Выбрать главу

НА РОВАРЫ

Круціцеся, колы, сціраючы гуму. Ніякага груку, ніякага шуму — Адно што ланцуг скубянуў і грызе Галінку алешыны ў зыркай расе.
А вось і чыгунка. Суседняя вёска. I небу не ўпасці ў пустое дупло. I пасвяцца пчолы, і мёдам і воскам Там дыхае хмара па даху дэпо. I ластаўка-маці да глею імкнецца. Паеду назад, бо мне гэта здаецца... Круціцеся колы па чорнай шашы. На беразе чорным з наіўнай душы Пярун валачобны лагодна смяецца.

У МАЙСТЭРНІ РАЗЬБЯРА

Драўляны летапіс гартаю — Шуміць драўляная трава! Прымацаваная ганталем На чорным шулу спіць сава.
На клямцы кропля залатая. Я не спыняюся, Далей Драўляны летапіс гартаю — У кроплі свеціцца алей,
Платы, і цацачныя крамкі, I воллі пеўняў уначы. Сава схіляецца да клямкі, Драўляным крыллем трасучы.

ПРЫЗНАННЕ

Выратавання патрабую, I новай музыкі, і слоў. Ты, аднастайная любоў,— У дзень любы і ў ноч любую.
Таму прашу выратавання, I новай музыкі, і слоў — Хай нечаканае каханне Заменіць пэўную любоў.
З любові тое,— дзень пры ночы,— Рассохлай, як знябыты воз, Бяруцца недаверам вочы Да кветак родных і нябёс.

ВУЖАКА

Ты бачыш міску на стале I ў місцы шэрую вужаку. На ёй у залатым святле Расы ці пылу ані знаку.
Яна варушыцца ледзь-ледзь, На лыжку з болем пазірае, I пачынае сцюдзянець Пагляд. Вужака памірае.
I ты не здолеў зразумець, Што ёй патрэбна дапамога. Ты не адчуў чужую смерць, Бо цэлы дзень не еў нічога.
Давай, вужаку матляні На дол знянацку Ці на неба. Густога крупніку налі У міску з надпісам «Smacznego».

БАЛЕЯ

У балеі блакітнай іржа — У балею выкідвалі рыбу. На страсе конь бляшаны іржаў I аб комін вычэсваў грыву.
I цякла па Давыд-Гарадку Бруку польскага палатніна. Стрэльба гойдалася на суку I здавалася хворай галінай.
Маці выбера шчупака I аддасць невядомай жанчыне, А ў балеі луску пакіне, Бо з іржою ужо луска.
Вытра нож і пакіне ляжаць На услоне пад хворай галінай. На лязу каля тронак іржа Спелай свеціцца журавінай.

НАЗІРАННІ

Акно адчыню — На фіранку Прылепіцца лісцік сцюдзёны. Да казачнае старчанкі Ляцяць вераб'і і вароны.
На цыганскай убачу будзе Пеўня ці коршака злога, А голуба гарадскога У жытнім духмяным арудзе, I ў дзюбе трымаці ён будзе Сцябліну аера сівога.
Насупраць, На сумным троне, Старая сядзіць на балконе У лапленым кажушку,— Яшчэ ў маладосці пашыла,— На баляску паклала руку, Выпацканую ў чарніла.
Магчыма, чакае са школы Унука ці ўнучку сваю Альбо свой настрой вясёлы, Бадзёрасць былую сваю.
Магчыма, глядзіць на мяне Здзіўлёна: «Жанаты ці не?» На фіранцы лапік зрудзелы Чорнай ніткай прышыты па белым.

СЦЭНЫ

1. Маленства
Вось яна, казка — Давыд-Гарадок, Бацька на ганку і маці ў гародзе, А перад хатаю чысты грудок — Сонца стаіць і не хоча заходзіць.
Вось яна, ява — ахоўца нябёс Крылы суцішыў ля нашае хаты. Маці глядзіць, не хаваючы слёз, Бацька глядзіць у здзіўленні зацятым...
Добры ахоўца ізноў да мяне... Цацку прынёс... я прамовіць баюся. Ён вандраваў па дажджы-тумане, Вочы ягоныя ў стомленай скрусе.
«Я на хвіліну, каб выпіць вады»,— Словы гучаць, як вандроўныя сховы. Бусел з адрыны зляціць малады, Студню крануўшы крылом чаратовым.