Выбрать главу

І раптам на вуліцы нешта зьмянілася. Пачуліся ўзбуджаныя крыкі. Нейкі чалавек палез на ліхтарны слуп і, павіснуўшы на ім, стаў энэргічна крычаць, размахваючы свабоднай рукой. На тратуары засьпявалі. Людзі спыняліся, зрывалі галаўныя ўборы, выкочвалі вочы і сьпявалі, крычалі да хрыпу, падымаючы вузкія твары да велізарных рознакаляровыў надпісаў, што раптам успыхнулі ўпоперак вуліцы.

— Масаракш... — прашыпеў Фанк, і машына вільнула.

Максім глядзеў на яго. Фанк быў сьмяротна бледны, твар яго скрывіўся. Матаючы галавой, ён зь цяжкасьцю адарваў руку ад руля і ўтаропіўся ў гадзіньнік. «Масаракш...» — прастагнаў ён і сказаў яшчэ некалькі слоў, зь якіх Максім даведаўся толькі «не разумею». Потым ён азірнуўся цераз плячо, і твар яго скрывіўся яшчэ мацьней. Максім таксама азірнуўся, але ззаду не было нічога асаблівага. Там рухаўся закрыты ярка-жоўты аўтамабіль, квадратны, як скрынка.

На вуліцы крычалі зусім ужо нясьцерпна, але Максіму было не да таго. Фанк відавочна губляў прытомнасьць, а машына працягвала рухацца, а фургон наперадзе затармазіў, успыхнулі яго сыгнальныя агні, і раптам размаляваная сьценка насунулася, пачуўся агідны скрыгат, глухі ўдар, і стаў дубка скурожаны капот.

— Фанк! — крыкнуў Максім. — Фанк! Ня трэба!

Фанк ляжаў, паклаўшы руку і галаву на авальны руль, і гучна, часта стагнаў. Вакол вішчалі тармазы, рух спыняўся, вылі сыгналы. Максім патрос Фанка за плячо, кінуў, расчыніў дзьверцы і, высунуўшыся, закрычаў па-расейску: «Сюды! Яму дрэнна!» Ля аўтамабіля ўжо сабраўся гаманкі натоўп, які сьпяваў і гарлапаніў, энэргічна ўзмахвалі рукі, скалыналі над галовамі ўзьнятыя кулакі, дзясяткі пар налітых выкачаных вачэй шалёна круціліся ў арбітах — Максім зусім нічога не разумеў: ці то гэтыя людзі былі абураныя аварыяй, ці то яны нечаму бяз памяці радаваліся, ці то камусьці пагражалі. Крычаць было марна, не чуваць было самога сябе, і Максім зноў вярнуўся да Фанка. Цяпер той ляжаў, адкінуўшыся на сьпіну, закінуўшы твар, і з усіх сілаў мяў далонямі скроні, шчокі, чэрап, на вуснах яго пузырылася сьліна. Максім зразумеў, што яго мучыць нясьцерпны боль, і моцна ўзяў яго за локці, пасьпешліва напружваючыся, рыхтуючыся пераліць боль у сябе. Ён ня быў упэўнены, што гэта атрымаецца ў яго зь істотай іншай плянэты, ён шукаў і ня мог знайсьці нэрвовы кантакт, а тут яшчэ ў дадатак Фанк, адарваўшы рукі ад скроняў, стаў з усіх сваіх немаладых сілаў штурхаць Максіма ў грудзі, нешта адчайна мармычучы плачачым голасам. Максім разумеў толькі: «Ідзіце, ідзіце...» Было ясна, што Фанк не ў сабе.

Тут дзьверцы побач з Фанкам расчыніліся, у машыну прасунуліся два разгарачаныя твары пад чорнымі бэрэтамі, бліснулі шэрагі мэталічных ґузікаў, і зараз жа мноства цьвёрдых моцных рук узялі Максіма за плечы, за бакі, за шыю, адарвалі ад Фанка і выцягнулі з машыны. Ён не супраціўляўся — у гэтых руках не было пагрозы або злога намеру, хутчэй наадварот. Адсунуты ў гаманкі натоўп, ён бачыў, як двое ў бэрэтах павялі сагнутага, скурчанага Фанка да жоўтага аўтамабілю, а яшчэ трое ў бэрэтах адціскалі ад яго людзей, якія размахвалі рукамі. Потым натоўп з ровам сышоўся вакол пакалечанай машыны, машына нязґрабна заварушылася, прыўзьнялася, павярнулася бокам, мільганулі ў паветры, павольна круцячыся, гумовыя колы, і вось яна ўжо ляжыць дахам уніз, а натоўп лезе на яе, і ўсе крычаць, сьпяваюць, і ўсё ахопленыя нейкай лютай, шалёнай весялосьцю.

Максіма адцясьнілі да сьцяны дома, прыціснулі да мокрай шкляной вітрыны, і, выцягнуўшы шыю, ён убачыў па-над галовамі, як жоўты квадратны аўтамабіль, выдаючы медны клёкат, заварушыўся, зазіхацеў мноствам яркіх агнёў, праціснуўся праз натоўп людзей і машынаў і зьнік з вачэй.

4

Позна ўвечары Максім зразумеў, што яму гэтага горада хапіла па горла, і больш нічога ня хочацца бачыць, а хочацца яму чаго-небудзь зьесьці. Ён правёў на нагах увесь дзень, убачыў незвычайна шмат, амаль нічога не зразумеў, даведаўся простым падслухоўваньнем некалькі новых слоў і атаясаміў некалькі мясцовых літараў на шыльдах і афішах. Няшчасны выпадак з Фанкам зьбянтэжыў і зьдзівіў яго, але ўвогуле ён быў нават задаволены, што зноў прадстаўлены самому сабе. Ён любіў самастойнасьць, і яму вельмi не хапала самастойнасьці ўвесь гэты час, пакуль ён сядзеў у бегемотавым пяціпавярховым тэрмітніку з дрэннай вэнтыляцыяй. Падумаўшы, ён вырашыў часова згубіцца. Ветлівасьць — ветлівасьцю, а інфармацыя — інфармацыяй. Працэдура кантакту, вядома, справа сьвятая, але лепшага выпадку атрымаць незалежную інфармацыю напэўна ня знойдзецца...