Выбрать главу

Апалонік ускочыў і зноў ударыў па кнопках, а пракурор падняўся з выглядам незвычайнай стомы.

У суправаджэньні Апалоніка і дзённага рэфэрэнта ён нетаропка пайшоў па лябараторыях аддзелу хімічнай абароны, ветліва ўсьміхаючыся людзям з адным шаўронам на рукаве халата, паляпваючы часам па плячы бесшаўронных, затрымліваючыся каля двухшаўронных, каб паціснуць руку, здагадліва паківаць галавой і даведацца, ці няма прэтэнзіяў.

Прэтэнзіяў не было. Усе быццам бы працавалі або рабілі выгляд, што працуюць, — у іх не зразумееш. Міргалі нейкія лямпачкі на нейкіх прыладах, варыліся нейкія вадкасьці ў нейкіх сасудах, пахла нейкай дрэньню, дзе-нідзе мучылі жывёл. Было ў іх тут чыста, сьветла, прасторна, людзі здаваліся сытымі і спакойнымі, энтузіязму не праяўлялі, зь інспэктарам трымаліся цалкам карэктна, але без усякае цеплыні і ўжо ва ўсякім разе без дарэчнае лісьлівасьці.

І амаль у кожным пакоі — будзь гэта кабінэт або лябараторыя — вісеў партрэт Вандроўніка: над працоўным сталом, побач з табліцамі і графікамі, у прасьценку паміж вокнамі, над дзьвярыма, часам ляжаў пад шклом на стале. Гэта былі аматарскія фатаграфіі, малюнкі алоўкам або вуглём, адзін партрэт быў нават напісаны алейнай фарбай. Тут можна было ўбачыць Вандроўніка, які грае ў мяч, Вандроўніка, які чытае лекцыю, Вандроўніка, які грызе яблык, Вандроўніка суровага, задуменнага, стомленага, разьюшанага і нават Вандроўніка, які рагатаў на ўсё горла. Гэтыя сукіны дзеці нават малявалі на яго шаржы і вешалі іх на самых прыметных месцах!... Пракурор уявіў, як ён уваходзіць у кабінэт малодшага дарадцы юстыцыі Фільціка і знаходзіць там карыкатуру на сябе. Масаракш, гэта было неверагодна, немагчыма!

Ён усьміхаўся, паляпваў, ціснуў рукі, а сам увесь гэты час думаў, што вось другі раз ён ужо тут зь мінулага году, і ўсё быццам бы па-старому, але раней ён неяк не зьвяртаў на гэта ўвагі... А зараз вось зьвярнуў. Чаму толькі зараз?... А, вось чаму! Чым такім быў для мяне Вандроўнік год ці два таму? Фармальна — адным з нас, фактычна — кабінэтнай фігурай, якая ня мела ні ўплыву на палітыку, ні свайго месца ў палітыцы, ні сваіх мэтаў у палітыцы. Аднак з тых часоў ён пасьпеў многае. Агульнадзяржаўнага маштабу апэрацыя па выняцьці замежных шпіёнаў — гэта ягоная акцыя. Пракурор сам вёў гэтыя працэсы і быў тады ашаломлены, зразумеўшы, што мае справу не са звычайнымі ліпавымі шпіёнамі-вырадкамі, а з сапраўднымі мацёрымі выведнікамі, закінутымі Астраўной Імпэрыяй для збору навуковай і эканамічнай інфармацыі. Вандроўнік вывудзіў іх усіх, усіх да адзінага, і з тых часоў стаў нязьменным шэфам асаблівай контрвыведкі.

Далей, менавіта Вандроўнік раскрыў змову лысага Пухіра, фігуры жудаснай, якая сядзела вельмі трывала, моцна і небясьпечна, і капала пад шэфства Вандроўніка над контрвыведкай. І сам жа яго шлёпнуў, нікому не даверыў. Ён заўсёды паступаў адкрыта, ніколі не маскіраваўся і дзейнічаў толькі ў адзіночку — ніякіх кааліцыяў, ніякіх вуніяў, ніякіх часовых саюзаў. Так ён зваліў аднаго за адным трох начальнікаў Ваеннага дэпартамэнту, — тыя нават пікнуць не пасьпявалі, а іх ужо выклікалі наверх, — пакуль не дамогся, каб паставілі Дзяргунчыка, што панічна баяўся вайны... Гэта ён год таму зарубіў праект «Золата», прадстаўлены наверх Патрыятычным зьвязам Прамысловасьці і фінансаў... Тады здавалася, што Вандроўнік вось-вось зьляціць, бо праект выклікаў захапленьне ў самога Таты, але Вандроўнік яму неяк даказаў, што ўсе карысьці праекта — чыста часовыя, а празь дзесяць гадоў пачнецца павальная эпідэмія вар’яцтва і поўная разруха... Ён увесь час неяк ухітраўся ім даказваць, ніхто ніколі нічога ня мог ім даказаць, толькі Вандроўнік мог. І ўвогуле зразумела, чаму. Ён ніколі нічога не баяўся. Так, ён доўга сядзеў у сябе ў кабінэце, але ў рэшце рэшт зразумеў сваю сапраўдную цану. Зразумеў, што ён патрэбны ўсім нам, кім бы мы ні былі і як бы ні біліся паміж сабою. Таму што толькі ён можа стварыць абарону, толькі ён можа пазбавіць нас пакутаў... А саплякі ў белых халатах малююць на яго карыкатуркі, і ён ім гэта дазваляе...

Рэфэрэнт расчыніў перад пракурорам чарговыя дзьверы, і пракурор убачыў свайго Мака. Мак у белым халаце з шаўронам на рукаве сядзеў на падаконьніку і глядзеў вонкі. Калі б які-небудзь дарадца юстыцыі дазволіў сабе ў службовы час тырчэць на падаконьніку і лічыць галак, яго можна было б са спакойным сумленьнем пусьціць па этапе, як яўнага гультая і нават сабатажніка. У гэтым жа выпадку, масаракш, нічога нельга было сказаць. Ты яго за каўнер, а ён табе: «Дазвольце! Я стаўлю мысьленны экспэрымэнт! Адыдзіце і не перашкаджайце!»