Выбрать главу

Сьвет паэзіі Дудзіцкага не гарманічны. Гэта сьвет моцных перажываньняў, драматычных сутыкненьняў, гэта сьвет, дзе напору чужых, разбуральных сіл супрацьстаіць мінулае, якое паэт схільны нават ідэалізаваць, і будучыня, у якую паэт верыць, але якая з кожным крокам усё аддаляецца. Побач з трагічным, што ўвабрала і лёс паэта «на пераломе спадаў і няўдач», і яго адчуваньне сябе як «вечнага выгнаньніка», — замілаванае, паэтычнае, што ішло ад успамінаў, духоўнай сувязі з роднай зямлёй. Услухаемся ў гэты боль душы:

Сухатвары белы сьвет, няблізкі, навашчыўшы поўсьці жоўтай хіб, сустракаў нас жованым агрызкам невідзі за нашыя грахі.      «Грахі» Грымяць і грымяць цягнікі у бляску крывавых усхліпаў. У спрыце вар’яцкім такім трывога да шыбаў прыліпла.      «Клятва духу» Глянем на сьвет вачыма паэта: Акалелы месяц спорна косіць трапяткую палахлівых зор ікру.      «Шлях зусім вузкі» Сырадоем сівой начы умываецца спуджаны ранак.      «Не прадам я ніколі вясны» Лета выскубла жмук асакі і ў палёх на спачын прысела.      «Не шкадую яго і ня плачу»

Толькі такой і магла быць паэзія сацыяльных і духоўных разломаў, у якой адлюстравалася адна з самых трагічных старонак «клятага веку», і, зразумела, такая паэзія патрабавала адпаведнай сістэмы вобразных сродкаў. І прыведзеныя вышэй метафары, і параўнаньні, і эпітэты Дудзіцкага перадаюць сьвежае, нечаканае бачаньне і асэнсаваньне сьвету: рэчыўнае зьбліжаецца з духоўным, набывае яго якасьці і раскрывае складанасьць і супярэчлівасьць быцьця. Словы з канкрэтным, бытавым значэньнем, узмоцненыя, як правіла, нетрадыцыйнымі азначэньнямі, у сутыкненьні з абстрактнымі найменьнямі ўтвараюць новыя, нязвыклыя кантэкстуальныя значэньні з выразнай экспрэсіўнай прыметай — станоўчай або адмоўнай.

Прыгадаем некалькі эпітэтаў: крывёй палуджаныя зоры, няўцешныя перамогі, скрыўджаны пагост, расьцяты маланкаю час, абвуглелыя далі, глейкі сум, чубатая доля, кужэльная пакоша, неўлагоджаны скрып панараду, апаленая краса кветак, кашміровая засень аселіц, смуглатвары глыбоцкі вечар, наваскованыя сонцам дарогі, хараство абняслаўленай сіні.

Слова паэта абнаўляе сваю семантыку ў шматлікіх параўнаньнях, дзе адбываецца вобразная трансфармацыя аб’екта параўнаньня і ўзбагачэньне яго дадатковымі (пераважна негатыўнымі) эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценьнямі, сугучнымі жыцьцёваму вопыту аўтара. У Дудзіцкага сьвет нязнаны, як доля; зманлівасьць былых уцех выгінаецца халодным вужам; ноч пакутная, як пекла; сьцены камяніц, бы скамянелы жоўты прывід; месяц смутны, як і лёс мой; рубцуе, бы вогненны выліў вулькану, зьнішчэньне свой поступ на твары стагодзьдзя; апаленай медзьдзю сплываюць з галінаў лісты; лёгкі крыж здаецца гарою, маладосьць упала сівым тлом пад енк вятроў на дзікай высьпе.

Паэзія Дудзіцкага патрабуе ад чытача поўнай самааддачы, пільнай увагі і ўслухоўваньня ў вершы, бо вобразны строй іх складаны й шматслойны, што падкрэсьліваецца і складанасьцю сінтаксічных канструкцый. Дудзіцкі часта зьвяртаецца да інвэрсіі, якая дапамагае яму расставіць сэнсавыя акцэнты ў адпаведнасьці з творчай задумай: Адзінокія, блудзяць сьцежкамі спадзяваньні пад млосным небам; каб мае расьцьвілі ўсе найлепшыя сны; Навошта сэрцу, скажы, раны, каханьнем жыць якое хоча; Усе, валок што край мой і народ, на горб ваш пакладу цяжкія мукі. Гэтай мэце адпавядае і ўласьцівая Дудзіцкаму кальцавая кампазыцыя вершаў («Дваццаць пяты», «І думы, і словы, і сны», «Да зброі, да чыну» і іншыя).

Паэтычнае майстэрства Дудзіцкага грунтуецца на выдатнай беларускай мове. Нягледзячы на гады, пражытыя на чужыне, і дзесяцігодзьдзі творчай працы ў адрыве ад роднай моўнай стыхіі, ён захаваў жывое беларускае слова. Яго мова ня сьцёрлася, не засьмецілася, зьберагла выразнасьць і мілагучнасьць, граматычную правільнасьць — прыгажосьць і фарбы матчынай мовы і тую «літаратурнасьць», якую ён пераняў ад сваіх настаўнікаў: Ігната Зянько, Язэпа Лёсіка, Усевалада Ігнатоўскага, якую вынес са сьцен «беларускага ліцэя».