— Зразумеў. Зараз усё?
— Усё. Давайце, Мак, давайце. З богам!
Максім кінуў навушнік і некалькі сэкундаў пасядзеў, кемячы. Масаракш, усё ляціць кулём... Зрэшты, падумаць я яшчэ пасьпею... Ён зноў схапіў навушнік.
— Прафэсара Алу Зэфа.
— Так! — раўнуў Зэф.
— Гэта Мак...
— Масаракш, я ж прасіў не прыставаць да мяне сёньня...
— Заткніся й слухай. Неадкладна спускайся ў хол і чакай мяне...
— Масаракш, я заняты!
Максім скрыгатнуў зубамі і пакасіўся на лябаранта. Лябарант рупліва лічыў на арытмомэтры.
— Зэф, — сказаў Максім. — Зараз жа спускайся ў хол. Табе зразумела. Неадкладна! — Ён адключыўся і набраў нумар Вепрука. Яму пашанцавала: Вяпрук аказаўся дома. — Гэта Мак. Выходзьце на вуліцу і чакайце мяне, ёсьць тэрміновая справа.
— Добра, — сказаў Вяпрук. — Іду.
Кінуўшы навушнік, Максім палез у стол, выцягнуў першую-лепшую тэчку і перагартаў паперы, ліхаманкава цямячы, ці ўсё гатова. Машына ў гаражы, бомба ў багажніку, гаручага поўны бак... зброі няма, і чорт зь ёй, ня трэба зброі... дакумэнты ў кішэні, Вяпрук чакае... гэта я маладзец, добра прыдумаў пра Вепрука... праўда, ён можа адмовіцца... не, наўрад ці ён адмовіцца, я б не адмовіўся... Усё. Здаецца, усё... Ён сказаў лябаранту:
— Мяне выклікаюць, кажы, што я ў Дэпартамэнце будаўніцтва. Буду праз гадзіну-дзьве. Пакуль.
Ён узяў тэчку пад паху, выйшаў зь лябараторыі і зьбег па сходах. Зэф ужо расхаджваў па холе. Убачыўшы Максіма, ён спыніўся, заклаў рукі за сьпіну і набычыўся.
— Якога д’ябла, масаракш... — пачаў ён яшчэ здалёк.
Максім, не затрымліваючыся, схапіў яго пад руку і пацягнуў да выхаду. «Што за д’ябальшчына? — мармытаў Зэф, упіраючыся. — Куды? Навошта?...» Максім выштурхнуў яго за дзьверы і па асфальтавай дарожцы павалок за вугал да гаражоў. Вакол было пуста, толькі на газоне ўдалечыні лескатала травакасілка.
— Ды куды ты мяне, у рэшце рэшт, цягнеш? — закрычаў Зэф.
— Маўчы, — сказаў Максім. — Слухай. Зьбяры неадкладна ўсіх нашых. Усіх, каго зловіш... Да д’ябла пытаньні. Слухай! Усіх, каго зловіш. Са зброяй. Насупраць варот ёсьць павільён, ведаеш?... Засядзьце там. Чакайце. Прыкладна праз трыццаць хвілін... Ты мяне слухаеш, Зэф?
— Ну! — сказаў Зэф нецярпліва.
— Прыкладна праз трыццаць хвілін да варот пад’едзе Вандроўнік...
— Ён прыехаў?
— Не перабівай. Прыкладна праз трыццаць хвілін да варот, можа быць, пад’едзе Вандроўнік. Калі не пад’едзе — добра. Проста сядзіце і чакайце мяне. А калі пад’едзе — расстраляйце яго.
— Ты што, звар’яцеў? — сказаў Зэф, спыняючыся. Максім пайшоў далей, і Зэф з праклёнамі пабег сьледам. — Нас жа ўсіх пераб’юць, масаракш! Ахова!... Шпікі вакол!...
— Зрабіце ўсё, што зможаце, — сказаў Максім. — Вандроўніка трэба застрэліць...
Яны падышлі да гаража, Максім наваліўся на завалу і адкаціў дзьверы.
— Нейкая вар’яцкая задума... — сказаў Зэф. — Навошта? Чаму Вандроўніка? Упоўні прыстойны дзядзька, яго ўсе тут любяць...
— Як хочаш, — холадна сказаў Максім. Ён адкрыў багажнік, абмацаў скрозь промасьленную паперу запал з гадзіннікавым мэханізмам і зноў зачыніў крышку. — Я нічога не магу табе зараз распавесьці. Але ў нас ёсьць шанец. Адзіны... — Ён сеў за руль і ўставіў ключ у запальваньне. — І яшчэ май на ўвазе: калі вы не прыкончыце гэтага прыстойнага дзядзьку, ён прыкончыць мяне. У цябе вельмі мала часу. Дзейнічай, Зэф.
Ён уключыў рухавік і задам выехаў з гаража. Зэф застаўся ў дзьвярах. Першы раз у жыцьці Максім бачыў такога Зэфа — спалоханага, ашаломленага, разгубленага. Бывай, Зэф, сказаў ён сам сабе на ўсялякі выпадак.
Машына падкаціла да варот. Гвардзеец з каменным тварам нясьпешна запісаў нумар, адчыніў багажнік, зазірнуў, зачыніў багажнік, вярнуўся да Максіма і спытаў:
— Што вывозіце?
— Рэфрактомэтр, — сказаў Максім, працягваючы пропуск і дазвол на вываз.
— «Рэфрактомэтр РЛ-7, інвэнтарны нумар...», — прамармытаў гвардзеец. — Зараз я запішу...
— Хутчэй, калі ласка, я сьпяшаюся, — сказаў Максім.
— Хто падпісваў дазвол?
— Ня ведаю... Напэўна, Апалонік.
— Ня ведаеце... расьпісваўся б разборлівей, усё было б у парадку...
Ён, нарэшце, адчыніў вароты. Максім выкаціў на трасу і выціснуў са сваёй каляскі ўсё, што было можна. Калі нічога ня выйдзе, падумаў ён, і я застануся жывым, давядзецца ўцякаць... Пракляты Вандроўнік, учуў, сукін сын, вярнуўся... А што я рабіцьму, калі выйдзе? Нічога не гатова, схемы палацу няма — не пасьпеў Разумнік, і фатаграфіі Айцоў ён таксама не дастаў... хлопцы не гатовыя, пляну дзеяньняў ніякага няма... Пракляты Вандроўнік. Калі б ня ён, у мяне было б яшчэ тры дні на распрацоўку пляну... Напэўна, трэба так: палац, Айцы, тэлеграф і тэлефон, вакзалы, тэрміновую дэпэшу на катаргу — хай Генэрал зьбірае ўсіх нашых і валіць сюды... Масаракш, паняцьця ня маю, як бяруць уладу... Бо яшчэ ж ёсьць Гвардыя... і армія... і штаб, масаракш! Вось хто адразу ажывіцца! Вось з каго трэба пачынаць. Ну, гэта справа Вепрука, ён будзе рады гэтым заняцца, ён у гэтым добра разьбіраецца... І яшчэ маячаць дзесьці белыя субмарыны... Масаракш, яшчэ ж вайна!...