Выбрать главу
Вятры з заходняй стараны сьпіраліся з наплывам чэрні. А мы ад раньня да вячэрні ўсе чыста — дочкі і сыны — маліліся, каб тыя церні — вянкі разбойнай сатаны — рукамі прышлыя напасьці на цемя сатане пакласьці.

Так пакрысе пачынае выяўляцца вобраз Сатаны, што стаўся абагульненым партрэтам Леніна, Сталіна і Гітлера (радкі зь вершаў, што ніжэй цытуюцца, належаць да розных гадоў — ад трыццатых да пяцідзесятых). Прыгадаем паэму «Зьвер двухногі». Яна адносіцца да тэкстаў такога тыпу, дзе, як гэта здараецца ў міфах, «кароль ніколі ня бывае толькі каралём, а пастушка пастушкай» — па трапным выслоўі К. Леві-Строса. Асацыятыўнасьць і сугэстыўнасьць паэмы зьбліжае яе з эсхаталагічнымі творамі сусьветнай літаратуры, што выступаюць у якасьці матывуючых падтэкстаў і выяўляюцца ўжо ў назве твора. Яна адсылае нас да Зьвера Апакаліпсісу. Пачынаецца паэма так: «Шмат разоў чалавек аплакаў спадзяваньняў сваіх зару». Натуральна, пад «зарой» маецца на ўвазе «пачатак». Але, акрамя таго, гэта тыповае параўнаньне з Люцыферам — само імя яго значыць ’ранішняя зорка’. Сваімі каранямі параўнаньне ўзыходзіць да Бібліі (цытуецца па выданьню: «Сьвята Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма Старога і Новага Закону». Нью-Ёрк, 1973»): «Як зваліўся ты зь неба, дзяньніца, сыну раньня, разьбіўся вобземлю ты, што кволіў народы». (Ісая 14:12) Ня трэба зьдзіўляцца, што такое азначэньне нададзена Князю Цемры (бо і Хрыстос параўноўваецца з зоркай у «Аб’яўленьні сьв. Яна»), што менавіта так пачынае паэму Дудзіцкі. Трэба помніць, што Дэман некалі быў сам напаўбогам, блізкім да Яго. Ці не такімі ўяўляліся напачатку тыя «маляваныя ідалы», пра каго казаў паэт?! Тое, што выглядала перамогай веры, на справе сталася гібельлю. Дудзіцкі яскрава ўсьведамляе, чаму-ж так адбылося, у чым віна, за што кара і кажа: «Мы пазналі цану маляванага ідала і чаго абяцанкі ягоныя вартыя... Край наш цудоўны расьпялі й павесілі на крыжы апляваным» («Маем сілу і край свой»), «Грэшнік цяпер калыша шчасьце і наша імя» («Веру я ў сілу сілаў»). Тут прамая алюзія на Стары Запавет, прытчу пра Залатога Цяльца, дзеля якога народ здрадзіў сваім багам і быў за што жорстка пакараны.

Аднак вернемся да вобраза Зьвера. Што ў апісаньні Дудзіцкага дае нам падставу ўважаць яго за Люцыфера?

Мо’ гэта здань? А можа сон на вочы скінуў вэлюм шэры? Чаму-ж ён чорнае крысо падняў на вузкі лысы чэрап?

Адзін з характэрных атрыбутаў Д’ябла — яго пляшывасьць. Гэты знак можа быць успрыняты як адмеціна распуснага жыцьця й празьмернай пажадлівасьці: «Гасподзь зробіць пляшывымі цемя дачок Сыёну, і Гасподзь аголе сорам іхні». (Ісая 3:17) З матывам ’пляшывасьці’ цесна зьвязана і такая рыса вобліка Д’ябла як бязносасьць. Гэта можа быць і вынікам вэнэрычнае хваробы: «Страшэнны чалавек сьвідруе цемру носам крота», «Хавай-жа твар свой, сьцеражы...» Гэта яшчэ адзін знак распусты (Першы ліст сьв. Паўла апостала да Карынцян). І як лагічнае разьвіцьцё вобраза Зьвера-Д’ябла — апісаньне яго рэакцыі на крыж — атрыбут хрысьціянства:

І нема стаўшы ля дарогі,      глядзіць зьняважліва на тры сьвятыя сымбалі двухногі...

Як гэта сугучна наступнаму: «І разявіў ён ляпу для блявузганьня на Бога, блявузгаць на імя Ягонае, і на вітальню Ягоную, і на жыхарачых на небе» (Аб’яўленьне сьв. Яна).

Уладу Зьвер атрымаў вялікую: упіваецца ў душу «чорным кіпцем», «імкнецца.. ўкрасьці душу з грудзей людскіх». І пасьля таго зьбірае сваё войска, няволіць людзей:

Як вецер сьлед мой заграбе, магу табе ужо прызнацца: смалой на кволым тваім лбе з уцехай выпеку «13».

Вядома, у «Аб’яўленьні сьв. Яна» (13:16) гаворка ідзе пра іншую лічбу — 666, але сутнасьць Зьвера ў паэме Дудзіцкага і ў Апакаліпсісе аднолькавая — паляваньне за людскімі душамі, а страта душы вядзе да крушэньня чалавечнасьці і перамогі зла.

Успрыняцьце сацыяльных, нацыянальных, чалавечых трагедыяў ХХ стагодзьдзя праз вобразы Апакаліпсіса не залежыць ад рэлігійнасьці паэта. Для Дудзіцкага сьвятая кніга Біблія, пастулаты хрысьціянства выступаюць мерай агульначалавечых каштоўнасьцяў. Выкарыстоўваючы матывы Апакаліпсісу, Дудзіцкі працягвае распрацоўваць традыцыі сусьветнай літаратуры ў адлюстраваньні барацьбы дабра і зла, сьвятла і цемры, жыцьця і сьмерці, знаходзячы свае непаўторныя характарыстыкі: «Сьцякаюць крывёю зямныя пласты у лёхах няўмольных усходу», «Зрываюцца буры з надломаных скал, каб яркнулі зоры над пусткай», «З расколін чэрвеньскага землятрусу выходзілі і захлыналіся нябожчыкі ад дзіва», «І сьвет жывых пякельным здаўся варам»...