Ён адкрыў шкляныя дзьверы і працягнуў гвардзейцу ўваходны пропуск. Потым ён перасёк вэстыбюль — паўз дзяўчыну ў акулярах, якая ўсё ставіла штампы, паўз адміністратара ў каскетцы, які ўсё лаяўся з кімсьці па тэлефоне, — і ля ўваходу ў калідор паказаў іншаму гвардзейцу ўнутраны пропуск. Гвардзеец кіўнуў яму, яны былі ўжо, можна сказаць, знаёмыя: апошнія тры дні Максім прыходзіў сюды штодня.
Далей.
Ён прайшоў па доўгім, без дзьвярэй, калідоры і павярнуў налева. Тут ён быў усяго другі раз. Першы раз — заўчора, па памылцы. («Вам уласна куды трэба, пане?» — «Мне ўласна трэба ў шаснаццаты пакой, капрале». — «Вы памыліліся, пане. Вам — у наступны калідор». — «Выбачайце, капрале, вінаваты. Сапраўды...»)
Ён падаў капралу ўнутраны пропуск і пакасіўся на двух здаравенных гвардзейцаў з аўтаматамі, што нерухома стаялі па баках дзьвярэй насупраць. Потым зірнуў на дзьверы, у якія ён меўся ўвайсьці. «АДДЗЕЛ СПЭЦЫЯЛЬНЫХ ПЕРАВОЗАК». Капрал уважліва разглядаў пропуск, потым, усё яшчэ працягваючы разглядаць, націснуў нейкую кнопку ў сьцяне, за дзьвярыма пачуўся званок. Зараз ён там падрыхтаваўся, афіцэр, які сядзіць побач зь зялёнай парцьерай. Або два афіцэры падрыхтаваліся. Ці, можа быць, нават тры афіцэры... Яны чакаюць, калі я ўвайду. І калі я спалохаюся іх і выскачу назад, мяне сустрэне капрал, і сустрэнуць гвардзейцы, што ахоўваюць дзьверы без таблічкі, за якімі павінна быць поўна-поўна жаўнераў.
Капрал вярнуў пропуск і сказаў:
— Прашу. Падрыхтуйце дакумэнты.
Максім, дастаючы ружовую кардонку, расчыніў дзьверы і ступіў у пакой.
Масаракш.
Так і ёсьць.
Не адзін пакой. Тры. Анфілядай. І ў канцы — зялёная парцьера. І дывановая дарожка з-пад ног да самай парцьеры. Прынамсі, трыццаць мэтраў.
І ня два афіцэры. Нават ня тры. Шасьцёра.
Двое ў вайсковым шэрым — у першым пакоi. Ужо навялі аўтаматы.
Двое ў гвардзейскім чорным — у другім пакоі. Яшчэ не навялі, але таксама гатовыя.
Двое ў цывільным — па баках зялёнай парцьеры ў трэцім пакоі. Адзін павярнуў галаву, глядзіць кудысьці ўбок...
Ну, Мак!
Ён ірвануўся наперад. Атрымалася нешта накшталт трайнога скачка зь месца. Ён яшчэ пасьпеў падумаць: не парваць б сухажыльлі. Туга ўдарыла ў твар паветра.
Зялёная парцьера. Цывільны зьлева глядзіць у бок, шыя адкрытая. Рабром далоні.
Цывільны справа, верагодна, міргае. Павекі нерухома напаўапушчаныя. Зьверху па цеменi, і — у ліфт.
У ліфце цёмна. Дзе кнопка? Масаракш, дзе кнопка?
Павольна і гулка загрукаў аўтамат, і адразу — другі. Ну, што ж, выдатная рэакцыя. Ду-ут... ду-ут... ду-ут... Але гэта пакуль яшчэ — у дзьверы, у тое месца, дзе яны мяне бачылі. Яны яшчэ не зразумелі, што адбылося. Гэта проста рэфлекс.
Кнопка!
Упоперак парцьеры коса, зьверху ўніз, павольна рухаецца цень, — падае хтосьці з цывільных.
Масаракш, вось яна — на самым бачным месцы...
Ён націснуў кнопку, і кабіна пайшла ўніз. Ліфт быў хуткасны, кабіна паўзла даволі хутка. Забалела штуршковая нага. Няўжо ўсё-ткі расьцягнуў?... Зрэшты, цяпер гэта няважна... Масаракш, ды я ж прарваўся!
Кабіна спынілася, Максім выскачыў, і зараз жа ў шахце загрукацела, зазьвінела, паляцелі трэскі. Зьверху ў тры ствалы білі па даху кабіны. Добра, добра, біце... Цяпер яны сьцямяць, што не страляць трэба, а падняць ліфт назад і спусьціцца самім... прамаргалі, разгубіліся...
Ён агледзеўся. Масаракш, зноў ня тое... Не адзін уваход, а тры. Тры цалкам аднолькавых тунелі... Ага, гэта проста зьменныя генэратары. Адзін працуе, два на прафілактыцы... Які ж цяпер працуе? Так, здаецца, вось гэты...
Ён кінуўся ў сярэдні тунэль. За сьпіной зароў ліфт. Не-не, ужо позна... Ня тыя хуткасьці, не пасьпееце... хоць тунэль, трэба сказаць, доўгі, і нага баліць... Ну, вось і паварот, цяпер вы мяне наогул не дастанеце... Ён дабег да генэратараў, што басавіта буркаталі пад сталёвай плітой, спыніўся і некалькі сэкундаў адпачываў, апусьціўшы рукі. Так, тры чвэрці справы зроблена. Нават сем восьмых... засталася лухта, адна другая адной трыццаць чацьвёртай... зараз яны спусьцяцца ў ліфце, сунуцца ў тунэль, яны напэўна ні чорта ня ведаюць, дэпрэсыйнае выпраменьваньне пагоніць іх назад... Што яшчэ можа здарыцца? Шпурнуць па калідоры газавую гранату. Наўрад ці, адкуль яна ў іх... Вось трывогу яны ўжо, напэўна, паднялі. Айцы маглі б, вядома, выключыць дэпрэсыйны бар’ер... Вох, не рашацца яны, не рашацца і не пасьпеюць, бо ім жа трэба сабрацца ўпяцёх, зь пяцьцю ключамі, дамовіцца, сьцяміць, ці ня выхадка гэта аднаго зь іх, ці не правакацыя гэта... Ну насамрэч, хто ў цэлым сьвеце можа прарвацца сюды, праз прамянёвы бар’ер? Вандроўнік, калі ён таемна вынайшаў абарону? Яго затрымалі б шасьцёра з аўтаматамі... А больш няма каму... І вось, пакуль яны будуць сварыцца, высьвятляць, цяміць, я скончу справу...