Выбрать главу
2. Сталасць
Зноў яна, казка,— У студні віно: Верх залацісты, Празрыстае дно...
Студзячы зоры, Студня гаворыць: «Сініцы валлём казыталі мяне, Калі спаталялі раптоўную смагу, I навальніцы у гэтым віне Купалі маланкі свае і адвагу.
Дарога плыла, абтрасаючы пыл, I кроплі спадалі на тую дарогу. Вандроўнік самотны праходзіў і піў I забываўся на сон і знямогу. Глыні, чалавек, і ў цябе гэткі лёс!»
Глынуў толькі кроплю, і студня заснула. I строгая сталасць ахоўцу нябёс З дарослае казкі ў маленства вярнула.

АПОЎНАЧЫ

О, бацькавыя пілкі, малаткі, Цвікі ў бляшанках, пляшкі на паліцах... Апоўначы сівыя пацукі У сенцах пачыналі варушыцца. I пачыналі сенцы вар'яцець, I пачыналі глухнуць аканіцы. Згінацца пачыналі і сівець Ад поўсці і ад вэрхалу паліцы. Звінелі пілкі, малаткі гулі, Цвікі дзяўблі гліняную падлогу — I мы нікога з маці не маглі Паклікаць да сябе на дапамогу. Дзяўчынка-маці Васілю свайму Паведаміць пра гэтыя трывогі На цаліну, I слёзнаму пісьму Да Омска тры далёкія дарогі. А мне да сенцаў рапіцой — Адна: Іду караць. Мяне сам бог баіцца. Пацук апошні скокне да акна У кош дзіравы і пачне маліцца.

КРАСАВІК

Перасыпаць старую адрыну. Перабраць мікалаеўскі плот. Бугаю на струкатую спіну Скіне фосфару самалёт.
У пакінутую балею Нацячэ рудаватай вады, I хмурынка ўгары зразумее: Колер шчасця — таксама руды.
Выгнуць зашчапку на аканіцы. Межы выцягні ў шнур прамы. Граблі гразкія і капаніцы На змярканні ў калюзе памыць-
Абмінаючы шулы-вароты I абдоймы паветраных ям, Па гарбатым хрыбце Еўропы Сонца коціцца ў акіян.

ПАЛІВАЧКА

Палівачку пакінь, будзе дождж З лёгкім водарам аўтамабільным. Пад акном у гародчыку кош Да падмурка прыціснецца шчыльна.
Дождж, бы меўшы чатыры нагі, Праімчыць па запозненай крызе I гарынскія берагі Да бляшанага неба наблізіць.
Будзе дробна звінець-сумаваць Палівачка ў дрымотнай адрыне. Будзеш ты каля шыбкі стаяць I глядзець у гародчык сіні,—
На маланкі агністы воз, Які робіць шалёныя скокі. Кіт сухі і патрэсканы скрозь Будзе ў кош асыпацца глыбокі.

КАЛЯ ЧЫГУНКІ

Неспадзяванае спатканне Каля заснежанай чыгункі. Неспадзяванае змярканне I пацалункі, пацалункі. Неспадзяваны, выпадковы У два бакі нясе агні Рух апантаны, цягніковы, Шалёны, божа барані! Чыгунцы ў цемрадзі завейнай Нястрымна хочацца, дальбог, Злізаці кропелькі глінтвейна Са снегу каля нашых ног. I хто ні едзе, хто ні едзе У тых імгненных цягніках, Твае сябры, мае суседзі Ці так, ці з дзецьмі на руках,— Усе б, напэўна, захацелі Сысці вось тут, спыніцца тут, Дзе будзень робіцца нядзеляй I ні клапотаў, ні пакут.

САД

Так пасвятлее на душы, Што ўсё благое, незямное Пакіне дом, А сад насупраць Засне глыбока па-дзіцячы.
Ён ранкам з ветрам барукаўся, Удзень з агнямі светафора, Пад вечар з хваляй атлантычнай, Убачанай ў апошнім промні.
А мы спрачаліся, спявалі, Успаміпалі анекдоты, Сок выціскалі з апельсінаў У чыста вымытыя сподкі.
Глядзелі ў сад. А дзеці цукру У сок занадта насыпалі, Яшчэ зрабіць прасілі соку З кубінскіх спелых апельсінаў.
Спакой і радасць прыхавана, Пачуўшы спеўны лад гаворкі, Да хмар туліліся празрыстых У глыбіні акна змяркальнай.