Выбрать главу

Ён сьніў Сонца, Месяц, зоркі. Усё адразу, такі быў дзіўны сон.

Спаць давялося нядоўга. Цягнік спыніўся, са скрыгатам адкацілася цяжкія дзьверы, і зычны голас гыркнуў: «Чацьвёртая рота! Вылятай!» Было пяць гадзін раніцы, сьвітала, стаяў туман і сыпаў дробны дожджык. Штрафнікі, канвульсыўна пазяхаючы, трасучыся ад дрыжыкаў, млява палезьлі з вагона. Капралы былі ўжо тут як тут, злосна і нецярпліва хапалі за ногі, зрывалі на зямлю, асабліва флегматычным давалі па шыі, крычалі: «разьбірайся па экіпажах! Станавіся!... Куды лезеш, скаціна? Зь якога ўзводу?... Ты, мардаты, табе колькі разоў паўтараць?... Куды палезьлі? Вашывая банда!...»

Сяк-так разабраліся па экіпажах, выстраіліся перад вагонамі. Нейкі ханурык, заблукаўшы ў тумане, бегаў, шукаў свой узвод — на яго брахалі з усіх бакоў. Змрочны нявыспаны Зэф — барада дубка — хрыпеў панура і выразна: «Давайце, давайце, стройце, мы вам сёньня навоюем...» Капрал, што прабягаў побач, мімаходам зьездзіў яму па вуху, Максім зараз жа выставіў нагу, капрал пакаціўся ў бруд. Экіпажы задаволена заржалі. «Брыгада, зва-ж-ж-жай!» — закрычаў нехта нябачны. Залямантавалі, знатужваючыся, камандзіры батальёнаў, падхапілі камандзіры ротаў, забегалі камандзіры ўзводаў. Ніхто на «зважай» ня ўстаў, штрафнікі гарбаціліся, засунуўшы рукі ў рукавы, прытанцоўвалі на месцы, шчасьліўчыкі-багацеі палілі, не хаваючыся, хтосьці, далікатна павярнуўшыся сьпіной да паноў камандзіраў, спраўляў патрэбу, па шэрагах ішлі размоўкі, што жэрці, па ўсім відаць, зноў не дадуць і каціся яны туды й сюды з такой вайной. «Брыгада, спа-а-ачні! — закрычаў раптам Зэф зычным голасам. — Р-роскід! Аправіцца! » Экіпажы з гатоўнасьцю разышліся былі, але зноў замітусіліся капралы, і раптам уздоўж вагонаў пабеглі, расьцягваючыся ў рэдкую шарэнгу, гвардзейцы ў бліскучых чорных плашчах, з аўтаматамі напагатове. І сьледам за імі ўздоўж вагонаў набягала спалоханая цішыня, экіпажы пасьпешліва строіліся, падраўноўваліся, нехта са штрафнікоў па старой звычцы заклаў рукі за галаву і расставіў ногі.

Жалезны голас з туману сказаў нягучна, але вельмі чутна: «Калі хто-небудзь зь мярзотнікаў раскрые пашчу, загадаю страляць». Усе замерлі. Млява пацягнуліся хвіліны, запоўненыя чаканьнем. Туман патроху расьсейваўся, адкрываючы несамавітую станцыйную пабудову, мокрыя рэйкі, тэлеграфныя слупы. Справа, перад фронтам брыгады, выявілася цёмная купка людзей. Адтуль даносіліся нягучныя галасы, хтосьці злосна гыркнуў: «Выконвайце загад!» Максім пакасіўся назад — ззаду нерухома стаялі гвардзейцы, глядзелі з-пад капюшонаў з падазрэньнем і нянавісьцю.

Ад купкі людзей аддзялілася мехаватая фігура ў маскіровачным камбінэзоне. Гэта быў камандзір штрафной брыгады экс-палкоўнік танкавых войскаў Аніпсу, разжалаваны і пасаджаны за гандаль гаручым на чорным рынку. Паматаўшы перад сабою кіем і рвануўшы галавой, ён пачаў прамову:

— Жаўнеры!... Я не памыліўся, я зьвяртаюся да вас, як да жаўнераў, хоць усе мы — і я ў тым ліку — пакуль яшчэ дзярмо, адкіды грамадзтва... мярзотнікі і сволачы! Будзьце ўдзячныя, што вам дазваляюць сягоньня выступіць у бой. Празь некалькі гадзін амаль усе вы здохнеце, і гэта будзе добра. Але тыя з вас, падонкі, хто ацалее, зажывуць на славу. Жаўнерскі паёк, гарэлка і ўсё такое... Зараз мы пойдзем на пазыцыі, і вы сядзеце ў машыны. Справа пусьцяковая — прайсьці на гусеніцах паўтараста кілямэтраў... Танкісты з вас, як зь дзярма куля, самі ведаеце, але затое ўсё, да чаго даберацеся, — вашае. Жарыце. Гэта я вам гавару, ваш баявы таварыш Аніпсу. Дарогі назад няма, затое ёсьць дарога наперад. Хто падасца назад — спалю на месцы. Гэта асабліва тычыцца кіроўцаў... Пытаньняў няма. Бр-р-рыгада! Напра-ва! Наперад... самкніся! Дуб’ё, сараканожкі! Самкнуцца загадана! Капралы, масаракш! Куды глядзіце?... Статак! Разабрацца па чатыры... Капралы, разьбярыце гэтых сьвіньняў па чатыры! Масаракш...

З дапамогай гвардзейцаў у капралаў атрымалася пастроіць брыгаду ў калёну па чатыры, пасьля чаго зноў была пададзеная каманда «зважай». Максім апынуўся зусім недалёка ад камандзіра брыгады. Экс-палкоўнік быў ушчэнт п’яны. Ён стаяў, пагойдваючыся, абапёршыся задам на кій, раз-пораз трос галавой і паціраў далоньню акрутную шызую пысу. Камандзіры батальёнаў, таксама ўшчэнт п’яныя, трымаліся ў яго за сьпіной — адзін бессэнсоўна хіхікаў, іншы з тупой упартасьцю спрабаваў распаліць цыгарэту, а трэці ўсё хапаўся за кабуру і шнарыў па шэрагах налітымі вачыма. У шэрагах зайздросна прынюхваліся, чулася лісьліва-ўхвальнае бурчаньне. «Давайце, давайце... — мармытаў Зэф. — Мы вам наваюем...» Максім раздражнёна штурхнуў яго локцем.