Выбрать главу
...Свой вершык далей прамаўляю Нібыта з Дубоўкавых слоў: «Ты, пэўна, з таго трамваю, Які заблудзіўся зноў.
Табе вандраваці няспынна, Палохаці і чараваць, Па золаце кожнай краіны, Нібыта па смецці, імчаць.
Хто золата тое палічыць, Той згубіць каханне пасля. Ёсць нешта ў тваім абліччы Ад п'янага карабля.
Прамчыся па вуліцах Менска, Здаволься магчымым, тады Хай пойдзе твой грукат і трэскат Да іншай зямлі і вады!»
Паслухала кола і ўроскат За горад — па хмызу, па лузе Памчала ў мястэчкі і вёскі Заходняе Беларусі.
Нібы на цяжкую адплату, Глядзелі на рух перуновы Ужэнднікі з магістратаў, А з пастарункаў совы.
Паліцыянты беглі За гэтай вар'яцкай праявай, Каб можна — пад кола б леглі, Баронячы крыж і Варшаву.
Ды клопат дарэмны — не войска, Якога за дзень не злічыць,— Па гарадах і па вёсках Адно толькі кола імчыць!
I чуюцца гнеўныя словы, Штораз набываючы сілы, I разлапушваюць совы На словы калючыя крылы:
«Краіна зруйнуе уціскі, захопнікаў знішчыць датла. Світанне ўрачыстае блізка: на ўсходзе зара узышла».
Кліч гэты — да Пінска, да Брэста, Да рэчкі любой, раўчука, Да самага дальшага места Й мястэчка Давыд-Гарадка.
Вось дзед мой, ён шые боты Сялянам і дробным панам. Заходзіць да дзеда ў суботу З валіскаю крамнік Абрам.
Ён дзеду збывае скуры — Выдатны варшаўскі хром. З-пад печы вылётваюць куры, Пачуўшы на вуліцы гром.
Груды заціхаюць і долы, I вусцішна неяк барам. I хрысціцца дзед мой на кола, I моліцца ціха Абрам,—
I злоты свае забірае, У спіну глядзіць яму дзед. Паліцыянтаў зграя За колам не здыхае ўслед.
Але аддаляецца трэскат, I грукат, і зірк перуна. Вяртаецца кола да Менска Па купінах і валунах.
Чакае яго камсамолец Вагонаважаты Максім, Вясёлы, няздзеклівы хлопец, Які падабаецца ўсім.
Ён смехам ратуецца бедаў, Ён вершыкі складвае сам, Яму сваю кнігу «Credo» Заўчора паэт падпісаў.
I кажа наш хлопец: «Пустое, Што кола не пераняў, З паэтам сустрэўся затое I вершы яму пачытаў».

САД У КРАСАВІКУ

Той сад падобны да сабакі, Чакае ён гаспадара. Цякуць ружовай сліны пахі, I мяккай робіцца кара.
Узіму ён далёка бегаў — Гняла бяздонная туга, Але ад холаду і снегу Вярнуўся зноў да ланцуга.
Глядзіць на хату і на поле I сочыць мой вандроўны крок. Сваё кіпцюрыстае голле На плот выкідвае знарок.

ВІЦЕБСК. 1922

Да бруку ляцелі крыжы і цвікі, Сцягі караблёў і ўчарнелыя ванты. Не чулі, не бачылі вартаўнікі, Як сноўдалі злодзеі і спекулянты.
Якія там зданіліся караблі, Якія там сны залацілі дакуку — Як золата, Рэчы патрэбны былі, Што валам ляжалі на віцебскім бруку.
Нічыйныя рэчы — Аполкі, цвікі, Загуслы пакост і ўчарнелыя ванты. Ля жорнаў пахропвалі вартаўнікі — Па чысты памол беглі ўноч спекулянты.
...I вось абступаюць дабро талакой, Нішто не прапусцяць, Усё падымуць, I нават цацкі зламанай якой Яны беспрытульнікам не пакінуць.
А ўранні, Калі завіруе базар, А ў крамках яўрэйскіх запаляць аконцы, Нагледзіцца гэты дарэмны тавар На золата царскае і чырвонцы.
Цыраты, сурвэткі, алоўкі, цвікі I двойчы ўжо тут называныя ванты Купляе вядома хто — вартаўнікі, I хто прадае не сакрэт — спекулянты.
Якое ў іх вока, якая рука... Да іх падыходзяць з якімсьці пытаннем Чырвонаармейцы з агітцягніка I з блізкіх да Віцебска вёсак сяляне.