Выбрать главу

Калі ўсё было зьедзена і выпіта, прокурорша выбачылася і прапанавала мужчынам даказаць, што яны здольныя праіснаваць бяз дамы хоць бы гадзіну. Пракурор ваяўніча прыняў гэты выклік, схапіў Мака пад руку і пацягнуў яго ў кабінэт частаваць віном, якое мелі магчымасьць дэгуставаць усяго тры або чатыры дзясяткі чалавек у краіне.

Яны разьмясьціліся ў мяккіх крэслах па баках нізенькага стала ў найутульнейшым кутку кабінэту, прыгубілі каштоўнае віно і паглядзелі адзін на аднаго. Мак быў вельмі сур’ёзны. Разумніца Мак відавочна ведаў, пра што пойдзе размова, і пракурор раптам адмовіўся ад першапачатковага пляну гутаркі, мудрагелістай, выматвальнай, пабудаванай на паўнамёках, разьлічанай на паступовае ўзаемапрызнаньне. Лёс Рады, інтрыга Вандроўніка, падкопы Айцоў — усё гэта ня мела ніякага значэньня. Ён зь дзівоснай і адчайнай выразнасьцю ўсьвядоміў, што ўсё ягонае майстэрства ў такога роду гутарках акажацца лішнім з гэтым чалавекам. Мак альбо пагодзіцца, альбо адмовіцца. Гэта было гранічна проста, гэтак жа, як і тое, што пракурор альбо жыцьме, альбо будзе раздаўлены празь некалькі дзён. У яго задрыжалі пальцы, ён пасьпешліва паставіў кілішак на столік і пачаў без усялякіх прадмоваў:

— Я ведаю, Мак, што вы — падпольшчык, член штабу і актыўны вораг існуючага парадку. Акрамя таго, вы — беглы катаржнік і забойца экіпажу танка спэцыяльнага прызначэньня... Цяпер пра мяне. Я — дзяржаўны пракурор, давераная асоба ўраду, дапушчаная да найвышэйшых дзяржаўных таямніц, і таксама вораг існуючага парадку. Я прапаную вам скінуць Невядомых Айцоў. Калі я кажу: вам, — я маю на ўвазе вас і толькі вас, асабіста, вашай арганізацыі гэта не тычыцца. Прашу зразумець, што ўмяшаньне падпольля можа толькі сапсаваць справу. Я прапаную вам змову, якая ґрунтуецца на веданьні найгалоўнейшай дзяржаўнай таямніцы. Я паведамлю вам гэтую таямніцу. Толькі мы двое мусім ведаць яе. Калі пра яе даведаецца хто-небудзь трэці, мы будзем зьнішчаныя ў найбліжэйшы ж час. Майце на ўвазе, што падпольле і штаб кішаць правакатарамі. Таму ня ўздумайце давярацца каму-небудзь — і ў асаблівасьці блізкім сябрам...

Пракурор залпам асушыў свой кілішак, не адчуўшы смаку.

— Я ведаю, дзе знаходзіцца Цэнтр. Вы — адзіны чалавек, які здольны гэты Цэнтр захапіць. Я прапаную вам распрацаваны плян захопу Цэнтру і наступных дзеяньняў. Вы выконваеце гэты плян і становіцеся на чале дзяржавы. Я застаюся пры вас палітычным і эканамічным дарадцам, паколькі ў справах такога роду вы ані чорта ня цяміце. Ваша палітычная праграма мне ў агульных рысах вядомая: выкарыстаньне Цэнтру для перавыхаваньня народа ў духу гуманнасьці і высокай маралі і на аснове гэтага — пабудова ў самай найбліжэйшай будучыні справядлівага грамадзтва. Не пярэчу. Згодзен — ужо проста таму, што нічога ня можа быць горш за цяперашняе становішча. У мяне ўсё. Слова за вамі.

Мак маўчаў. Ён круціў у пальцах каштоўны келіх з каштоўным віном і маўчаў. Пракурор чакаў. Ён не адчуваў свайго цела. Яму здавалася, што яго тут няма, што ён вісіць дзесьці ў нябеснай пустаце, глядзіць уніз і бачыць мякка асьветлены ўтульны куток, маўклівага Мака і побач зь ім у крэсьле — нешта мёртвае, нерухомае, адубелае і безгалосае...

Потым Мак спытаў:

— Колькі ў мяне шанцаў застацца ў жывых пры захопе Цэнтру?

— Пяцьдзесят на пяцьдзесят, — сказаў пракурор. Дакладней, гэта яму здалося, што ён сказаў, бо Мак ссунуў бровы і зноў ужо гучней паўтарыў сваё пытаньне.

— Пяцьдзесят на пяцьдзесят, — хрыпла сказаў пракурор. — Можа быць, нават больш. Ня ведаю.

Мак зноў доўга маўчаў.

— Добра, — сказаў ён нарэшце. — Дзе знаходзіцца Цэнтр?

19

Каля полудня прагучаў тэлефонны званок. Максім узяў навушнік. Голас пракурора сказаў:

— Прашу пана Сіма.

— Я слухаю, — адгукнуўся Максім. — Добры дзень.

Ён адразу адчуў, што здарылася нядобрае.

— Ён прыехаў, — сказаў пракурор. — Пачынайце неадкладна. Гэта магчыма?

— Так, — сказаў Максім скрозь зубы. — Але вы мне сёе-тое абяцалі...

— Я нічога не пасьпеў, — сказаў пракурор. У голасе яго прарвалася панічная нотка. — І зараз ужо не пасьпець. Пачынайце неадкладна, зараз жа, нельга чакаць ні хвіліны! Вы чуеце, Мак?

— Добра, — сказаў Максім. — У вас усё?

— Ён едзе да вас. Ён будзе ў вас праз трыццаць-сорак хвілін.