Такіх магчымых прычынаў было, на ягоную думку, па меншай меры тры. Можа быць, яны дзейнічалі ўсе разам, а можа быць пераважала якая-небудзь адна. А можа быць, існавала чацьвёртая, якая яму, Зэфу, пакуль яшчэ не прыйшла ў галаву. Перш за ўсё — эканоміка. Дадзеныя аб эканамічным становішчы Краіны Айцоў захоўваюцца ў найстражэйшым сакрэце, але кожнаму ясна, што становішча гэтае — дзярмовае, масаракш-і-масаракш, а калі эканоміка ў дзярмовым становішчы, лепш за ўсё расчаць вайну, каб адразу ўсім заткнуць глоткі. Вяпрук, які зубы зьеў у пытаньні ўплыву эканомікі на палітыку, прадказваў гэтую вайну яшчэ пяць гадоў таму. Вежы, ці ведаеце, вежамі, а галеча галечай. Унушаць галоднаму чалавеку, што ён сыты, доўга нельга, не вытрымлівае псыхіка, а кіраваць звар’яцелым народам — задавальненьне маленькае, асабліва калі ўлічыць, што вар’яты выпраменьваньню не паддаюцца... Іншая магчымая прычына — ідэалягічная. Дзяржаўная ідэалёгія ў Краіне Айцоў пабудаваная на ідэі пагрозы звонку. Спачатку гэта была проста хлусьня, прыдуманая для таго, каб дысцыплінаваць пасьляваенную вольніцу, потым тыя, хто прыдумаў гэтую хлусьню, сышлі са сцэны, а нашчадкі іхныя вераць і шчыра лічаць, што Хонці точыць зубы на нашыя багацьці. А калі ўлічыць, што Хонці — былая правінцыя старой імпэрыі, якая абвясьціла незалежнасьць у цяжкія часы, то да ўсяго дадаюцца яшчэ і каляніялісцкія ідэі: вярнуць гадаў ва ўлоньне, папярэдне строга пакараўшы... І, нарэшце, магчымая прычына ўнутрыпалітычнага характару. Ужо шмат гадоў ідзе грызьня паміж Дэпартамэнтам грамадзкага здароўя і вайскоўцамі. Тут ужо хто каго зьесьць. Дэпартамэнт грамадзкага здароўя — арганізацыя жудасная і ненасытная, але калі ваенныя дзеяньні пойдуць хоць колькі-небудзь пасьпяхова, паны генэралы возьмуць гэтую арганізацыю да ногця. Праўда, калі з вайны нічога талковага не атрымаецца, да ногця будуць узятыя паны генэралы, і таму нельга выключыць магчымасьць, што ўся гэтая задума ёсьць мудрагелістая правакацыя Дэпартамэнту грамадзкага здароўя. Між іншым, на тое й падобна — мяркуючы па шынку, які ўсюды дзеецца, а таксама па тым, што ўжо тыдзень гарлапанім на ўвесь сьвет, а ваенныя дзеяньні, аказваецца, яшчэ й не пачыналіся. А можа быць, масаракш, і не пачнуцца...
Калі Зэф дайшоў да гэтага месца, загрымелі і заляскалі буфэры, вагон здрыгануўся, звонку пачуліся крыкі, сьвісткі, тупат, і эшалён са штрафной танкавай брыгадай крануўся. Крымінальнікі грымнулі песьню: «І зноў ні жратвы нам і ні гарэлкі...»
Добра, сказаў Максім. Гэта ў цябе атрымліваецца цалкам праўдападобна. Ну а як табе ўяўляецца ход вайны, калі яна ўсё-ткі пачнецца? Што тады адбудзецца? Зэф агрэсыўна прагыркаў, што ён не які-небудзь генэрал, і без усялякага пераходу стаў распавядаць, як усё гэта яму ўяўляецца. Аказалася, што за час кароткай перадышкі паміж канцом сусьветнай і пачаткам грамадзянскай вайны ханційцы пасьпелі адгарадзіцца ад свайго былога сюзэрэна магутнай лініяй мінна-атамных палёў. Акрамя таго, ханційцы несумненна мелі атамную артылерыю, і ў іхных палітыканаў хапіла розуму ўсе гэтыя багацьці ў грамадзянскай вайне не выкарыстоўваць, а зьберагчы для нас. Так што карціна ўварваньня думаецца прыкладна наступным чынам. На вастрыё Сталёвага Пляцдарму выстраяць тры ці чатыры штрафныя танкавыя брыгады, падапруць іх з тылу армейскай карпусьнёй, а за армейцамі пусьцяць загарадатрады гвардзейцаў на цяжкіх танках, абсталяваных выпраменьвальнікамі. Вырадкі, накшталт мяне, будуць рвацца наперад, ратуючыся ад прамянёвых удараў, крымінальшчына і армейшчына будзе рвацца наперад у прыступе наведзенага энтузіязму, а ўхіленьні ад такой нормы, якія непазьбежна ўзьнікнуць, будуць зьнішчацца агнём гвардзейскай сволачы. Калі ханційцы ня дурні, яны адкрыюць агонь з дальнабойных гарматаў па загарадатрадам, але яны, трэба думаць, дурні, і зоймуцца яны, трэба думаць, узаемазьнішчэньнем — Ліга ў гэтай сумятні наляціць на Вунію, а Вунія ўчэпіцца зубамі ў азадак Лізе. Тым часам нашыя доблесныя войскі глыбока пранікнуць на тэрыторыю праціўніка і пачнецца найцікавейшае, чаго мы, нажаль, ужо ня ўбачым. Наш слаўны браніраваны паток страціць кампактнасьць і стане распаўзацца па краіне, няўмольна сыходзячы з зоны дзеяньня выпраменьвальнікаў. Калі Максім не нахлусіў пра Гая, у тых, хто адарваўся неадкладна пачнецца прамянёвае пахмельле, тым болей моцнае, што энэргіі на падсьцёбваньне падчас прарыву гвардзейцы шкадаваць ня будуць... Масаракш! — залямантаваў Зэф. Я так і бачу, як гэтыя крэтыны выбіраюцца з танкаў, кладуцца на зямлю і просяць іх прыстрэліць. І добрыя ханційцы, ня кажучы ўжо пра ханційскіх жаўнераў, азьвярэлыя ад усяго гэтага бязладзьдзя, ім, вядома, не адмовяць...