— Сем гадзін трыццаць хвілін, ваша яснавяльможнасьць...
— Так, — сказаў пракурор, усё яшчэ не расплюшчваючы вачэй. — Так. Дзякую.
Ён уключыў сьвятло, адкінуў коўдру і сеў. Некаторы час ён сядзеў, утаропіўшыся на свае худыя бледныя ногі, і з сумным зьдзіўленьнем разважаў пра тое, што вось ужо шосты дзесятак пайшоў, але ня памятае ён аніводнага дня, калі б яму далі выспацца. Увесь час хто-небудзь будзіць. Калі ён быў ротмістрам, яго будзіў пасьля папойкі скаціна-дзяншчык. Калі ён быў старшынём надзвычайнага трыбуналу, яго будзіў дурань-сакратар зь непадпісанымі прысудамі. Калі ён быў гімназыстам, яго будзіла маці, каб ён ішоў на заняткі, і гэта быў наймярзотнейшы час, найбольш кепскія абуджэньні. І заўсёды яму казалі: трэба! Трэба, ваша высакародзьдзе... трэба, пане старшыня... трэба, сыночак... А цяпер гэтае «трэба» кажа сабе ён сам... Ён устаў, накінуў халат, плюхнуў у твар жменю адэкалёну, уставіў зубы, паглядзеў, масажуючы шчокі, у люстэрка, скрывіўся непрыязна і прайшоў у кабінэт.
Цёплае малако ўжо стаяла на стале, а пад крухмальнай сурвэтачкай — сподак з саланаватым печывам. Гэта трэба было выпіць і зьесьці, як лекі, але спачатку ён падышоў да сэйфа, адваліў дзьверцы, узяў зялёную тэчку і паклаў яе на стол побач са сьняданкам. Храбустаючы печывам і прысёрбваючы малако, ён старанна аглядаў тэчку, пакуль не пераканаўся, што з учорашняга вечара яе ніхто не раскрываў. Як шмат перамянілася, падумаў ён. Усяго тры месяцы прайшло, а як усё перамянілася!... Ён машынальна паглядзеў на жоўты тэлефон і некалькі сэкундаў ня мог адвесьці ад яго вачэй. Тэлефон маўчаў — яркі, зґрабны, як вясёлая цацка... страшны, як цікаючая пякельная машына, якую немагчыма разрадзіць... Пракурор сутаргава, дзьвюма рукамі ўчапіўся ў зялёную тэчку, зажмурыўся. Ён адчуў, што страх нарастае, і пасьпяшаўся абсячы сябе. Не, так справа ня пойдзе, зараз трэба захоўваць абсалютны спакой і разважаць максымальна абыякава... Выбару ў мяне ўсё роўна няма. Значыць, рызыка... Ну што ж: рызыка так рызыка. Рызыка заўсёды была й будзе, трэба толькі зьвесьці яе да мінімуму. І я яе зьвяду да мінімуму. Так, масаракш, да мінімуму!... Вы, здаецца, ня ўпэўненыя ў гэтым, Разумнік? Ах, вы сумняваецеся? Вы заўсёды сумняваецеся, Разумніку, ёсьць у вас такая якасьць, вы — маладзец... Ну што ж, паспрабуем разьвеяць вашыя сумневы. Чулі вы пра такога чалавека — яго завуць Максім Камэрэр? Няўжо чулі? Гэта вам толькі здаецца. Вы ніколі раней ня чулі пра такога чалавека. Вы зараз пачуеце пра яго ў першы раз. Вельмі прашу вас, выслухайце і складзіце пра яго самае аб’ектыўнае, самае непрадузятае меркаваньне. Мне вельмі важна ведаць вашае аб’ектыўнае меркаваньне, Разумнік: ад гэтага, ці ведаеце, залежыць зараз цэласьць маёй шкуры. Маёй бледнай, зь сінімі пражылкамі, такой дарагой мне шкуры...
Ён праглынуў апошняе пячэньне і залпам дапіў малако.
Потым уголас сказаў: «Прыступім».
Ён раскрыў тэчку. Мінулае гэтага чалавека туманнае. І гэта, вядома, няважны пачатак для знаёмства. Але мы з вамі ведаем ня толькі як зь мінулага выводзіць сучаснасьць, але і як з сучаснасьці выводзіць мінулае. І калі нам так ужо спатрэбіцца мінулае нашага Мака, мы ў рэшце рэшт выведзем яго з сучаснасьці. Гэта называецца экстрапаляцыяй... Наш Мак пачынае сваю сучаснасьць з таго, што бяжыць з катаргі. Раптам. Нечакана. Якраз у той момант, калі мы з Вандроўнікам цягнем да яго рукі. Вось панічны рапарт генэрал-камэнданта, клясычны лямант ідыёта, які нашкодзіў і спадзяецца пазьбегнуць пакараньня: ён ані ў чым не вінаваты, ён зрабіў усё па інструкцыі, ён ня ведаў, што аб’ект добраахвотна паступіў у сапёры-сьмяротнікі, а аб’ект паступіў і падарваўся на мінным полі. Ня ведаў. Вось і мы з Вандроўнікам ня ведалі. А трэба было ведаць! Аб’ект — чалавек нечаканы, вы павінныя былі дапускаць што-небудзь падобнае, пане Разумнік... Так, тады гэта ўразіла мяне, але ж цяпер мы разумеем, у чым справа: нехта растлумачыў нашаму Маку пра вежы, ён вырашыў, што ў Краіне Айцоў яму рабіць няма чаго, і ўцёк на поўдзень, сымуляваўшы гібель... Пракурор апусьціў галаву на руку, вяла пацёр лоб. Так, тады ўсё гэта й пачалося... Гэта быў першы промах у сэрыі маіх промахаў: я паверыў, што ён загінуў. А як я мог не паверыць? Які нармальны чалавек пабяжыць на поўдзень, да мутантаў, на верную сьмерць?... Любы б паверыў. А вось Вандроўнік — не паверыў.
Пракурор узяў чарговы рапарт. О, гэты Вандроўнік! Разумніца Вандроўнік, геній Вандроўнік... Вось як мне трэба было дзейнічаць — як ён! Я быў упэўнены, што Мак загінуў: Поўдзень ёсьць Поўдзень. А ён навадніў усё Зарэчча сваімі агентамі. Тлусты Фанк — ах, не дабраўся я да яго ў свой час, не прыбраў да рук! — гэты тлусты аблезлы парсюк схуднеў, матаючыся па краіне, вышукваючы і выглядаючы, а ягоны Кура здох ад ліхаманкі на Шостай трасе, а ягоны Тапа-Пеўнік быў захоплены горцамі, а потым Пяцьдзесят Пяты, ня ведаю, хто ён такі, папаўся піратам аж на ўзьбярэжжы, але пасьпеў паведаміць, што Мак там зьяўляўся, здаўся патрулям і накіраваны ў сваю калёну... Вось як паступаюць людзі з галавой: яны ні ў што ня вераць і нікога не шкадуюць. Вось як я павінен быў паступіць тады. Кінуць усе справы, заняцца толькі Макам, бо я ўжо тады выдатна разумеў, якая гэта страшная сіла — Мак, а я замест гэтага счапіўся зь Дзяргунчыкам і прайграў, а потым зьвязаўся з гэтай ідыёцкай вайной і таксама прайграў... Я і цяпер бы прайграў, але мне, нарэшце, пашанцавала: Мак аб’явіўся ў сталіцы, у логаве Вандроўніка, і я пра гэта даведаўся раней за Вандроўніка. Так, Вандроўнік, так, храсткавухі, цяпер прайграў ты. Трэба ж было табе зьехаць менавіта цяпер! І ты ведаеш, Вандроўнік, мяне нават не засмучае тая акалічнасьць, што зноў засталося невядомым, куды і навошта ты зьехаў. Зьехаў і добра. Ты, вядома, ва ўсім паклаўся на свайго Фанка, і твой Фанк прывёз табе Мака, але вось жа бяда — зваліўся твой Фанк пасьля сваіх ваенных прыгод, ляжыць бяз памяці ў палацавым шпіталі — важная фігура, такіх толькі ў палацавы шпіталь! — і цяпер я не прамахнуся, цяпер ён будзе там ляжаць столькі, колькі мне спатрэбіцца. Так што цябе няма, Фанка няма, а наш Мак ёсьць, і гэта атрымалася вельмі ўдала...