Выбрать главу

«...Прадзед Лукаш узяў мяне за руку й падвёў да вакна:

— Бойся Бога, праўнук, і не гняві мае крыві, — глуха сказаў ён, паказваючы на вялікі квяцісты сад. — Хто дазволіў гэтым людзям глуміцца над сьвятымі дарамі? Хіба-ж не абліваецца крывёю сэрца тваё, гледзячы, як валяцца пад сякерай на грэшную зямлю поўныя жыцьця й соку моцныя маладыя дрэвы? Кайся, мой праўнук!»

Свае спадзяваньні на адраджэньне дзяржаўнасьці Беларусі Ўладзімер Дудзіцкі зьвязаў з тымі пераменамі, што прыйшлі на яго зямлю ў 1941 годзе, хаця добра разумеў, што «рана струны душы лашчыць музыкай часу, песьняй дзікаю зброі сталёвай і пад радасьць чужую далонямі пляскаць». Але другога выйсьця ён ня бачыў: надзеі на самавызваленьне Беларусі ўжо ня было. Ня было й выбару — «шлях зусім вузкі». Пазьней, зьвяртаючыся да Нямеччыны, ён жорстка гаварыў пра тых, «хто учора за сьпінай нашаю нашай сьмерці каваў нажы», «лашчыў сэрца сьмяротным прысакам на ўзьвівах свае вясны, каб ня сьмелі узьняцца высака залатыя у песьнях сны», хто «пакалечыў так зманнай веліччу сьвежы полыск людской зары» і «надзеі у грудзях матчыных хто зьняважыў — на глум атрос?..» Няспраўджаныя надзеі не адзін раз адгукаліся потым у вершах Дудзіцкага горкімі радкамі.

А пакуль што ён кінуўся ў культурна-асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць, дазволеную на акупаванай тэрыторыі. Быў адным зь першых арганізатараў «Беларускай Газэты», працаваў загадчыкам Аддзелу Культуры і Асьветы ў Менску і Менскай акрузе, акруговым школьным інспэктарам у Барысаве, рэдагаваў ваенны часапіс «Беларус на варце». У гэты-ж час закончыў паэму «Клятва духу», падрыхтаваў да друку новы зборнік паэзіі «Напярэймы жаданьням» і зборнік апавяданьняў. Некаторыя творы тых часоў Ул. Дудзіцкі падпісваў як Мікола Дварэцкі.

Шмат сіл і часу аддаў Дудзіцкі Беларускаму Культурнаму Згуртаваньню — легалізаванай арганізацыі, якая павінна была ўзначаліць справу Вялікага Нацыянальнага Адраджэньня. У сваёй культурна-асьветніцкай дзейнасьці ваеннага пэрыяду Дудзіцкі кіраваўся наступным пастулятам: «Нацыянальная культура народу ёсьць крыніцай ягонае духовае моцы. Гэта той Праметэеў агонь, які дало нам само неба. Калі гэтая крыніца высыхае, калі гэты агонь гасьне, тады параліжуецца розум народу і перастае біцца ягонае сэрца. Згуба свае роднае культуры, замена яе чужой, азначае сьмерць народу. Ён ужо тады ня ёсьць раўнапраўным сябрам у вагульнай сям’і народаў і робіцца нявольнікам чужое культуры. А за культурнай няволяй, як няўхільны вынік яе, наступае і няволя палітычная. Гісторыя ўсіх народаў сьвету павучае нас, што яны за найвышэйшы свой скарб уважалі родную культуру і таму ня толькі рупіліся аб яе захаваньні і разьвіцьці, але і аб пашырэньні між іншых народаў. А з культураў асобных народаў складаецца культура чалавецтва. Народ, які ў гэтую агульную скарбніцу нічога свайго ня ўносіць, спатыкае толькі пагарду».(«Беларускае Культурнае Згуртаваньне»)

Узначальваў Беларускае Культурнае Згуртаваньне літаратар Аўген Калубовіч, у склад Цэнтральнага Ўраду Згуртаваньня ўвайшлі ведамая паэтка Натальля Арсеньнева, рэжысэр і актор Вечаслаў Сялях, кампазытар Мікола Шчаглоў, паэт Уладзімер Дудзіцкі, этнограф Антон Шукелайць. Рэдактарам узноўленага літаратурна-мастацкага часапісу «Ўзвышша» быў абраны ведамы беларускі публіцыст і пісьменьнік, былы «ўзвышэнец» Юрка Віцьбіч. Вакол БКЗ гуртаваліся дзясяткі беларускіх дзеячаў культуры: пісьменьнік Янка Ліманоўскі, кіраўнік народных хораў Аляксандр Ягораў, кампазытар Рыгор Самохін і іншыя. («На тле зруйнованых сьвятынь»)

Дудзіцкі спадзяваўся, што БКЗ зьбярэ ўсіх беларускіх творцаў як старэйшага, так і маладзейшага пакаленьня. Узначаліўшы аддзел прапаганды беларускае культуры, ён скіраваў усю сваю ўвагу на тое, каб узнавіць у памяці і сьведамасьці нашага народу вялікую культуру мінуўшчыны і вялікія гістарычныя традыцыі. Імёны слаўных сыноў Крывіччыны-Беларусі, якія стварылі няўміручыя помнікі нацыянальнае культуры — Францішка Скарыны, Льва Сапегі, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, — нязьменна паўтараюцца ў яго артыкулах. («За культуру і асьвету», «Гістарычная дата», «Янка Купала»)

Галоўны клопат Дудзіцкага — нацыяняльная школа, навучаньне дзяцей на роднай мове. Сваё разуменьне сыстэмы народнай адукацыі ён грунтуе на гуманістычных высновах пэдагогаў-рэфарматараў і нашых вялікіх продкаў — Францішка Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага, Сымона Полацкага, — імкнецца ажыцьцявіць іх пэдагагічныя ідэі ў школьнай практыцы. Значна пазьней у радыёперадачы, прысьвечанай Яну Амосу Каменскаму, Дудзіцкі абагульніў свае ўяўленьні пра навучаньне і выхаваньне моладзі ў нацыянальнай школе. («Пэдагагічныя ідэі Яна Амоса Каменскага. Да 370-й гадавіны з дня нараджэньня»)