Выбрать главу

Пад грукат калёс, нібы ў вадказ на іронію лёсу, склаліся ў радкі вершу словы:

Я пазнаў і Эўропу, і Азію, і Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў... Пустка сэрца маё ўразіла, не пазнаў што як сьлед Беларусі».

Так менавіта «ў няволі й на выгнаньні», як акрэсьліў гэты пэрыяд свайго жыцьця Дудзіцкі, пачалі складвацца вершы, у якіх ён спрабаваў асэнсаваць, што адбылося зь ім, завошта так пакараны:

Ня украў, не зьнявечыў нікога, толькі тое у думках было, каб народу закутага скогат уняць лекамі дум і слоў...

А самае істотнае — турбавалі думкі, што будзе далей:

Заўтра, пэўна, вятры закалышуць на чужыне нялюбай мяне.

Якое нязвычайнае паэтычнае прадбачаньне свайго будучага, праз гады, трагічнага лёсу!

Кару Дудзіцкі адбываў у Новасібірску і Марыінску. Пасьля трох гадоў канцэнтрацыйнага лягеру быў сасланы на два гады ў Сярэднюю Азію. Там ён жыў да канца 1937 году ў Ташкенце, адкуль быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы — малярыі.

Па дарозе на радзіму Дудзіцкага абакралі, згінуў пашпарт. На станцыі ў Менску ён быў зноў арыштаваны. У НКВД яму загадалі на працягу 24 гадзін выехаць у Барысаў або Віцебск. Дудзіцкі выбраў Віцебск. Пэўны час працаваў у газэце «Віцебскі Пралетары», а потым да канца 1940 году выкладаў беларускую мову й літаратуру ў розных навучальных установах Віцебска, але хутка быў звольнены з пасады настаўніка, «як не патрапіўшы забясьпечыць партыйнасьць у выкладаньні мовы і літаратуры».

Нарэшце Дудзіцкаму ўдаецца вярнуцца ў Менск. Тут пры дапамозе А. Калубовіча ён знайшоў працу ў часапісе «Савецкая Школа», але празь месяц па загадзе наркома асьветы яго звольнілі як «ворага народу». Зноў беспрацоўе. Пасьля доўгіх пошукаў Дудзіцкі трапляе на працу ў Вэтэрынарны Тэхнікум у вёсцы Курасоўшчына каля Менску, дзе яго і засьпела вайна.

Пачынаўся новы віток жыцьця — надзей, пошукаў, выбару...

Уладзімер Дудзіцкі неаднаразова і падрабязна аналізаваў у сваіх артыкулах выкліканыя гаспадараньнем савецкай улады разбурэньні ў эканоміцы і культуры Беларусі. Цьвяроза ацэньваючы ўрон, нанесены ў мінулым беларускай зямлі як польскім, так і расійскім панаваньнем, шкоду палянізатарскай палітыкі адных і русыфікатарскай другіх, Дудзіцкі, разам з тым, з болем гаварыў пра катастрафічнасьць і непапраўнасьць таго, што зроблена на Беларусі Саветамі — уладай «чужынцаў», «катаў», якая «ўціскае скрытна карак у ярмо». «Рэч у тым, што беларуская зямля, якая ў сваёй мінуўшчыне ніколі ня бачыла прасьветнае часіны, будучы пад пятою розных прыгнятальнікаў, гэтым разам трапіла ў рукі самых вялікіх прыгнятальнікаў у сьвеце, самых зацятых ворагаў беларускага народу — бальшавікоў, якія, крычучы пра аднаўленьне разбуранага войнамі краю, а на самай рэчы ністожачы ягоныя векавыя набыткі, упрэглі беларускі народ у ярмо непасільнае працы й празьмерных вызыскаў...» («Бацькі й дзеці»)

Зьнішчэньне векавых набыткаў для Дудзіцкага — гэта закабаленьне селяніна, адлучэньне земляроба-гаспадара ад зямлі, улада «пустадомкаў», руйнаваньне традыцыйных асноў сямейнай і грамадскай маралі, пераемнасьці пакаленьняў, выхаваньне людзей-манкуртаў — без каранёў, без гістарычнай памяці, прыніжэньне нацыянальнай годнасьці, глумленьне над роднай мовай, выкараненьне нацыянальна-сьведамай і ведамай народу інтэлігенцыі, вынішчэньне здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры. («Гістарычная дата», «Сьлядамі гадоў»)

Пра зьнішчэньне спраўнага селяніна-гаспадара, разбурэньне родных селішчаў неаднаразова гаварыў Дудзіцкі ў сваіх творах. Адчуваньнем нямінучай трагедыі, непазьбежнасьці пагібелі наладжанай вякамі і пакаленьнямі гаспадаркі вее са старонак незакончанага раману «Перад бурай». Нямнога знойдзецца мастацкіх твораў, дзе-б з такой сілай, скупымі выяўленчымі сродкамі быў намалявяны апошні звычайны дзень, на які ўжо насунуўся цень катастрофы.

І як спадзяваўся, верыў Дудзіцкі, што знойдуцца, згуртуюцца маладыя сілы, якія вызваляць Беларусь ад улады чужынцаў!

Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ, ён заўтра патроіцца, потым... ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ, муры, зьнітаваныя потам. І песьні нялюбае голас чужы мінуўшчынай стане заклятай, адно застануцца нам сьведкай крыжы — ліхая за шчырасьць адплата. «Па-над кручай»

У «Сьне Зьнябыціча» — своеасаблівай містэрыі, уключанай ва «Ўспаміны», пэўным парафразе паэмы С. Астрэйкі «Смарагды кроз», Дудзіцкі адкрыта гаварыў пра адказнасьць сучасьнікаў, заклікаў ратаваць Радзіму: