Гай пачакаў крыху, потым асьцярожна падняў галаву, імкнучыся не падстаўляць твар ледзяным бруям. Максім быў тут. Ён сядзеў у напружанай позе, трымаючыся за рычаг абедзьвюма рукамі, і пазіраў то на прыборы, то наперад. Мышцы пад карычневай скурай узьдзьмуліся. Бамбавоз ляцеў неяк дзіўна, — ненатуральна задраўшы насавую частку. Маторы не працавалі, Гай азірнуўся на крыло й абамлеў. Крыло гарэла.
— Пажар! — закрычаў ён і паспрабаваў ускочыць. Пасы не пусьцілі.
— Сядзі спакойна, — сказаў Максім скрозь зубы, не паварочваючыся.
— Дык крыло ж гарыць!...
— А я што магу зрабіць? Я ж казаў — куфар... Сядзі, ня торгайся.
Гай узяў сябе ў рукі і стаў глядзець наперад. Бамбавоз ляцеў зусім нізка. Ад мільгаценьня чорных і зялёных плямаў мітусілася ў вачах. А наперадзе ўжо падымалася бліскучая, сталёвага колеру паверхня мора. Разаб’емся да чорта, падумаў Гай з заміраньнем у сэрцы. Кляты прынц-герцаг са сваім клятым бамбавозам, масаракш, таксама мне — абломак імперыі, ішлі б сабе спакойненька пешшу і гора б ня ведалі, а цяпер згарым, а калі не згарым, дык разаб’емся, а калі не разаб’емся, дык патонем... Максіму што — ён уваскрэсьне, а мне — канец... Не хачу.
— Ня торгайся, — сказаў Максім. — Трымайся мацьней... Зараз...
Лес унізе раптам скончыўся, Гай убачыў, як наперадзе прама на яго нясецца хвалістая шэра-сталёвая паверхня і заплюшчыў вочы...
Удар. Храбусьценьне. Жахлівае шыпеньне. Зноў удар. І яшчэ ўдар. Усё ляціць да чорта, усё загінула, канец усяму, Гай лямантуе ад жаху. Нейкая вялізная сіла хапае яго і спрабуе вырваць з коранем з крэсла разам з пасамі, разам з усімі вантробамі, расчаравана шпурляе назад, вакол усё трашчыць і ламаецца, сьмярдзіць гарам і пырскаецца цеплаватай вадой. Потым усё заціхае. У цішыні чуецца плёскат і цурчаньне, нешта шыпіць і патрэсквае, падлога пачынае павольна калыхацца. Здаецца, можна адкрыць вочы і паглядзець, як там, на тым сьвеце...
Гай расплюшчыў вочы і ўбачыў Максіма, які, навіснуўшы над ім, расшпільваў яму пасы.
— Плаваць умееш?
Ага, значыць, мы жывыя.
— Умею, — адказаў Гай.
— Тады пайшлі.
Гай асьцярожна падняўся, чакаючы вострага болю ў зьбітым і пераламаным целе, аднак цела аказалася ў парадку. Бамбавоз ціхенька пагойдваўся на дробнай хвалі. Левага крыла ў яго не было, правае яшчэ боўталася на нейкай дзіркаватай мэталічнай паласе. Прама па носе быў бераг — відавочна, бамбавоз разьвярнула пры пасадцы.
Максім падабраў аўтамат, закінуў за сьпіну і расчыніў дзьверцы. У кабіну зараз жа хлынула вада, адчайна засьмярдзела бэнзынам, падлога пад нагамі пачала павольна нахіляцца.
— Уперад, — скамандаваў Максім, і Гай, праціснуўшыся паўз яго, паслухмяна бухнуўся ў хвалі.
Ён пагрузіўся з галавой, вынырнуў, адплёўваючыся, і паплыў да берага. Бераг быў блізка, цьвёрды бераг, па якім можна хадзіць і на які можна падаць без небясьпекі для жыцьця. Максім, бясшумна разразаючы ваду, плыў побач. Масаракш, ён і плавае як рыба, нібы ў вадзе нарадзіўся... Гай, адсопваючыся, з усіх сілаў працаваў рукамі і нагамі. Плыць у камбінэзоне і ў ботах было вельмі цяжка, і ён узрадаваўся, калі зачапіў нагой пясчанае дно. Да берага было яшчэ парадкам, але ён устаў і пайшоў, разграбаючы перад сабой брудную, залітую алейнымі плямамі ваду. Максім працягваў плыць, абагнаў яго і першым выйшаў на спадзісты пяшчаны бераг. Калі Гай, хістаючыся, падышоў да яго, ён стаяў, расставіўшы ногі, і глядзеў на неба. Гай таксама паглядзеў на неба. Там расплывалася мноства чорных кляксаў.
— Пашанцавала нам, — прамовіў Максім. — Штук дзесяць выпушчана было.
— Каго? — спытаў Гай, паляпваючы сябе па вуху, каб вытрасьці ваду.
— Ракетаў... Я зусім забыўся пра іх... Дваццаць гадоў яны чакалі, пакуль мы праляцім — дачакаліся... І як толькі я не здагадаўся!