Выбрать главу
А ў старой хаціне абымшэлай, Да якой няма звароту нам, На ўвесь свет І на Сусвет весь белы Весела жывецца цыганам.

КРАЯВІД

Каля нашага плота рака. Абсыпаецца бераг паціху. Грукат ранішняга цягніка Настрахаў на бярозе бусліху.
Час такі — трэба дом пакідаць. Не ўратуе бярозу карэнне, Бо не надта глыбока, відаць, Дол свідруе ці стомлена дрэмле.
Будзе доўга сівая страха Мроіць даўнія забабоны. Па-грабарску працуе рака, Глей дакідваючы да перона.
Праваднік пажартуе на лёс: «Цяжка з ім, як з білетам на поўдзень»... Вось бусліха ўзляціць да нябёс! Паглядзім і ў купэ сваё пойдзем.

ГЛІНА

Маці сустрэў па гары, Збіраючыся да лагчыны, Дзе стомленыя ганчары Дакопваліся да гліны.
На кожны вымах рукі Уздрыгвалі дамавіны, I цень крумкача цяжкі На голыя клаўся спіны,—
I палымнелі яны Пад сонцам, як хвалі патопу. I весляроў ганчары Нагадвалі і далакопаў.
З могілкавай гары, Гледзячы прыцьма на гліну, Маці прамовіла: «Сыну, У кошык яе набяры».

ПІСЬМО

Ад песень колішніх і ад балад Яно, чаканае — I дзень прайшоў марудны. Асыпаў лісце сакавіцкі сад Калянае ў парожнія аруды.
Яно ад красак родных і ракі, Пісьмо ад маці — Там навіны, просьбы... Я адшукаў раптоўныя радкі I сум адчуў, які цяжэй за роспач.
«...вярнулася ад вас, а ў хаце ўсё на месці, бульбы наварыла, каб з бацькам паесці».
Нібыта ў сад убегла навальніца, Затрэсла плот і паваліла ніцма.
I я не чуў, зусім не разумеў, З якіх часоў той векапомны спеў Аб хаце, бульбе, зрушанай Гарыні, Аб крыгах, па якіх кашы і скрыні... Вада ля печы, лямант гаспадыні, Вада праз вокны, крык гаспадара, Па даху певень ходзіць на адрыне, Прамоклы да апошняга пяра. Адкуль яно, Мо з гэтага пісьма? I мне ніякай пэўнасці няма, Што гэты спеў працягнецца далей, Што будзе несці з лета і да лета Радкі з пісьма — Яны былі раней За хараство і за вар'яцтвы свету.

ЯСІКІ

Ясікі сушацца на сталюгах У папяловым двары. Дровы ляжаць па-над жоўтай калюгай Шчыльна ў доўгім кастры.
Спалена смецце, I жоўтая хмара Рэкі стварае, бары. Па-над калюгай кудзеліцца пара З пахам альховай кары.
Ясікі колішнія, рудыя, Да вашай аздобы жывой Цягнецца попелу цёплая шыя З мяккай, пустой галавой.

ВАСІЛЬ I ЛЮБА

Васіль, ідзі да Любы, У Любы клопат спорны — Дзярэ ў адрыне крупы У берастовых жорнах.
Ідзі, і сыдуць крыўды Усе, і клопат сыдзе, I жорны, што зрабіў ты, Абчохрацца за тыдзень.
Спачатку прагнуць крупаў Няўробленыя жорны, I млёну, пэўна, рупіць Кружыць да ночы зорнай.
Спачатку прагнуць жыта На вобмешку худобе, Са скрыні ды ў карыта — Памол яшчэ не добры.
За тыдзень у адрыне Абчохрацца імкліва, I набярэцца ў скрыні Чысцей за вока — мліва. За сонца, што ў зеніце, Ярчэй... I вось нарэшце Прасеецца на сіце, Каб рашчыніцца ў дзежцы.
На высеўках замесяць Той хлеб, адвеку чорны... I не здзічэе месца, Дзе працавалі жорны.
Васіль, табе раўнёю Той клопат незамглёны, Краніся даланёю Бярозавага млёну.
Наждачнаю паперай Яго ты ўкручваў шчыльна I непакорны бераст На камяні распільваў.
Хваліў ты на паўсвета Той бераст непакорны, Таму, што дрэва гэта Прыдатнае на жорны. I чорту рогі зверне... Ты падбіваў клінкамі Адзін абруч на верхні I два — па сподні камень.