Выбрать главу

Цягнік набіраў хуткасьць, вагон моцна пагойдвала. У дальнім куце крымінальнікі рэзаліся ў косьці — гулялі на ахоўніка, маталася пад стольлю лямпа, на ніжніх нарах нехта манатонна бубніў, павінна быць, маліўся. Сьмярдзела потам, брудам, парашай. Тытунёвы дым еў вочы.

— Я думаю, у Генштабе гэта ўлічваюць, — працягваў Зэф, — а таму ніякіх імклівых прарываў ня будзе. Будзе вялая пазыцыйная вайна, ханційцы пры ўсёй іхнай дурасьці сьцямяць калі-небудзь, у чым справа, і пачнуць паляваць за выпраменьвальнікамі... Увогуле, ня ведаю я, што будзе, — заключыў ён. — Я ня ведаю нават, ці дадуць нам раніцай пажэрці. Баюся, што зноў не дадуць: зь якой ласкі?

Яны памаўчалі. Потым Максім сказаў:

— Ты ўпэўнены, што мы зрабілі правільна? Што нашае месца тут?

— Загад штабу, — прабурчаў Зэф.

— Загад загадам, — запярэчыў Максім, — а ў нас таксама ёсьць галовы на плячах. Можа быць, правільней было б уцячы разам зь Вепруком. Можа быць, у сталіцы мы былі б карысьнейшымі.

— Можа быць, — сказаў Зэф. — А можа быць і не. Ты ж чуў, што Вяпрук разьлічвае на атамныя бамбёжкі... многія вежы будуць разбураныя, утворацца свабодныя раёны... А калі бамбёжак ня будзе? Ніхто нічога ня ведае, Мак. Я вельмі добра ўяўляю сабе, які вэрхал зараз творыцца ў штабе... Правыя ходзяць гогалем: ва ўрадзе вось-вось паляцяць галовы і ўся гэтая сволач палезе на месцы, якія вызваляцца... — Ён задумаўся, капаючы ў барадзе. — Вяпрук вось наплёў нам наконт бамбёжак, але па-мойму ён не для гэтага падаўся ў сталіцу. Я яго ведаю, ён да гэтых правадырыстаў даўно дабіраецца... так што вельмі магчыма, што і ў нас у штабе галовы паляцяць...

— Значыць, у штабе таксама вэрхал, — павольна сказаў Максім. — Таксама, значыць, не гатовыя...

— Як яны могуць быць гатовыя? — запярэчыў Зэф. — Адны мараць зьнішчыць вежы, іншыя — захаваць вежы... Падпольле — гэта табе не палітычная партыя, гэта вінэгрэт, салата з крэветкамі...

— Так, я ведаю... — сказаў Максім. — Салата.

Падпольле не было палітычнай партыяй. Больш за тое, падпольле нават не было фронтам палітычных партыяў. Спэцыфіка абставінаў разьбіла штаб на дзьве непрымірымыя групы: катэгарычныя праціўнікі вежаў і катэгарычныя прыхільнікі вежаў. Усе гэтыя людзі былі ў большай ці меншай ступені ў апазыцыі да існуючага парадку рэчаў, але, масаракш, да чаго ж розьніліся іх падахвочваньні!

Былі біялягісты, якім было абсалютна ўсё роўна, ці стаіць ва ўладзе Тата, найбуйнейшы патомны фінансыст, кіраўнік цэлага клану банкіраў і прамыслоўцаў, або дэмакратычны зьвяз прадстаўнікоў працоўных слаёў грамадзтва. Яны хацелі толькі, каб клятыя вежы былі зрытыя і можна было б жыць па-чалавечы, як яны выказваліся, то бок па-старому, па-даваеннаму... Былі арыстакраты, уцалелыя рэшткі прывілеяваных клясаў старой імпэрыі, якія ўсё яшчэ ўяўлялі, што мае месца нейкае зацягнутае непаразуменьне, што народ верны законнаму спадкаемцу імпэратарскага пасаду (здаравеннаму маркотнаму дзяцюку, які моцна п’е і пакутуе на крывацёкі з носа) і што толькі гэтыя недарэчныя вежы, злачыннае спараджэньне здраднікаў прысягі прафэсараў Я. І. В. Акадэміі Навук, перашкаджаюць нашаму добраму прастадушнаму народу маніфэставаць сваю шчырую, добрую, прастадушную адданасьць сваім законным уладарам... За безумоўнае зьнішчэньне вежаў стаялі і рэвалюцыянэры — мясцовыя камуністы і сацыялісты, такія як Вяпрук, тэарэтычна падкаваныя і загартаваныя яшчэ ў даваенных клясавых баях; для іх зьнішчэньне вежаў было толькі неабходнай умовай вяртаньня да натуральнага ходу гісторыі, сыгналам да пачатку шэрагу рэвалюцыяў, якія прывядуць, у канчатковым выніку, да справядлівага грамадзкага ўпарадкаваньня. Да іх прымыкалі і па-бунтарску настроеныя інтэлектуалы, накшталт Зэфа або нябожчыка Гэла Кэтшафа — проста сумленныя людзі, што лічылі задуму зь вежамі агіднай і небясьпечнай, тупіковай для чалавецтва...

За захаваньне вежаў стаялі правадырысты, лібэралы і асьветнікі. Правадырысты — найправейшае крыло падпольля — былі, па выразе Зэфа, проста бандай уладалюбцаў, якія рваліся да дэпартамэнцкіх крэслаў, і рваліся небеспасьпяхова: нейкі Калу-Махляр, што прадраўся ў Дэпартамэнт прапаганды, быў у свой час важным лідэрам гэтай фашыстоўскай групоўкі. Гэтыя палітычныя бандыты былі гатовыя шалёна, не разьбіраючыся ў сродках, біцца супраць любога ўраду, калі ён складзены бязь іхнага ўдзелу... Лібэралы былі ў агульным супраць вежаў і супраць Невядомых Айцоў. Аднак, больш за ўсё яны баяліся грамадзянскае вайны. Гэта былі нацыянальныя патрыёты, што надзвычай клапаціліся пра славу і моц дзяржавы і асьцерагаліся, што зьнішчэньне вежаў прывядзе да хаосу, усеагульнага апляваньня сьвятыняў і беззваротнага распаду нацыі. У падпольлі яны сядзелі таму, што ўсе, як адзін, былі прыхільнікамі парлямэнцкіх формаў праўленьня... Што ж тычыцца асьветнікаў, то гэта былі, несумненна, сумленныя, шчырыя і недурныя людзі. Яны ненавідзелі тыранію Айцоў, былі катэгарычна супраць выкарыстаньня вежаў для падману масаў, але лічылі вежы магутным сродкам выхаваньня народа. Сучасны чалавек па натуры — дзікун і зьвер, казалі яны. Выхоўваць яго клясычнымі мэтадамі гэта справа стагодзьдзяў і стагодзьдзяў. Выпаліць ў чалавеку зьвера, задушыць у ім жывёльныя інстынкты, навучыць яго дабру, любові да бліжняга, навучыць яго ненавідзець невуцтва, хлусьню, абывацельшчыну — вось высакародная задача, і з дапамогай вежаў гэтую задачу можна было б вырашыць на працягу аднаго пакаленьня...