?

- Не... што вы, дзядзька Ўладымер... Голымі рукамі машыну не пабудуеш, на гэта завод патрэбны, анжынеры патрэбны, зноў жа тэхнікі там...

- Дзіва што... быў я вот у нядзелю ў горадзе, дык там такую машыну паставілі, што ўсю газу адмяніла. У кожнай гэтай хаце лямпкі такія адмысловыя, а да іх дрот. І гарыць, і як яшчэ гарыць...

- Я ж таксама ў Кацярынаславе бачыў, калі ганялі плыты мы пазалетась. Дык там таксама па дроту, - дадае Напрэй Казёл. - Мусіць жа, ён дуплінаваты, дрот гэты. Ну і цячэ па ім што-небудзь і гарыць у гэтых самых лямпках. Дзіва-то, да ўсяго дадумаюцца людзі. Я шчэ маленькім быў, калі гэтыя самыя газавыя лямпкі з'явіліся. Тады шчэ з лушнікамі жылі мы, вісіць вот у кожнай хаце боўціла такое, на ўсю хату, не павярнуцца... Колькі тае кудзелі пасмалілі дзяўчаты ад лушнікоў гэтых. А лямпак браць не хацелі: «Чорт мо выдумаў яе, а ты палі». Ну ды і зноў жа прамудрасць з гэтым паленнем, дый газу купляць трэба. А смалякі не куплёныя... Цяпер-то яно, канешне, і смаляка часам цяжэй дастаць, чым газы той фунт. Ды і святлей яно з лямпай. Памятаю, як купіў поп лямпу, тады пачала і вёска купляць. А цяпер дык яно ўжо й не дзіва. І колькі гэта лямпаў розных развялося. У школе вунь вісіць у класе, дык, мусіць, па хунту за вечар жарэ, газы гэтай. Каб, скажам, у хату, дык гаспадарку звяла б усю. А цяпер, бач, па дроту. Няйначай дуплінаваты...

- То, дзядзька Напрэй, не дуплінаваты, а звычайны дрот. І йдзе па ім электрычнасць. Ну, як бы маланка тая. Канечне, яе і не ўгледзіш, электрычнасці гэтай, але як дойдзе яна да танюткіх дроцікаў у лямпе, дык дужа гэта яна іх напальвае. Яны і свецяцца, таму і святло, і зыркае святло. Ды вот я пакажу вам электрычнасць гэтую самую.

Іван Іванавіч дастае з шафы некалькі батарэек для кватэрных званкоў, якія папраўляе ён для фальварка. Прыладжвае некалькі дроцікаў.