Цяплушка сустрэла гэтае паведамленьне смачным патрыятычным іржаньнем. Усе сорак чалавек неадкладна згрудзіліся вакол Зэфа. Доўгі час не маглі прыладзіцца, камусьці далі па зубах, каб ня пхаўся, кагосьці парнулі шылам у мяккае месца, лаяліся і скардзіліся адзін на аднаго, пакуль Максім, нарэшце, ня гаркнуў: «Ціха, падонкі!» Тады ўсе супакоіліся. Зэф уключыў прымач і пачаў лавіць усе станцыі запар.
Адразу высьветліліся цікаўныя рэчы. Па-першае, аказалася, што вайна яшчэ не пачалася і што радыёстанцыя «Голас Айцоў», што апошні тыдзень лямантавала пра кровапралітныя бітвы на нашай тэрыторыі, хлусіць найнястрымнейшым чынам. Аніякіх кровапралітных бітваў не было. Ханційская Патрыятычная Ліга ў жаху крычала на ўвесь сьвет аб тым, што гэтыя бандыты, гэтыя ўзурпатары, гэтыя так званыя Невядомыя Айцы скарысталіся гнюснай правакацыяй сваіх наймітаў у асобе так званай і праславутай Ханційскай Вуніі Справядлівасьці і цяпер канцэнтруюць свае браняваныя орды на межах шматпакутнай Хонці. У сваю чаргу Ханційская Вунія Справядлівасьці касьціла Ханційскіх Патрыётаў, гэтых платных агентаў Невядомых Айцоў, апошнімі словамі і ґрунтоўна распавядала, як нехта праўзыходнымі сіламі выцесьніў чыесьці зьнясіленыя папярэднімі баямі падраздзяленьні празь мяжу і не дае ім магчымасьці вярнуцца назад, і гэтая акалічнасьць і паслужыла падставай для так званых Невядомых Айцоў да варварскага ўварваньня, якога варта чакаць з хвіліны на хвіліну. І Ліга, і Вунія пры гэтым амаль у аднолькавых выразах лічылі сваім абавязкам папярэдзіць нахабнага агрэсара, што зваротны ўдар будзе знішчальным і туманна намякалі на нейкія атамныя пасткі.
Пандэйскае радыё абмалёўвала сытуацыю ў вельмі спакойных танах і без усялякага сораму абвяшчала, што Пандэю задаволіць любое разьвіцьцё гэтага канфлікту. Прыватныя радыёстанцыі Хонці і Пандэі забаўлялі слухачоў вясёлай музыкай і непрыстойнымі віктарынамі, а абедзьве ўрадавыя радыёстанцыі Невядомых Айцоў бесьперапынна перадавалі рэпартажы зь мітынгаў Нянавісьці ўперамешку з маршамі. Зэф таксама злавіў нейкія перадачы на мовах, вядомых толькі яму, і паведаміў, што княства Андол, аказваецца, яшчэ існуе і, больш за тое, працягвае зьдзяйсьняць разбойнічыя налёты на востраў Хазалг. (Ніводны чалавек у вагоне, акрамя Зэфа, ніколі раней ня чуў ні пра гэтае княства, ні пра такі востраў). Аднак, галоўным чынам этэр быў забіты няўяўнай лаянкай паміж камандзірамі частак і злучэньняў, якія пяліся праціснуцца да Сталёвага Плацдарму па дзьвюх расхлябаных чыгуначных нітачках.
— Зноў мы да вайны не гатовыя, масаракш, — заўважыў Зэф, выключаючы прымач і адкрываючы спрэчкі.
Зь ім не пагадзіліся. На думку большасьці сіла перла велічэзная, і ханційцам цяпер прыедзе канец. Крымінальнікі лічылі, што галоўнае — перайсьці мяжу, а там кожны чалавек будзе сам сабе гаспадар і кожны захоплены горад будуць аддаваць на тры дні. Палітычныя, то бок вырадкі, глядзелі на становішча больш змрочна, ня чакалі ад будучыні нічога добрага і прама заяўлялі, што пасылаюць іх на забой, падрываць сабою атамныя міны, ніхто зь іх жывым не застанецца, так што добра б дабрацца да фронту і там дзе-небудзь залегчы, каб не знайшлі. Пункты гледжаньня тых, хто спрачаліся, былі настолькі процілеглыя, што сапраўднай размовы не атрымалася, і патрыятычны дыспут вельмі хутка вырадзіўся ў аднастайную лаянку па адрасе сьмярдзючых тылавікоў, якія другія суткі не даюць жэрці і ўжо, відаць, пасьпелі раскрасьці ўсю паложаную гарэлку. Аб гэтым прадмэце штрафнікі гатовыя былі гаварыць ноч напралёт, таму Максім і Зэф выбраліся з натоўпу і палезьлі на нары, крыва зьбітыя з габляваных дошак.
Зэф быў галодны і злы, ён настроіўся быў паспаць, але Максім яму ня даў. «Спаць будзеш потым, — строга сказаў ён. — Заўтра, можа быць, будзем на фронце, а да гэтага часу ні пра што толкам не дамовіліся...» Зэф прабурчаў, што дамаўляцца няма пра што, пераначуем — болей пачуем, што Максім сам не сьляпы і павінен бачыць, у якім яны апынуліся лайне, што з гэтымі людцамі, з гэтымі злодзеямі і бухгальтарамі, кашы ня зварыш. Максім запярэчыў, што гаворка пакуль ідзе не пра кашу. Да гэтага часу незразумела, навошта гэтая вайна, каму яна спатрэбілася, і няхай Зэф будзе ласкавы ня спаць, калі зь ім размаўляюць, а падзеліцца сваімі меркаваньнямі. Зэф, аднак, не зьбіраўся быць ласкавым і не хаваў гэтага. Зь якое гэта ласкі, масаракш, ён будзе ласкавым, калі так хочацца жэрці і калі маеш справу з блазьнюком, які ня здольны на элемэнтарныя высновы, а яшчэ — туды ж! — лезе ў рэвалюцыю... Ён бурчэў, пазяхаў, чухаўся, перамотваў анучы, абзываўся, але Максім працягваў яго панукваць, узбадзёрваць і падсьцёбваць, таму ў рэшце рэшт ён разгаварыўся і выклаў свае ўяўленьні аб прычынах вайны.