Выбрать главу
Гандлярка прыпыніць мяне, Папросіць купіць каляровы, Астатні, на самым дне У кошыку, пеўнік цукровы.
А ўвечары дома Васіль Папросіць пра пеўніка казку: Ці пеўнік катаўся ў таксі, Ці любіць салодкую кашку?.. Пад небам Давыд-Гарадка Ляціць незабыўна вясновы... «Пра што гэта?» «Пра галубка». «А што, ён таксама цукровы?» (Няхай жа твой лёс, галубок, Шчаслівую мае разгадку), Цукровы... Я згодзен, сынок, Таму пачынаю спачатку: «Здалёку ў Давыд-Гарадок, Як вечнасці позірк ласкавы, Цукровы ляцеў галубок, Прапахлы аерам і кавай...»

ЗАЛЯЦАННЕ

А ў позірку няма спакусы I летуценнага святла. На градах морквы і капусты Жыве балотная імгла.
З таго раптоўнага імгнення, З празрыстай вопраткі тваёй Я зразумеў — ёсць наталенне Тугі звычайнаю вадой.
Кранецца промень палівачкі, I можна баечку сплясці, Як певень бег да дзікай качкі Па градах, купінах, трысці.

ВАЛЯ

Пра што мы згадаем, Пра што запяём, Куды мы на лета паедзем?.. I лютаўскі вецер, I ліпеньскі гром Спрыяюць сардэчнай бяседзе.
Хвіліна спакою, калі мы з табой Адны ў выдавецкім пакоі, I гэты захоўваючы спакой, Згадаю здарэнне былое,—
Ці хто блазнаваў у Давыд-Гарадку, Ці млынам угневалі хмару, Бо яблык агністы упаў у муку, I збегліся ўсе да пажару.
А дзеці хацелі той яблык знайсці I рознай другой садавіны, Якая за хмарамі можа расці Амаль увесь год безупынна.
Дарэмны той пошук... I тою парой Ці думалі мы, што ў адхланні Прыносяць нам радасць, Даюць нам спакой Дзіцячыя нашы жаданні.

НЯМА НАЗВЫ

Знерухомленае дыханне — Гэта лёсу, напэўна, сіло. Мы не ўмеем пісаць пра каханне I палохаемся пытання — Ці яно ў нас, каханне, было?
Мы благія паэты з табою — Трэба помніць аб гэтым найперш. Пра любоў, пра святло незямное Не складзём нават просценькі верш.

РАЗВОДДЗЕ НА ГАРЫНІ Ў 1933 ГОДЗЕ

I ланцугі, I злоты На прымніцы і ў лодцы. Балеі тонуць, Боты, I ступкі, I жаронцы,
I крама... «Ўсё па-боску»,— Гарадчукі не ў крыўдзе. I нешта там па-польску Напісана на шыльдзе.
А варта з пастарунку, Што каля гэтай крамы, Раве аб паратунку I ў шыбы б'е рагамі.
Ці лодкі ў іх нямашака, Ці жаху назапашана Паўнюткія вантробы — Равуць, нібы каровы.
— Ратуйце, людзі, варту! — Гукне вясёлы вязень. Зялёнай меднай квартай Па кратах звонка бразне.

АДКРЫЦЦЁ

А хараство кахання ў тым, Што навальніцы, снегапады Прымаем сэрцам маладым Як спеў пяшчоты і спагады.
Анёл у зорным лахмане Вартуе чыстае каханне. Незразумелае жаданне Анёла пільнага кляне.

ПЛЯЦ ВОЛІ

(УСПАМІН БЫЛОГА РАБФАКАЎЦА)

Спаткацца ў цукерні прыдумалі Вы, Там шыльда з імбрычкам у місе, Там крылы і мяккія лапы савы З рагамі каровы спляліся.
А тут пра завод, пра плугі трактарам... І дождж, нібы цемра на шыбы. Аловак зламаны паперу араў, Пасля забываўся на сшытак —
Абломленым краем пісаў па сталу, Тупым па бліжэйшай шыбе. I шкрэбат за мной без галёш у слату На ганак рабфакаўскі выбег.
I вось я ў цукерні... I змрок павуком Снуе па забруджанай столі, I шклянкі цукернік таўчэ кулаком, Не адчуваючы болю...
На капялюшыку Вашым святло I золь вераснёвай вуліцы. Праз пальцы цукерніка крышыцца шкло I корак, як дробная груца.
Здаецца, і пальцы, як груца ў віне, З абруса сцякуць на масніцы. Цукернік няўцямна глядзіць праз мяне На дзверы, сталы і паліцы.