Выбрать главу

— Ну вось, — сказаў пракурор, зноў засьмяяўшыся. — А вашае начальства запэўнівае нас, быццам вы працуеце днём і ноччу... Я, напрыклад, не магу сказаць гэтага пра сябе. У дзяржаўнага пракурора здараюцца свабодныя вечары... Вы зьдзівіцеся, але ў мяне ёсьць да вас маса пытаньняў, Мак. Прызнацца, я хацеў пагутарыць з вамі яшчэ тады, пасьля працэсу. Але — справы, бясконцыя справы...

— Я да вашых паслуг, — сказаў Мак. — Тым больш, што ў мяне таксама ёсьць да вас пытаньні.

Ну-ну! — мысленна абсёк яго пракурор, — ня трэба так адкрыта, мы тут не адны. Уголас ён сказаў, празьзяўшы:

— Выдатна! Усё, што ў маіх сілах... А зараз — прашу мяне прабачыць, бягу...

Ён паціснуў велізарную далонь свайго Мака, ужо злоўленага Мака, які канчаткова папаўся на вуду, ён выдатна мне падыгрываў, ён несумненна хоча сустрэцца, і цяпер я яго падсяку... Пракурор спыніўся ў дзьвярах, пстрыкнуў пальцамі і сказаў, павярнуўшыся:

— Дазвольце, Мак, а што вы робіце сёньня ўвечары? Я толькі што зразумеў, што ў мяне сёньня свабодны вечар...

— Сёньня? — сказаў Мак. — Ну, што ж... Праўда, сёньня ў мяне...

— Прыходзьце ўдваіх! — усклікнуў пракурор. — Яшчэ лепш — я пазнаёмлю вас з жонкай, атрымаецца цудоўны вечар... Восем гадзін — вас задаволіць? Я прышлю за вамі машыну. Дамовіліся?

Дамовіліся.

Дамовіліся! — трыумфуючы, думаў пракурор, абыходзячы апошнія лябараторыі аддзелу, усьміхаючыся, паляпваючы і паціскаючы. Дамовіліся! — думаў ён, падпісваючы акт у кабінэце Апалоніка. Дамовіліся, масаракш, дамовіліся! — крычаў ён сам сабе пераможна па дарозе дадому.

Ён аддаў распараджэньне шафёру. Ён загадаў рэфэрэнту паведаміць у Дэпартамэнт, што пан пракурор заняты... нікога не прымаць, адключыць тэлефоны і ўвогуле выбірацца да д’ябла з вачэй далоў, але так, зрэшты, каб увесь час быць пад рукой. Ён выклікаў жонку, пацалаваў яе ў шыю, мімаходзь прыгадаўшы, што ня бачыліся яны ўжо дзесяць дзён, і папрасіў яе распарадзіцца наконт вячэры, добрай, лёгкай, смачнай вячэры на чацьвярых, быць за сталом цацай і падрыхтавацца сустрэць вельмі цікавага чалавека. І паболей вінаў, найлепшых і самых розных.

Потым ён замкнуўся ў кабінэце, зноў выклаў на стол справу ў зялёнай тэчцы і пачаў прадумваць нанава, з самага пачатку. Яго патурбавалі толькі адзін раз: кур’ер з Ваеннага дэпартамэнту прынёс апошнюю франтавую зводку. Фронт разваліўся. Нехта навёў ханційцаў на думку зьвярнуць увагу на загарадатрады, і ўчора ўначы яны расстралялі і зьнішчылі атамнымі снарадамі да дзевяноста пяці адсоткаў танкаў-выпраменьвальнікаў. Пра лёс арміі, якая прарвалася, зьвестак больш не паступала... Гэта быў канец. Гэта быў канец вайне. Гэта быў канец генэралу Шакагу і генэралу Оду. Гэта быў канец Акулярыку, Чайніку, Хмары і іншым, мяльчэйшым. Вельмі магчыма, што гэта быў канец Сьвёкру і Швагру. І ўжо канешне гэта быў бы канец Разумніку, калі б Разумнік ня быў разумнікам...

Ён растварыў зводку ў шклянцы з вадой і пайшоў хадзіць коламі па кабінэце. Ён адчуваў вялікую палёгку. Цяпер ён прынамсі сапраўды ведаў, калі яго выклічуць наверх. Спачатку яны скончаць са Сьвёкрам і будуць ня менш за суткі выбіраць паміж Дзяргунчыкам і Зубам. Затым ім давядзецца паваждацца з Акулярыкам і Хмарай. Гэта яшчэ суткі. Ну, Чайніка яны прыстукнуць мімаходам, а вось генерал Шакагу адзін адбярэ ў іх ня менш за двое сутак. А потым і толькі потым... Потым у іх ужо больш ня будзе ніякага «потым»...

Ён не выходзіў з кабінэту да самага прыезду госьця.

Госьць зрабіў выключна прыемнае ўражаньне. Ён быў бліскучы. Ён быў настолькі бліскучы, што прокурорша, баба халодная, сьвецкая ў найстрашнейшым сэнсе слова, даўным-даўно ў вачах пракурора ўжо не жанчына, а стары баявы таварыш, пры першым позірку на Мака скінула гадоў дваццаць і паводзіла сябе па-чартоўску натуральна — яна не магла б паводзіць сябе натуральней, нават калі б ведала, якую ролю павінен сыграць Мак у ейным лёсе.

— А чаму вы адзін? — зьдзівілася яна. — Муж замовіў вячэру на чацьвярых...

— Так, сапраўды, — падхапіў пракурор, — я зразумеў так, што вы прыйдзеце са сваёй дамай, я памятаю гэтую дзяўчыну, яна з-за вас ледзь ня трапіла ў бяду...

— Яна трапіла ў бяду, — сказаў Мак спакойна. — Але пра гэта мы пагаворым потым, з вашага дазволу. Куды скажаце ісьці?...

Вячэралі доўга, весела, шмат сьмяяліся, трошкі пілі. Пракурор распавядаў апошнія плёткі — дазволеныя і рэкамэндуемыя да распусканьня Дэпартамэнтам грамадзкага здароўя. Прокурорша вельмі міла загінала нясьціплыя анэкдотцы, а Мак у гумарыстычных танах апісаў свой палёт на бамбавозе. Сьмеючыся над ягоным апавяданьнем, пракурор з жахам думаў, што б цяпер зь ім было, калі б хоць адна ракета трапіла ў цэль...