Гай незадаволена падумаў, што ён бы таксама мог здагадацца пра гэта, а вось не здагадаўся. А мог бы яшчэ дзьве гадзіны таму сказаць: як жа, маўляў, мы паляцім, Мак, калі ў лесе поўна шахтаў з ракетамі? Не, прынц-герцаг, дзякуй, вядома, але лепш лёталі б вы на сваім бамбавозе самі... Ён азірнуўся на мора. «Горны Арол» амаль зусім затануў, зламаны этажэрчаты хвост ягоны жаласна тырчаў з вады.
— Ну, добра, — сказаў Гай. — Як я разумею, да Астраўной Імпэрыі нам цяпер не дабрацца. Што рабіць будзем?
— Перш за ўсё, — адказаў Максім, — прымем лекі. Даставай.
— Навошта? — спытаў Гай. Ён вельмі не любіў таблеткі прынца.
— Вельмі брудная вада, — сказаў Максім. — У мяне ўся скура гарыць. Давай-ка адразу таблеткі па чатыры, а то й па пяць.
Гай пасьпешліва дастаў адну з ампулаў, адсыпаў на далонь дзясятак жоўтых шарыкаў, і яны зьелі гэтую порцыю папалам.
— А цяпер пайшлі, — сказаў Максім. — Вазьмі свой аўтамат.
Гай узяў аўтамат, сплюнуў едкую гаркату, што сабралася ў роце і, гразнучы ў пяску, рушыў сьледам за Максімам уздоўж берага. Было сьпякотна, камбінэзон хутка падсох, толькі ў ботах яшчэ хлюпала. Максім ішоў хутка і ўпэўнена, як быццам дакладна ведаў, куды трэба ісьці, хоць вакол нічога не было відаць, акрамя мора зьлева і шырокага пляжу наперадзе і справа, а таксама высокіх выдмаў у кілямэтры ад вады, за якімі час ад часу зьяўляліся верхавіны лясных дрэў.
Яны прайшлі кілямэтры тры, і Гай увесь час думаў, куды ж яны ідуць і дзе наогул знаходзяцца. Пытацца ён не хацеў, хацеў сьцяміць сам, але, прыгадаўшы ўсе абставіны, зразумеў толькі, што недзе наперадзе мусіць быць вусьце Блакітнае Зьмяі, а ідуць яны на поўнач — незразумела куды і незразумела навошта... Цяміць яму хутка надакучыла. Прытрымваючы зброю, ён подбегам нагнаў Мака і спытаў, якія ў іх цяпер, уласна, пляны.
Максім ахвотна адказаў, што плянаў пэўных у іх з Гаем цяпер няма і застаецца спадзявацца на выпадковасьці. Застаецца ім спадзявацца, што якая-небудзь белая субмарына падыдзе да берага, і яны падасьпеюць да яе раней, чым гвардзейцы. Аднак, паколькі чакаць такога выпадку пасярод сухіх пяскоў — задавальненьне сумніўнае, трэба паспрабаваць дайсьці да Курорту, які павінен быць тут недзе недалёка. Сам горад, вядома, даўно разбураны, але крыніцы там амаль напэўна захаваліся, і наогул будзе дах над галавой. Пераначуем у горадзе, а там паглядзім. Магчыма, ім давядзецца правесьці на ўзьбярэжжы не адзін дзясятак дзён.
Гай асьцярожна заўважыў, што плян гэты ўяўляецца яму нейкім дзіўным, і Мак тут жа пагадзіўся з гэтым і з надзеяй у голасе спытаў Гая, ці няма ў таго ў запасе якога-небудзь іншага пляну, разумнейшага. Гай сказаў, што, на жаль, ніякага іншага пляну ў яго няма, але што трэба памятаць пра гвардзейскія танкавыя патрулі, якія, наколькі яму вядома, забіраюцца ўздоўж узьбярэжжа на поўдзень вельмі далёка. Максім нахмурыўся і сказаў, што гэта дрэнна, што трэба трымаць вуха востра і ня даць застаць сябе зьнянацку, пасьля чаго некаторы час з прадузятасьцю распытваў Гая пра тактыку патрулёў. Даведаўшыся, што танкі патрулююць ня столькі бераг, колькі мора, і што ад іх можна лёгка схавацца, залёгшы ў выдмах, ён супакоіўся і пачаў насьвістваць незнаёмы марш.
Пад гэты марш яны пратупалі яшчэ кілямэтры два, а Гай усё думаў, як жа ім паводзіць сябе, калі патруль іх усё ж заўважыць, і, прыдумаўшы, выклаў свае меркаваньні Максіму. Калі нас знойдуць, сказаў ён, нахлусім, быццам мяне выкралі вырадкі, а ты за імі пагнаўся і адбіў мяне, блукалі мы з табой, блукалі па лесе і вось сёньня выйшлі сюды... А што нам гэта дасьць? — спытаў Максім без асаблівага энтузіязму. А тое нам гэта дасьць, сказаў Гай, раззлаваўшыся, што нас прынамсі ня шлёпнуць адразу ж на месцы... Ну ўжо не, цьвёрда сказаў Максім. Шлёпнуць я сябе больш ня дам, ды й цябе таксама... А калі танк? — з захапленьнем спытаў Гай. А што — танк? — сказаў Максім. Падумаеш, танк... Ён памаўчаў некаторы час, а потым сказаў: а ведаеш, нядрэнна б нам захапіць танк. Гай убачыў, што думка гэтая вельмі яму па душы. Выдатная ў цябе ідэя, Гай, сказаў Максім. Так мы і зробім. Захопім танк. Як толькі яны зьявяцца, ты зараз жа смальні ў паветра з аўтамата, а я закладу рукі за сьпіну, і ты вядзеш мяне пад канвоем прама да іх. А там ужо мой клопат, але глядзі, трымайся ў старонцы, не пападзіся пад руку і, галоўнае, больш не страляй... Гай загарэўся і тут жа прапанаваў ісьці па выдмах, каб іх здалёк было відаць. Так і зрабілі, падняліся на выдмы. І адразу ўбачылі белую субмарыну.
За выдмамі адкрывалася невялікая плыткая бухта, і субмарына ўзвышалася над вадой у сотні мэтраў ад берага. Уласна, яна зусім не была падобная на субмарыну і, тым больш, на белую. Гай вырашыў спачатку, што гэта — ня тое туша нейкай велічэзнай двухгорбай жывёлы, ня тое мудрагелістай формы скала, што немаведама адкуль устала зь пяскоў. Але Максім адразу зразумеў, што гэта. Ён нават дапусьціў, што субмарына закінутая, што стаіць яна тут ужо некалькі гадоў і што яе засмактала. Так яно і аказалася. Калі яны дабраліся да бухты і спусьціліся да вады, Гай убачыў, што доўгі корпус і абедзьве надбудовы пакрытыя іржавымі плямамі, белая фарба аблупілася, артылерыйская пляцоўка скручаная набок, і гармата глядзіць у ваду. У абшыўцы зэўралі чорныя дзіркі з закапцелымі краямі — нічога жывога там, вядома, застацца не магло.