Выбрать главу

- Бач ты, пузан! - перашэптваюцца бабы, тулячыся адна за другую.

Сход рагоча, усміхаецца кожны, а ў каторага на душы кошкі скрабуць: як то яно будзе, чым яно ўсё ды абыдзецца. І больш гэтай разгубленасці, перапалоханасці на тварах у салдатак. Усе пазіраюць украдкі на старасту, на ўрадніка, на заклапочаных і збянтэжаных соцкіх - дзіва-то, абяжы ўсе вуліцы - і чакаюць, калі вот пачнуць гаварыць аб справе.

- Ну, дык хіба пачнём, стараста... Ну, там каторыя бабы-маладзіцы, змоўкніце хаця ўжо, а маладзейшыя марш адсюль адразу ж... Давайце, хрысціяне, пачнём сход. А справа ж вам вядомая. Я вось старасту загадаў, каб ён праз соцкіх паведаміў усіх, каб зараз жа нядоімкі неслі. Калі-то быў час другую рату плаціць, а хто з вас хаця б паварушыўся. Дык вось у дваццаць чатыры хвіліны, каб гэта, значыцца, грошы ўносілі, і ніякіх там разгавораў. Дык так што, хрысціяне, стараста вось па чарзе выклікаць будзе па спісу, а вы рыхтуйцеся... Ды ў дваццаць чатыры каб мне хвіліны, і ніякіх там разгавораў... А калі хто ў няспраўнасці акажацца, худа таму, вось жа раней, кажу, няхай тады на сябе пяняе, калі апішам што...

- А вот жа хваробы вам, трасцы вам, а не грошай, - раптам прарывае Барташыху. - Каб жа духі з вас павыцягвала, як цягнеце вы з нашага горба. Бач ты яго - дваццаць чатыры хвіліны... Мой сын вот трэці год як вошы корміць у акопах, ды вот і да меншага дабіраюцца... Дык дваццаць чатыры... Скулы вот табе дваццаць чатыры, бач, разгадаваў пуза!

- А ты, цётка, прывяжы язык за штакеціну, пакуль не позна. Дужа ён у цябе порсткі, - адказвае ўраднік і не падкручвае ўжо, а нервова шчыпле вусы. - Ты вот пацякла, як дзяжа тая, і пайшла языком мянціць: латата, латата, глядзі, лапатух нагоніш... А што і да чаго - і не дабярэш. Ну, служыць твой сын і няхай служыць. На тое ён салдат, на тое і прысягу царскую ён прымаў, каб веру сваю, цара свайго праваслаўнага ды айчызну-матушку ад ліхіх ворагаў аберагаць. І пры чым жа тут падатак... Патрэбны грошы дзяржаве? Патрэбны...

- Дык няхай і возьме...

- Дзе ж яна возьме?

- А дзе хоча... Пры чым тут мы? - чуюцца нерашучыя галасы з натоўпу.

- Дужа мне тут з вамі разгаворы разгаварываць... Сказаў, і каб ні гу-гу... Каб зараз жа было ўсё выпаўнена. Ды пажывей. Выклікай, стараста!

А сэрца так і заходзіцца ў Настулі, калі ўсё бліжэй і бліжэй яе чарга па падворнаму спісу. Вот ужо Іван Цыбал доўга поркаецца ў сваёй шабеце ды, адвярнуўшыся, шукае, каб адабраць больш старыя, самыя трухлявыя, дзіравыя траячкі і рублі. Аж сапе небарака.

- Эге, нешта й вы, дзядзька Іван, падкульгалі. Што ж гэта? Заўсёды такі спраўны, а тутака аж дванаццацера рублёў, - пытае ўраднік.

- Няўпраўка бачыце, пане ўраднік... Ізноў жа сена тут падышло, не было часу, - і, аддаючы грошы і шкадуючы іх, Іван думае аб будучых барышах на сене з панскае пожні: «Уга, у дзесяць разоў назад вазьму, з гакам, можна сказаць, пакрыю, але ж, канечне, і рубля шкода, на дарозе ён табе не валяецца... а капейка да капейчыны...» Аж уздыхнуў.

Ужо плачуць некаторыя маладзіцы: будуць у іх палатно апісваць. Галосіць старая Еўдакіміха - запісалі ў яе карову. Некаторыя пабеглі грошы шукаць пазычыць, некаторыя стаяць унурыўшыся, да ўсяго безуважныя і чакаюць свае чаргі.

«Божачка, што-та будзе са мной?» - мітусіцца непакойная думка Настуліна.

- Наста Мікалаішка!

- Тутака я...

- Дык з цябе... з цябе... чатырнаццаць рублёў з цябе ды семнаццаць капеек. Прынесла хіба? - і старастава рука трымае напагатове абгрызены аловак, ды вочы стараставы глядзяць вот, прысасваюцца, як п'яўкі балотныя, слізкія - не міргнуць нават.

І ў вачах тых чытае Настуля: «Ага, папалася, гадаўка, вот табе за ласку тваю». А ў горле ў самой вот пяршыць, пяршыць, так і сціскае горла болем пякучым, гаручай крыўдай. Ну й няхай, ну й што ж, прападзі яно ўсё пропадам.

- Няма ў мяне...

Усміхаецца ўраднік у вусы - вот маладзіца ж ядроная, нібы яблык-антонаўка - ды кідае ўголас:

- А ў каго ж яны будуць, каб гэта за цябе ды за прыгожую такую нядоімкі плаціць?

- Сказала - няма... і нямашака...

- Дык хіба цялуху запішам? - пытаецца стараста ў урадніка гэткім халодным, безуважлівым голасам, а сам пазірае скоса на кабету.

Скаланулася Настуля, пасунулася наперад на крок, сцяўшы рашуча кулакі. «Не даць! Якое яны маюць права адбіраць выгадаванае табой, рукамі тваімі выпеставанае. Вось павыдзіраць вочы гэтыя агідныя, павыскубаць жоўтыя вусы, на кравянку пусціць гэты нос урадніцкі, бурбалку гэтую паліваную. Толькі не даць!»

Але абмякла разам. Апусціліся знясіленыя рукі, што ты тут зробіш. Дый народу сорамна. Што ж, няхай...

- А хіба хопіць цялушкі на выплат? - пытаецца ўраднік старасту.

- Пералетавак... Нішто цялушка, мо хто й купіць... Цана ж невялікая...

- Дык от і я б купіў хіба, каб гэта, канечне, пасхадней... - перамінаецца з нагі на нагу Іван Цыбал і ўнікае, каб сустрэцца з кім вачыма, бо чуе, як колюць яго злосныя шэпты, галасы азвярэлыя: «Крывасмок, кожнага на бэльку засіліў бы». А сам думае: «Дзівакі людзі, ну што я зрабіў ім. Хіба не ахвота кожнаму, каб гэта танней ды зручней. Чаму ж гэта й не купіць, калі яно зручна. І хто ж гэта ды сваёй гаспадарцы вораг?»

- Дык калі так, запісвай, стараста, - загадвае ўраднік.

- Ну што ж, бярыце... І хату сабе бярыце... І свінню бярыце. Дзетак сабе бярыце, жытку маю, кроў маю - усё бярыце, жывалупы... І ты вот, дзядзька Цыбал, прыходзь... Мала табе ўсё, дык знайду яшчэ чым мяла тваё заткнуць пражорнае...

- Дай ты ёй рады... - шэпча Цыбал і туліцца за спіны другіх, уцяўшы голаў у плечы.

Звадыякі гэтыя слёзы. Трымалася б, дык дзе там. Засцяць вочы, і плавае вуліца ў тумане шызым, не заўважыла, як і ў хату прыйшла, села на ўслон ля акна і так і прасядзела нерухома, пакуль не прыйшлі на двор соцкі, ураднік, стараста. Ды малеча збеглася з двароў суседскіх падзівіцца. Старыя, тыя не пойдуць, каму ахвота на чужое гора глядзець. Доўга ганялі цялё па агародчыку, пакуль не звязалі вяроўкай за шыю, павялі да варот, падганяючы хлабысцінаю. І тады не вытрымала Настуля. Падкацілася камяком да грудзей злосць вялікая, звярыная злосць. З сянец выскачыла, гнеўная, чырвоная, з ускудлачанымі валасамі, з расхрыстанымі грудзьмі. Ухапіла ў рукі таўкач і рынулася, пабялеўшы і сцяўшы зубы, замахнулася таўкачом над ураднікаваю галавою.

- Ціху ты, што ты, з розумам, Настуля, - кінуўся соцкі Змітрок і выбіў таўкач з рук, - апамятайся, небарака, ці варта цялё таго, што ты задумала...

А ўраднік, спакойны, вот толькі крышачку збялелы, адступіў на крок які і размахнуўся бізуном. Прасвістаў той у паветры і ўліп у Настульчыну спіну, кончыкам сваім свінцовым працёгшыся па грудзях, па шчацэ. І яшчэ раз апаясаў бізун, прайшоўся з поцегам па здранцвеламу ад жудасці целу.

Умэнт не стала дзяцей на дварэ, разбегліся хто куды.

Ураднік стаяў і глядзеў з асалодай, як крывіўся твар, рабіўся непрыгожым гэты твар такой прыгожай і ядранай, як антонаўка, маладзіцы, як уздрыгвалі, нібы ашпараныя варам, плечы ды пальцы рук хапіліся за рассечаную шчаку. І хацелася даць яшчэ, скрамсаць на друзачкі гэтае жывое, прыгожае цела. Гэтыя прывабныя, чырвоныя шчокі. Аж соладка зудзела ў руках.

- Кіньце вы, пане ўраднік! - кінуліся соцкія. - Ото ж неразумная баба, маладая вот, гарачая, жыцця таго як след не пабачыла... Кроў яшчэ не выбрадзіла...

- Я вот выбраджу... Была б другая на месцы яе, дык пакарміла б клапоў у халоднай з тыдзень, выхадзілася б... Ды ладна ўжо, я чалавек не злосны...

Стараста стаяў моўчкі, і ў яго вачах свіцілася сытасць і задаволенасць.

- Ну, дык пойдам хіба...

Настуля як села на дварэ на прызбе хаты, так і прасядзела да позняга вечара. Схаваўшы твар у далоні рук, яна не рухалася з месца, і цяжкія, як тыя шэрыя камні, варушыліся ў галаве думкі. Жорнамі ціснулі на мозг. Уткнуўшы насы ў шыбы акон, заліваліся плачам дзеці ў хаце.