- Каб вы хаця ўжо падохлі, клопат бы знялі ад мае галавы...
І дзесьці глыбока-глыбока ўзварухнулася пачуццё матчына, на грэшную, благую думку абразілася.
- Чым жа яны вінаватыя... мае любыя...
Устала і, чапляючыся за сцяну, пайшла ў хату, сабрала павячэраць дзецям ды ўлеглася на палаці. Не хацелася ні распранацца, ні пасцілаць дзяругі тыя, узбіваць падушку нанач. Як лягла, так і ляжала з прыжмуранымі вачмі, так і заснула нераспранутай.
Пад вечар на другі дзень соцкі зайшоў. Патоўкся з хвілінку ля парога, на ўслончык сеў.
- Дарэмна гэта ты, Настуля, учора... Дзе ты гэтай саломінай абуха пераб'еш?
- Ат, не кажыце ўжо...
- Ды гэта я к слову... Бачыш, ужо служба ў нас такая, каб з людзьмі напастыляцца. Ізноў жа ўраднік: ты яго, халеру, пальцам крані - у астрозе згнояць.
- Ды я да вас, дзядзька Змітрок, і не маю нічога... Хіба вы тут вінаваты ў чым.
- А я думаў, крыўдзіцца ты будзеш... Усё ж ткі, Лявон быў - хоць і маладзейшы куды ён, але ж вялікі дружака мой. Колькі-то на зайцоў папаходжвалі, на ліса... Харошы быў чалавек Лявон, дай вот Божа вярнуцца яму... А я вот па справе, ліст табе тут заказны, з арміі, відаць, ад Лявона. Дык ты ўжо не крыўдуй на мяне.
- Ды што вы, дзядзька Змітрок, далася вам гэтая крыўда! Узялі вот, ну дык што ж... Няхай іх ужо за печані возьме... Не ў пятлю ж мне лезці...
Выйшаўшы, Зміцер дзверы за сабою прычыніў, вот чутны крокі яго, форткаю рыпнуў. Да ўсяго цяпер прыслухаецца чутка Настуля пасля ўчарайшага. Вот трэсне бэлька над печчу, заварушыцца шашаль у дошцы - і чуе Настуля, балюча прыслухаецца да кожнага гуку.
Запаліўшы лямпу, узялася за ліст. І доўга ўглядалася ў незнаёмы почырк - не Лявонава рука то, дый пячаткі навошта - і, раптам збялеўшы, перачытвала раз-пораз кароценькія радкі. Не верылася, не разумела, як то можа быць, каб Лявон... Каб мой Лявон... Гэты вясёлы, вечна ветлівы хлопец. І такія рукі, кража падымаў за адзін канец, гэткія ванчасы ўскідаў на кары? Не можа быць... Няпраўда... Мо маняць гэтыя літары слоў? Мо не так прачытала?
А словы ўсё адны і тыя, слоў гэтых не зменіш, не пераставіш...
«...За веру, цара і айчыну паў смерцю харобрых на ратным полі...»
На ратным полі...
На полі...
Смерцю...
І калі зразумела - смерцю, - тады схапілася аберуч за галаву і загаласіла немым голасам, голасам дзікім, звярыным, ад якога сціхлі дзеці, што коўзаліся па бруднай падлозе, гуляючы ў немудроныя свае гульні. Сядзелі моўчкі і палахліва - вот-вот гатовы заплакаць - пазіралі на матку. Тая білася галавой аб стол, сціскаючы ў руках канцы апаўзаўшай скацеркі, ды нема ўсё галасіла. Мігацела лямпа, і яе водбліскі клаліся палахлівымі плямамі на чорныя сцены, на столь, на заваленыя рыззём палаці.
Урэшце змоўкла яна, неяк выпрасталася раптам, выцерла хусткай вочы, кінула руплівы позірк на хату, дзяцей заўважыла:
- Тутака вы... Хадзіце вот да мяне...
І лашчыла кудзелістыя галовы і думала ўголас:
- Паспытайце вот гора людскога, бязбацькавічы... Вялікае яно - ні канца ні краю... Хто-та аб вас будзе клопат мець... Дзіва-то - людзі зверы, кожны другога рад за горла ўхапіць... мала ўсё... Ненажэрныя людзі, ненажэрная злосць людская... Але ж што мне рабіць цяпер? - і прыслухалася да вячэрняй цішыні, нібы чакаючы адказу на свае думкі.
Ніхто не адказваў. Толькі шкрэблі мышы ў падпечку ды недзе ў сценцы тачыў дрэва шашаль.
13
Сілівон Мялаў падплятаў вераўчаны лапаць і раз-пораз кідаў касы позірк на жонку. Аўгіння сцэджвала тварог на рэшаце і клала яго ў сырнік.
- Ты ж глядзі вот сываратку ў цэбар вылей, а то прападзе яшчэ задарма. А так парасятам будзе...
- Дзіва-то, я не ведала... Мо сам пахлябаеш?
- Цябе вучы, дурную галаву, дык хоць бы падзяку якую... Вечна агрызаешся...
- Мо пацалаваць цябе, гнілога, за словы твае ласкавыя, за навуку?
- Пацалуй хіба ўжо Аніса...
Аўгіння глядзіць на мужа, выпрастаўшы стан, прыжмурыўшы расніцы, і ў позірку гэтым не гараць, а цьмеюць аганькі нянавісці, агідлівасці, нібы вот не на чалавека глядзіць, а на чарвяка, на сліўня таго, на балотнага смаўжа.
Сілівон адчувае гэты позірк. На яго бязвусым і безбародым маршчакаватым твары відаць, як рухаюцца сківіцы, вот перакусіў бы ад злосці подплетку, лыпаюць бязбровыя вочы.
- Вызверылася чаго, пытаю?
- А таго...
Ці варта гаварыць з гнілым. Аўгіння моўчкі выкладае тварог, прымайстроўвае над цэбрам дона ад дзежкі, кладзе сырнік, дастае з сянец камень і націскае сыр.
- Глядзі ўжо, каб не зваліўся часам...
- А ты куды?
- А табе што?
- Ды пытаю вось, сабралася куды?
- Куды ды куды... Пасяджу вось на прызбе, суседак паслухаю...
- Глядзі!
- А ты без глядзелак... Добра бачу...
- Правучу...
- Правучы сваю долю...
- Ото ж ужо сатана кручаная!
Аўгіння, накінуўшы хустку, ідзе на вуліцу, дзе сядзяць на прызбе бабы, языкамі мелюць, апошнімі навінамі дзеляцца.
- А ці чулі вы, казалі вот - Настулінага Лявона забілі, ходзіць маладзіца, ног пад сабой не чуе. Дзіва-то, пажылі колечкі... Самая што ні ёсць пара - красаваць толькі, і на табе, забілі... Ды гэткага ж хлапцаасілка...
- Дзіва што, смерць! Ці на вайне, ці ў хаце. Яна не разбірае. Другому вот толькі жыць ды красаваць, і глядзі ты! А каторы даўно ў зямлю просіцца альбо катораму і след пайсці туды, дык таго не кране. Дзе ўжо там, абыдзе, таечкі, за вярсту.
І вочы, бач, спачуваюча пазіраюць на Аўгінню... Аўгіння маўчыць. Яна добра разумее гэтыя позіркі. Як жа, дваццаць восьмы год пайшоў бабе, а счарнела ўся, на здыхлю тую зрабілася. І вочы дзе тыя, дзе падзеліся тыя шчокі. Вот сцягнула падбародавік, адны косткі тырчаць, старыя спадніцы не трымаюцца, дзе тое што і падзелася?
- Дык як, Аўгінька, хіба ўжо кінуў лячыцца твой?
- Мой, мой... Які ён мой? Адчапіцеся вы з гэтай падлай старой.
- А ездзіў жа ён, казалі, да шаптуна некуды...
- Што з таго, што ездзіў... Такім ужо і сапсее... Што гэта яму па хваробе, ці што, такім ужо й нарадзіўся, дзе ты тут вылечышся, калі застаўся такім, ат... недаробак той...
Прыкра Аўгінні слухаць гэтыя перасуды, прыкра штодня выслухоўваць гэтыя надакучлівыя, нібыта й спачувальныя, запытанні, даведзіны, каторыя адчуваеш як кпіны, як знеслаўленне часам:
- Бач ты, і жыве ж з такім...
І неўзаметку пакідае Аўгіння прызбу, на двор ідзе, соўдаецца па ім без парадку, у хлеў зайдзе паглядзець на каровы, каб не запаролі часам адна адну, дужа ж вось наравістая адна, куплёная, не свае гадоўлі.
Каровы ціха стаяць, ляжыць адна, жвачку жуюць, і ў змрочным хляве чуваць толькі, як пераступіць карова з нагі на нагу - захлюпчыць пад капытамі, ды прашамаціць часам кура на бэльцы, выцягваючы ў сне курынае крыло сваё куцае.
«І жытка мая вот той жа сон курыны, ні табе радасці, ні табе асаблівага гора... - думае Аўгіння. - Усё ёсць, здаецца, і сыта, і абута, і клопатаў каб якіх асаблівых, дык нямашака... А хаджу вось толькі як у сне...»
Аўгіння пазірае на калёсы пад павеццю, дзе прымайстраваўся нанач Сілівон - дужа ж у хаце прусы дапякаюць.
«Спіць ці не спіць, нелюдзь?»
Ідзе ў хату. Прыкрывае лепш дзіцёнка на палацях, ляжыць от, раскідалася.
- Дачушка мая, даўганосенькая...
І Аўгіння ўспамінае ночы восеньскія, ядраныя. Жыта малацілі. Дапамагаў Аніс, рукі тыя ў яго, рукі, цэпу ніяк не падабраць ім... Хадзіў Сілівон дахаты, рамяня шукаць сырыцовага, каб цапаўё падвязаць лепш. І ў еўні тады снапы выстаўляючы... Пахлі снапы полем жытнім, мяжой ды курным дымам, духам сухім ад еўні. І колькі разоў сустракаліся ўпотайкі, каб людзі не чулі, не бачылі, за гумном, у Анісавай пуні... Любіліся торапка, хапаючыся, каб Сілівон не падумаў чаго, не ўзяў на сваё вока. Але дзе ты схаваешся. Хвядос-стараста колькі раз папікаў Сілівона - брата: «Што ты вот кабеціну да рук не бярэш, глядзі, і кіне цябе зусім».