- То ж чамярыца на іх, вымерхаваліся ўжо, дзе ты на іх набярэшся... Дзверы і тыя сарвуць...
І Настуля, падаткнуўшы падол старога андарака, завіхалася ля печы, дзе парыліся чыгуны бульбы. Больш вот для свінні, для парасят, для цялушкі крыху, а менш для сябе - паронкі. Дзеці коўзаліся на падлозе ў мыцельніку. Старэйшы кідаў у цэбар з памыямі трэскі - плыты ганяў, ды назаляў Настулі, штораз цярэбячы яе за спадніцу:
- Мам, а мам...
- Чаго ўжо табе? Ах, каб на цябе немач, усю кашулю ўмачыў, цячэ аж...
- Дай клубок, мамка, плыты вязаць...
- Вот я ўжо як аперажу цябе матузом, дык ты ў мяне будзеш ляжаць як звязаны...
- Дай, мамка, нітку...
- Адчапіся, назола, дай вот снеданне прыгатую, - і Настуля хапала малога на рукі, і, трымаючы яго пад пахай, выкручвала кашулю, і, даўшы добрага шлепанца, пускала на падлогу. Меншая вазілася з кацянятамі, ціскала іх, цягала за хвост, карміла бульбінай. Тыя мяўкалі жаласна ды капушыліся ў начоўках, тычучы адно другога мяккімі, пухнаценькімі мордачкамі. Паводдаль сядзела старая кошка і раз-пораз пазірала сумнымі вачыма то на начоўкі, то на Настулю. Ды падыходзіла часам да начовак, абнюхвала якое кацянё, старанна аблізвала яго ды пачынала мяўкаць на ўсю хату.
«Іш ты яе, жывотнае, а не кажы ж ты, матка як-ніяк, разумее...» - думалася Настулі, і яна кідала дзіцёнку:
- Ты вот, Ганначка, кінула б ужо іх, навошта ціскаеш так... Кінь, дачушка...
А на двары мычэла пад вакном цялушка-пералетак, і новыя думкі ўкліньваліся ў Настуліну галаву, не давалі ёй супакою, адпачынку.
«Управіцца вось ды схадзіць хіба ношку травы якой прынесці, у ярыне назбіраць, бо дзе тая трава на паплавах, пакасілі ўжо... І столькі ж клопату, вечна галава забіта, дзіва-то, без гаспадара: і пасей, і пажні, і пакасі, аб гумне падумай, каб пусціў хто колькі тых коп злажыць... Дый бегай, кланяйся, каб хто змалаціць пасобіў... Ды не дарма ж усё - вот адажні, прыйдзі бульбу капаць, прыйдзі лён трапаць па восені, вытчы трубку кужалю. Табе на грош, а ім вот на рубель адрабі, дзіва-то, ласыя на чужыя рукі. І петуйся дня і ночы, а з'есці калі, дык вось душыся паронкамі, душы дзяцей нішчымніцай. Нарабілі вось, каб на іх немач, вайны ім захацелася, каб яна ўжо, даруй Божа, у горла колікам ім...
А каму ім - хто яго ведае... Казалі вот людзі - германцы на нас насядаюць, душаць людзей, страляюць, газы тыя пушчаюць. І хто ведае, чаго гэта яны на нас так уз'еліся, хіба ім мала зямлі сваё, цары мо пасварыліся? А з чаго б ім сварыцца, здэцца ж, не ім аб паранках думаць, аб бульбе той з шалупаямі.
- А можа, гэта грэх пра цара ды так думаць? Хіба здарма вот і ў малітве пра цара гаворыцца, пра «гасудара нашага Мікалая Аляксандровіча»... Відаць жа, што нездарма, вот жа й на партрэце ізноў.
На заседжанай мухамі фатаграфіі сядзіць на чорным кані ён, Лявон... Узняў шаблю ўгару, а конь на дыбкі, грае бліскучымі вачыма, белыя шчоткі на капытах... І прыгожыя штаны ў Лявона, сінія-сінія... Ды па іх канты чырвоненькія, ды чырвоныя грудзі, а колькі шнурочкаў розных ды з круцёлачкамі бліскучымі. А шапка, шапка з белым арлом, шнурок ад яе аж на грудзі, да гузікаў. Вочы ў Лявона - глыбокія і чорныя. Вось так і ўзіраюцца ў цябе, нібы пытаюць:
- Ну, як пажываеш, ненаглядная супруга мая Настуля? Як нашыя дзеці?
А ўнізе незразумела так, літарамі залатымі - покуль прачытала, язык дуб дубам: «Лейб-гвардыі яе імператарскае вялікасці Аляксандры Фёдараўны ўланскі полк».
Царыца то. Казаў вот, як на пабыўку прыязджаў. У цара, казаў, яшчэ шмат палкоў усякіх, ды вялікая армія, пяхота, анцілерыя там, ды шмат яшчэ чаго...
Як прыязджаў, бегалі ўсім сялом услед, дужа ж тую форму ўпадабалі, важнецкая форма. «Ляпей, як у афіцэра», - казаў дзед Панкрат, стары салдат мікалаеўскі. А Змітрачыхін Панас - прыязджаў разам, - дык той, мусіць жа, ад зайздрасці дзеду Панкрату:
- Ты не глядзі, дзед, на шапку бліскучую... І яны чэсць аддаюць афіцэрам нашым... пяхотным...
Дзе ты тут разбярэш. Канечне, салдат... Вот жа й адрас салдацкі з уланскага таго палка. Ростам быў высокі, таму і ў уланы забралі - так казалі людзі. Настуля бярэ за карткай стопку шэрых лістоў і, старанна пералажыўшы іх, кладзе зноў за партрэт.
- Сніўся вот пазаўчора. Нібы на пабыўку прыйшоў, а я нібыта проса сушу на печы... Каб жа то спраўдзілася! Але што ж гэта я, чыгуны павыплывалі, хіба таўчы ўжо. Ды ціха ты, неўгамонны... Бач, моду знайшоў, чуць што, дык і біцца. Малое, а ўжо з кулакамі лезе, сястру крыўдзіць... Падай вот таўкач лепш.
Бульбяная пара засцілае ўсю хату, расою кладзецца на замурзаныя шыбы акенца, ды, пачуўшы едзіва, яшчэ больш скавычуць парасяты за дзвярмі ды ходарам ходзяць дзверы пад напорам свінога лыча.
- Нішто вам, вытрымаеце, вот укіну яшчэ мякіны крыху, дзе на вас бульбы адной набярэшся... Ну, хіба ўжо... ідзіце, дзеткі, падалей. - Настуля адчыняе дзверы, і ў хату трухам кідаецца свіння, аж пасклізаецца на падлозе, і, усадзіўшы лыч свой па самыя вочы ў карыта, хапае на повен рот, аж трасуцца парэпаныя вушы ды ходарам ходзяць па баках сухія рэбры. За свіннёй кідаюцца навыперадкі парасяты і з візгам і скогатам ваююць за месца ля карыта, адштурхоўваючы адзін аднаго, кусаючы адзін другога за лыткі... Але старая свіння наводзіць парадак: таму дасць лыча ў бок, таго адштурхне нагой, таго так перакуліць, што аж заліваецца, скуголіць ды асцярожна прабіраецца да карыта.
- А ты чаго? Ідзі-ідзі, кажу, адтуль.
- Ды я, мамачка, шчаціны нарву, на хібу вот, каравачнік цукерку дасць.
- Я вот табе дам цукерку, цукерачнік, - злосна абзываецца Настуля, адцэджваючы паронкі, - ідзі вот снедаць.
Паснедаўшы, збіраецца Настуля па траву схадзіць, але яе думкі перабіваюцца стукам у акно. Відаць, соцкі, па барадзе яго распазнаеш.
- Дык на сход, Настуля, на сход сабірайся.
- Дужа мне там вялікі клопат, мая-то там справа?
- Не, не... Абавязкова. Нядоімку прыслалі спаганяць... дык не баўся хаця.
Нібы белы свет памутнеў, счарнела ў вачах адразу. Дзе ты возьмеш нядоімку тую... Спасобія таго хаця б на крупы хапіла. Хацелася б вот у панскае калі схадзіць, зарабіць залатоўку якую, дык дзе ты тут з дзецьмі ўправішся... Пазычыць у каго? Ды дзе ты, у каго? Кожны без капейкі лахае. Хіба ў старасты? Дужа ён табе раскінецца... Уга... І пытаць не варта, у кобеля ў гэтага, дый за бульбу яму шчэ не плочана. Не, трасцы, не дачакаецца, каб гэта... - і Настуля з агідаю ўспамінае яго прыставанні на пожні, яго скрыўлены злосцю твар, асклізлыя шчыліны воч, гарэўшыя звярыным палам. Уга, не на тую напаў. Шолудзь.
Калі Настуля разам з другімі бабамі-салдаткамі падыходзіла да стараставай хаты, там ужо збіраўся сход і тлум галасоў поўніў усю вуліцу. Збіраліся на бярвенні. Хто сядзеў на хваёвых стараставых крыжыках, хто вот проста так на трэсках, на шуме тым ад кары ля бярвенняў прымайстраваўся. Іншыя стаялі паўкружка, гаманілі, збіўшыся паасобнымі купкамі.
- Уга, армія прыйшла, дывізія бабская ў паходзе, шабеты цягне з грашмі, - жартуе, шамкаючы бяззубым ротам, дзед Панкрат.
- А ты вот падстаўляй кішэні, прыпаслі для цябе, для бяззубага... - у тон адказвае ўдава Барташыха. - Бач ты, выскаляецца, а з самога ўжо пясок сыплецца.
- Цыц ты, цыц! Зачапі яе, дык яна табе нагаворыць...
- А ты іх, браце Панкрат, не чапай, яны цяперачка, уга, дужа ж ужо злосныя, пападзіся адзін - на кавалачкі раздзяруць... Дзіва-то, без мужыкоў ходзяць, - уторыць Панкрату яго прыяцель дзед Сымон, і яго выцвілая казліная бародка трасецца ў такт рогату. І не рагоча, а вот проста так: кхе-кхе-кхе... Ды закашляўся вось і папярхнуўся і зайшоўся аж, ніяк не можа адхыркацца, аж сінее стары ды ўсё - кхі-кхі-кхі...
- То ж пярхун стары... У дамавіну пара, а ён яшчэ ў жарты ўкінуўся...
- Ды вы ж... кхі-кхі-кхі...
- Маўчаў бы ўжо, кігыкала старое, сівы корч...
Сход рагоча, спачуваючы бабам, - дужа трапна старога падкалолі. Рагоча і ўраднік, маладым салдаткам падміргвае, хвацкі падкручвае зусім вот жоўтыя, як у пруса таго, кончыкі вусоў ды хвастае бізуном па наваксаваных халявах шчыгульных урадніцкіх чабатоў.