Выбрать главу

— Слухай маю каманду, — сказаў ён. — Кручок, заводзь. Зэф, у вежу. Гай, правер ніжнія люкі... ды старанна правер, галаву здыму!

Ён пайшоў вакол танка, аглядаючы тракі. Вакол стралялі, крычалі, манатонна бубнілі рэпрадуктары, але ён даў сабе слова не адцягвацца і не адцягваўся, толькі адзначыў сам сябе: рэпрадуктары — Гай — не забыцца. Тракі былі ў ніштаватым стане, але вядучыя колы выклікалі апаску. Нічога, сыдзе, мне на ім ня доўга езьдзіць... З-пад танка спрытна выпаўз Гай, ужо брудны, з абадранымі рукамі.

— Прыржавелі люкі! — пракрычаў ён. — Я іх не зачыніў, хай будуць адчыненыя, правільна?

«Там, за грэбнем лагчыны, падступны вораг! — вяшчаў магнітафоны голас. — Толькі наперад. Толькі наперад. Рычагі на сябе...»

Максім злавіў Гая за каўнер і прыцягнуў да сябе.

— Ты мяне любіш? — сказаў ён, угледзеўшыся ў пашыраныя вочы. — Верыш мне?

— Так! — выдыхнуў Гай.

— Толькі мяне слухай. Больш нікога ня слухай. Усё астатняе — хлусьня. Я твой сябар, толькі я, больш ніхто. Я твой начальнік. Запамінай. Я загадваю: запамінай.

Ачмурэлы Гай хутка-хутка ківаў, нячутна паўтараючы: «Так, так. Так. Толькі ты. Больш ніхто...»

— Мак! — закрычаў нехта прама ў вуха. Максім павярнуўся. Перад ім стаяў той дзіўна знаёмы цывільны ў доўгім плашчы, але ўжо без капелюша. Масаракш... Квадратны твар, на якім лупіцца скура, чырвоныя азызлыя вочы... Гэта ж Фанк! На шчацэ крывавая драпіна, губа разьбітая...

— Масаракш! — крычаў Фанк, намагаючыся перакрычаць шум. — Вы аглухлі, ці што? Пазнаяце мяне?

— Фанк! — сказаў Максім. — Адкуль вы тут?

Фанк выцер з губы кроў.

— Пайшлі! — пракрычаў ён. — Хутчэй!

— Куды?

— Да чорта адсюль! Пайшлі!

Ён схапіў Максіма за камбінэзон і пацягнуў. Максім адкінуў ягоную руку.

— Нас заб’юць! — крыкнуў ён. — Гвардзейцы!

Фанк заматаў галавой.

— Пайшлі! У мяне на вас пропуск! — і, бачачы, што Максім ня рухаецца: — Я шукаю вас па ўсёй краіне! Ледзь знайшоў! Пайшлі неадкладна!

— Я не адзін! — крыкнуў Максім.

— Не разумею!

— Я не адзін! — гаркнуў Максім. — Нас трое! Адзін я ня пойду!

— Лухта! Не кажыце глупстваў! Што за дурацкая высакароднасьць? Жыць надакучыла? — Фанк папярхнуўся ад крыку і зайшоўся кашлем.

Максім агледзеўся. Бледны Гай з дрыготкімі вуснамі глядзеў на яго, трымаў яго за рукаў — вядома, усё чуў. У суседні танк двое гвардзейцаў забівалі прыкладамі скрываўленага штрафніка.

— Адзін пропуск! — закрычаў Фанк сарваным голасам. — Адзін! — Ён паказаў палец.

Максім заматаў галавой.

— Нас трое! — Ён паказаў тры пальцы. — Я нікуды бязь іх ня пойду!

З бакавога люка высунулася венікам рудая барадзішча Зэфа. Фанк аблізаў вусны, ён яўна ня ведаў, што рабіць.

— Хто вы такі? — крыкнуў Максім. — Навошта я вам патрэбны?

Фанк мелькам зірнуў на яго і стаў глядзець на Гая.

— Гэты з вамі? — крыкнуў ён.

— Так! І гэты таксама!

Вочы ў Фанка сталі дзікімі. Ён сунуў руку пад плашч, выцягнуў пісталет і накіраваў рулю на Гая. Максім з усіх сіл ударыў яго па руцэ зьнізу ўверх, і пісталет узьляцеў высока ў паветра. Максім, сам яшчэ не зусім зразумеўшы, што адбылося, задуменна праводзіў яго позіркам. Фанк сагнуўся, сунуўшы пашкоджаную руку пад паху. Гай коратка і дакладна, як на занятках, ударыў яго па шыі, і ён паваліўся ніцма. Побач раптам узьніклі гвардзейцы, ашчэраныя, потныя пасьля працы, асунутыя ад шаленства.

— У машыну! — раўнуў Максім Гаю, нахіліўся і падхапіў Фанка пад пахі, Фанк быў грузны і зь цяжкасьцю пралез у люк. Максім нырнуў сьледам, атрымаўшы на разьвітаньне ўдар прыкладам па задняй частцы. У танку было цёмна і холадна, як у склепе, густа сьмярдзела саляркай. Зэф адцягнуў Фанка ад люка і паклаў на падлогу.

— Хто такі? — гаркнуў ён.

Максім не пасьпеў адказаць. Кручок, які доўга і беспасьпяхова разьдзіраў стартар, нарэшце завёў машыну. Усе вакол затрэслася і загрымела. Максім махнуў рукой, пралез у вежу і высунуўся вонкі. Паміж танкамі ўжо не было нікога, акрамя гвардзейцаў. Усе рухавікі працавалі, стаяў пякельны роў, густое душнае воблака выхлапаў зацягвала схіл. Некаторыя танкі рухаліся, дзе-нідзе зь вежаў тырчалі галовы, штрафнік, што высунуўся з суседняй машыны, рабіў Максіму нейкія знакі, крывіў распухлую, у сіняках фізыяномію. Раптам ён зьнік, рухавікі зараўлі з падвоенай сілай, і ўсе танкі зь ляскам і бразгатаньнем адначасова рвануліся наперад і дагары па схіле.