... Гай зь цяжкасьцю ўдыхнуў і рвануў на сабе каўнер камбінэзона. У вушах зьвінела, сьвет перад вачыма плыў і пагойдваўся. Сьвет быў у тумане, але туман хутка расьсейваўся, нылі мускулы і нядобра пяршыла ў горле. Потым ён убачыў твар Максіма, цёмны, хмурны, нават нейкі жорсткі. Успамін пра нешта салодкае ўсплыў і адразу зьнік, але чамусьці вельмі захацелася ўстаць на «зважай» і пстрыкнуць абцасамі. Зрэшты, Гай разумеў, што гэта недарэчна, што Максім раззлуецца.
— Я нешта нарабіў? — спытаў ён вінавата і з асьцярогай агледзеўся.
— Гэта я нарабіў, — адказаў Максім. — Зусім забыўся на гэтую дрэнь.
— На што?
Максім вярнуўся ў сваё крэсла, паклаў руку на рычаг і стаў глядзець наперад.
— На вежы, — сказаў ён, нарэшце.
— На якія вежы?
— Я ўзяў занадта моцна на поўнач, — сказаў Максім. — Мы трапілі пад прамянёвы ўдар.
Гаю стала сорамна.
— Я крычаў гімн? — спытаў ён.
— Горш, — адказаў Максім. — Добра, надалей будзем асьцярожней.
З пачуцьцём вялікай няёмкасьці Гай адвярнуўся, пакутліва спрабуючы згадаць, што ж ён тут рабіў, і пачаў разглядаць сьвет унізе. Ніякай вежы ён ня ўбачыў, і, вядома, ужо ня ўбачыў ні ангара, ні поля, зь якога яны ўзьляцелі. Унізе павольна паўзла ўсё тая ж лапікавая коўдра, і яшчэ была бачная рака, цьмяная мэталічная зьмейка, якая зьнікала ў туманнай смузе далёка наперадзе, дзе ў небе сьцяной павінна было падымацца мора... Што ж я тут балбатаў? — думаў Гай. Напэўна, нейкую сьмяротную лухту нёс, бо Максім вельмі незадаволены і ўстрывожаны. Масаракш, можа быць, да мяне вярнуліся мае гвардзейскія звычкі, і я Максіма як-небудзь абразіў?... Дзе ж гэтая клятая вежа? Добры выпадак скінуць на яе бомбу...
Бамбавоз раптам скаланула. Гай прыкусіў язык, а Максім ухапіўся за рычаг дзьвюма рукамі. Нешта было не ў парадку, нешта здарылася... Гай небясьпечна азірнуўся і з палёгкай выявіў, што крыло на месцы, а прапэлеры круцяцца. Тады ён паглядзеў дагары. У бялявым небе над галавой павольна расплываліся нейкія вугальна-чорныя плямы. Нібы кроплі тушы ў вадзе.
— Што гэта? — спытаў ён.
— Ня ведаю, — сказаў Максім. — Дзіўная штука... — Ён вымавіў яшчэ два нейкія незнаёмыя словы, а потым з запінкай сказаў: — Атака... нябесных камянёў. Глупства, так не бывае. Верагоднасьць — нуль цэлых, нуль-нуль... Што я іх — прыцягваю?...
Ён зноў вымавіў незнаёмыя словы і змоўк.
Гай хацеў спытаць, што такое нябесныя камяні, але тут краем вока заўважыў дзіўны рух справа ўнізе. Ён угледзеўся. Над брудна-зялёнай коўдрай лесу павольна ўспушвалася грузная жаўтаватая куча. Ён не адразу зразумеў, што гэта — дым. Потым у нетрах кучы бліснула, зь яе сьлізганула дагары доўгае чорнае цела, і ў тую ж сэкунду гарызонт раптам жудасна перакасіўся, устаў сьцяной, і Гай учапіўся ў падлакотнікі. Аўтамат сасьлізнуў у яго з каленяў і пакаціўся па падлозе. «Масаракш... — прашыпеў у навушніках голас Максіма. — Вось гэта што такое! Ах я, дурань!» Гарызонт зноў выраўняўся, Гай пашукаў вачыма жоўтую кучу дыму, не знайшоў, стаў глядзець наперад і раптам убачыў прама па курсе, як над лесам падняўся фантан рознакаляровых пырскаў, зноў гарой успучылася жоўтае воблака, бліснуў агонь, зноў доўгае чорнае цела павольна паднялося ў неба і лопнула асьляпляльна-белым шарам — Гай прыкрыў вочы рукой. Белы шар хутка патух, наліўся чорным і расплыўся гіганцкай кляксай. Падлога пад нагамі стала правальвацца, Гай шырока раскрыў рот, хапаючы паветра, на сэкунду яму падалося, што страўнік вось-вось выскачыць вонкі, у кабіне пацямнела, ірваны чорны дым сьлізгануў насустрач і ў бакі, гарызонт зноў перакасіўся, лес быў цяпер зусім блізка зьлева, Гай зажмурыўся ў чаканьні ўдару, болю, гібелі, — паветра бракавала, усё вакол трэслася й уздрыгвала. «Масаракш... — шыпеў голас Максіма ў навушніках. — Трыццаць тры разы масаракш...» І тут коратка і люта прагрукацела побач у сьцяну, нібы хтосьці ва ўпор біў з кулямёта, у твар ударыла тугая ледзяная бруя, шлем сарвала прэч, і Гай скурчыўся, хаваючы галаву ад рову і сустрэчнага ветру. Канец, думаў ён. У нас страляюць, думаў ён. Зараз нас саб’юць, і мы згарым, думаў ён... Аднак, нічога не адбывалася. Бамбавоз скаланула яшчэ некалькі разоў, некалькі разоў ён праваліўся ў нейкія ямы і зноў вынырнуў, а потым роў рухавікоў раптам змоўк, і наступіла жудасная цішыня, напоўненая сьвісьцячым выцьцём ветру, што рваўся скрозь прабоіны.