Выбрать главу

Вяпрук таргануўся.

— Зараз? — хутка спытаў ён.

— Так. Даводзіцца сьпяшацца, я нічога не пасьпеў падрыхтаваць. Мяне могуць забіць, і тады ўсё будзе дарэмна. Таму я ўзяў з сабой вас.

— Гаварыце.

— Я ўвайду ў будынак, вы застанецеся ў машыне. Празь некаторы час падымецца трывога, можа быць, пачнецца страляніна. Гэта ня мусіць вас тычыцца. Вы працягваеце сядзець у машыне і чакаць. Вы чакаеце... — Максім падумаў, прыкідваючы. — Вы чакаеце дваццаць хвілін. Калі на працягу гэтага часу вы атрымаеце прамянёвы ўдар, значыць, усё абыйшлося. Можаце зьнепрытомнець са шчасьлівай усьмешкай на твары... Калі не — выходзьце з машыны. У багажніку ляжыць бомба з сынхронным запалам на дзесяць хвілін. Выгрузіце бомбу на брук, уключыце запал і зьяжджайце. Будзе паніка. Вельмі вялікая паніка. Паспрабуйце выціснуць зь яе ўсё, што толькі можна.

Некаторы час Вяпрук раздумваў.

— Вы не дазволіце мне патэлефанаваць сюды-туды? — спытаў ён.

— Не, — сказаў Максім.

— Ці бачыце, — сказаў Вяпрук, — калі вас не заб’юць, то, наколькі я разумею, вам пэўна спатрэбяцца людзі, гатовыя да бою. Калі вас заб’юць, людзі спатрэбяцца мне. Вы ж для гэтага мяне і ўзялі, на выпадак, калі вас заб’юць... Але адзін я змагу толькі пачаць, а часу будзе мала, і людзей трэба папярэдзіць загадзя. Вось я й хачу іх папярэдзіць.

— Штаб? — спытаў Максім непрыхільна.

— Ні ў якім разе. У мяне ёсьць свая група.

Максім маўчаў. Наперадзе ўжо падымаўся шэры пяціпавярховы будынак з каменнай сьцяной уздоўж франтону. Той самы. Недзе там блукала па калідорах Рыба, крычаў і пляваўся разгневаны Бегемот. І там быў Цэнтр. Кола замкнулася.

— Добра, — сказаў Максім. — Ля ўваходу ёсьць тэлефон-аўтамат. Калі я ўвойду ўнутар — але не раней! — можаце выйсьці з машыны і патэлефанаваць.

— Добра, — сказаў Вяпрук.

Яны ўжо пад’яжджалі да павароту аўтастрады. Чамусьці Максім згадаў Раду і ўявіў сабе, што зь ёй зробіцца, калі ён ня вернецца. Дрэнна ёй будзе. А можа быць, і нічога. Можа быць, наадварот, яе выпусьцяць... Усё роўна — адна. Гая няма, мяне няма... Бедная дзяўчынка...

— У вас ёсьць сям’я? — спытаў ён Вепрука.

— Так. Жонка.

Максім пакусаў губу.

— Прабачце, што так няёмка атрымалася, — прамармытаў ён.

— Нічога, — спакойна сказаў Вяпрук. — Я разьвітаўся. Я заўсёды разьвітваюся, калі сыходжу з дому... Вось гэта, значыць, і ёсьць Цэнтр? Хто б мог падумаць... Усе ведаюць, што тут тэлецэнтр і радыёцэнтр, а тут, аказваецца, яшчэ і проста Цэнтр...

Максім спыніўся на стаянцы, уціснуўшыся паміж старой малалітражкай і раскошным урадавым лімузынам.

— Ну, усё, — сказаў ён. — Пажадайце мне ўдачы.

— Ад усяе душы... — сказаў Вяпрук. Голас ягоны асёкся, і ён закашляўся. — Усё-ткі я дажыў да гэтага дня, — прамармытаў ён.

Максім паклаў шчаку на руль.

— Добра было б гэты дзень перажыць... — сказаў ён. — Добра было б убачыць вечар... — Вяпрук паглядзеў на яго з трывогай. — Неахвота ісьці, — патлумачыў Максім. — Вох, неахвота... Дарэчы, Вяпрук, майце на ўвазе і распавядзіце сваім сябрам. Вы жывяце не на ўнутранай паверхні шару. Вы жывяце на зьнешняй паверхні шару. І такіх шароў яшчэ мноства ў сьвеце, на некаторых жывуць значна горш за вас, а на некаторых — значна лепш за вас. Але нідзе больш не жывуць дурней... Ня верыце? Ну і чорт з вамі. Я пайшоў.

Ён расчыніў дзьверцы і вылез вонкі. Ён прайшоў па асфальтаванай стаянцы і стаў падымацца па каменных сходах, прыступка за прыступкай, намацваючы ў кішэні ўваходны пропуск, які зрабіў для яго пракурор, і ўнутраны пропуск, які зрабіў для яго пракурор, і простую ружовую кардонку, што адлюстроўвала пропуск, які пракурор так і ня здолеў ані зрабіць, ані ўкрасьці для яго. Было горача, неба блішчала, як алюміній, непранікальнае неба населенага вострава. Каменныя прыступкі абпальвалі скрозь падноскі, а можа быць, гэта толькі здавалася. Усё было па-дурному. Уся задума была бяздарнай. На халеру ўсё гэта рабіць, калі падрыхтавацца толкам не пасьпелі... А раптам там сядзіць не адзін афіцэр, а два? Ці нават тры афіцэры сядзяць у гэтым пакойчыку і чакаюць мяне з аўтаматамі напагатове?... Ротмістр Чачу страляў зь пісталета, калібр той жа, толькі куль будзе больш, і я ўжо ня той, што раней, ён ужо ґрунтоўна ўкатаў мяне, мой населены востраў. І выпаўзьці на гэты раз не дадуць... Я — дурань. Быў дурань, дурнем і застаўся. Купіў мяне пан пракурор, злавіў на вуду... Але як ён мне паверыў? Розум ня йме... Добра было б зараз уцячы ў горы, падыхаць чыстым горным паветрам, так мне і не давялося пабываць у тутэйшых гарах... Вельмі люблю горы... Такі разумны, недаверлівы чалавек — і даверыў мне такую ​​каштоўнасьць! Найвялікшы скарб гэтага сьвету! Гэты гнюсны, агідны, подлы скарб... Будзь ён пракляты, масаракш, і яшчэ раз масаракш, і яшчэ трыццаць тры разы масаракш!