«Я — Майстар! Паэт знакаміты,
Я слова да бога узнёс,
I новую Маргарыту
Яшчэ мне падорыць лёс.
Пагляньце — спазнілася восень,
Але да мяне на парог
Стажок вінаграду падносіць
На срэбнай далоні бог.
Яшчэ не сабралася лета,
Але на ацуплы парог
Снапок мармуровых кветак
Кладзе заінелы бог».
Кладзе, паціскае плячыма,
Ранейшага не пазнае...
Як свет навакольны, жанчына
Ідзе да самоты свае
I з поўнымі снегу вачыма
Пра ўяўную славу
Пяе.
ДЗЯВОЧАЯ ПЕСНЯ
Цесля цалаваў мяне...
Засталіся ў змроку шэрым
На смаловым бервяне
Гэбель, пілка і сякера.
Ах, як зіркаў маладзік
З неспазнанай яшчэ далі!
Трэску кожную, і цвік,
I смалу каўталі хвалі.
I да нашага жытла
Па рацэ цяклі халоднай
Зоркі, поўныя святла,
Свечкі, поўныя жалобы.
ПАЧАТАК
Вам гэта імжа падабаецца,
Вам гэты раскажа спакой,
Што д'ябал у багне хаваецца,
Паранены асакой.
Магчыма, убачыце квеценне
Даспелае асакі,
Калі гэты д'ябал выцягне
З вашых далоняў цвікі.
Руплівая жонка пяшчотна
Абдыме і скажа: «Люблю» —
I верне цвікі ўсе ашчадна
Брату свайму, кавалю.
ШЧАСЦЕ
I сонца ў вочы пячэ,
I лапы адужвае змога —
Кот
Вэлюм з вянком валачэ,
Ад стога бяжыць і да стога.
На ніткі не падзярэ,
Не выпацкае ў даліне —
Бугай той вянок адбярэ
I верне з паклонам дзяўчыне.
«Падзякуе хай, зладзюга,
Што цэлым да лесу знік»,—
Жардзіну паклаў на сталюгі
Усхваляваны жаніх.
Ды марныя гэта трывогі —
У садзе вясельны стол,
I, ў танцах адтупаўшы ногі,
Счакаліся госці наўкол.
Нявеста, суседка мая,
Ад радасці заспявала
I сцішанага бугая,
Як бацьку, пацалавала.
КАРОВЫ
Густое воблака скубуць,
Хвастамі засцячы паўнеба.
Лімонныя, як пальцы негра,
Струмені малака цякуць.
Ці вераб'іная гурма
Ля місы малака шчыруе,
Ці ліст ад сябра атрымаў,
Які па Афрыцы вандруе.
* * *
Ці проста бачу каміны,
I на няшчылкай гонце сажу,
I пастуха з той даўніны,
Калі каровы скублі пашу.
СТАЛЯР
Жывы пачне пра клопаты свае,
А мёртваму даслухаць не стае
Ні часу, ні жадання, ні патрэбы.
Ён скажа толькі: «Клопатамі грэбуй».
Жывы пакрыўдзіцца
I гаварыць пакіне,
Да гэбля вернецца —
Хай лепшае настрой!
I раптам на духмянай дамавіне
Зязюлю ўбачыць з дзюбай залатой.
I зноў пачне пра клопаты свае.
А па майстэрні тырса завіруе,
I шэрая зязюля запяе,
I мёртвы спевы гэтыя пачуе.
У МЕНСКУ
Смех вуснаў і бліск вачэй —
На рэйкі, на дрот і на бляху.
Трамвай адлюструецца ў Свіслачы
Шпалерынай жоўтага даху.
З маста ён далей прапаўзае
Стракаты, нібыта афіша —
«У памяшканні чыгуначнага вакзалу
Выступаюць паэты «Узвышша».
О, рэвалюцыйная паэзія...
З чаканнем атакі,
З люмпэн-крылымі журавамі,
З лістамі да каханай і сабакі
I музычнымі вечарамі.
Сімфанічная стрункасць падкоў
I пабраная срэбрам вуздэчка
Да трамвайных даносяць званкоў
Крамны водар мястэчка.
ПЕРАД СПРЭЧКАЙ
Раскладваць вогнішча у возе,
Як секчы дровы на парозе —
Вар'яцтва!
Але усё ж прашу
Незразумелага мастацтва
Доўгачаканыя дзівацтвы,—
Ускалыхніце мне душу.
Не толькі рыфмай ці радком,
Што неспадзеўкай душу лашчыць,
А чым заўгодна,
Хоць ваўком
З метафарай у чорнай пашчы...
Ён зразумелы для мяне,
Як неба роднае і людзі,
Пакуль бяжыць, пакуль імкне,
Пакуль метафары не згубіць.