Выбрать главу

Гэтая інтуітыўная выснова ўскосна пацьвердзілася яшчэ праз дэкаду, калі Гай прайшоў па конкурсе ў завочную школу прэтэндэнтаў на першы афіцэрскі чын і пачаў зубрыць матэматыку і мэханіку. Схемы і формулы з элемэнтарнага курсу балістыкі прывялі Максіма ў зьдзіўленьне. Ён прыстаў да Гая, Гай спачатку не зразумеў, а потым, паблажліва ўхмыляючыся, патлумачыў яму касмаграфію свайго сьвету. І тады высьветлілася, што населены востраў ня ёсьць шарам, ня ёсьць геойдам і наогул не зьяўляецца плянэтай.

Населены востраў быў Сьветам, адзіным сьветам у Сусьвеце. Пад нагамі абарыгенаў была цьвёрдая паверхня Сфэры Сьвету. Над галовамі абарыгенаў меў месца гіганцкі, але канечнага аб’ёму газавы шар невядомага пакуль складу, які валодаў не зусім яснымі пакуль фізычнымі ўласьцівасьцямі. Існавала тэорыя аб тым, што шчыльнасьць газу хутка расьце да цэнтру газавай бурбалкі, і там адбываюцца нейкія таямнічыя працэсы, якія выклікаюць рэгулярную зьмену яркасьці так званага Сусьветнага Сьвятла, што ў сваю чаргу абумоўлівае зьмену дня і ночы. Акрамя кароткапэрыядычных, сутачных зьмяненьняў стану Сусьветнага Сьвятла, існавалі доўгапэрыядычныя, што спараджалі сэзонныя ваганьні тэмпэратуры і зьмену часоў году. Сіла цяжару была накіраваная ад цэнтру Сфэры Сьвету пэрпэндыкулярна да яе паверхні. Карацей кажучы, населены востраў існаваў на ўнутранай паверхні вялізнае бурбалкі ў бясконцай цьвердзі, якая запаўняла астатні Сусьвет.

Максім, зусім ачмурэлы ад нечаканасьці, пачаў быў спрэчку, але вельмі хутка аказалася, што яны з Гаем гавораць на розных мовах, што зразумець адзін аднаго ім значна цяжэй, чым перакананаму капэрніканцу зразумець перакананага пасьлядоўніка Пталемэя. Уся справа была ў дзіўнай уласьцівасьці атмасфэры гэтай плянэты. Па-першае, незвычайна моцная рэфракцыя надмерна задзірала гарызонт і век-вяком пераконвала абарыгенаў, што іх зямля ня плоская і ўжо ва ўсякім разе ня выпуклая — яна ўвагнутая. «Устаньце на марскім беразе, — рэкамэндавалі школьныя падручнікі, — і прасачыце за рухам карабля, які адышоў ад прыстані. Спачатку ён будзе рухацца як бы па плоскасьці, але чым далей ён будзе сыходзіць, тым вышэй ён будзе падымацца, пакуль не схаваецца ў атмасфэрнай смузе, што засланяе астатнюю частку Сьвету». Па-другое, атмасфэра гэтая была вельмі шчыльнай і фасфарасцыравала ўдзень і ўначы, так што ніхто ніколі тут ня бачыў зорнага неба, а выпадкі назіраньня Сонца былі запісаныя ў хроніках і служылі асновай для незьлічоных спробаў стварыць тэорыю Сусьветнага Сьвятла.

Максім зразумеў, што знаходзіцца ў гіганцкай пастцы, што кантакт зробіцца магчымым толькі тады, калі яму ўдасца літаральна вывернуць навыварат натуральныя прадстаўленьні, якія склаліся цягам дзесяцігодзьдзяў. Відаць, гэта ўжо спрабавалі тут прарабіць, калі меркаваць па распаўсюджаным праклёне «масаракш», што даслоўна азначала «сьвет навыварат»; акрамя таго, Гай распавёў пра чыста абстрактную матэматычную тэорыю, якая разглядала Сьвет інакш. Тэорыя гэтая паўстала яшчэ ў антычныя часы, перасьледвалася некалі афіцыйнай рэлігіяй, мела сваіх пакутнікаў, атрымала матэматычную складнасьць працамі геніяльных матэматыкаў мінулага стагодзьдзя, але так і засталася чыста абстрактнай, хоць, як і большасьць абстрактных тэорыяў, знайшла сабе нарэшце практычнае ўжываньне — зусім нядаўна, калі былі створаныя звышдальнабойныя балістычныя снарады.

Абдумаўшы і супаставіўшы ўсё, што стала яму вядома, Максім зразумеў, па-першае, што ўвесь гэты час выглядаў тут вар’ятам і нездарма яго мэнтаграмы ўключаныя ў шызойднае «Чароўнае падарожжа». Па-другое, ён зразумеў, што да пары, да часу ён павінен маўчаць пра сваё іншаплянэтнае паходжаньне, калі ня хоча вярнуцца да Бегемота. Гэта азначала, што населены востраў ня прыйдзе да яго на дапамогу, што разьлічваць ён можа толькі на сябе, што пабудова нуль-перадатчыка адкладваецца на няпэўны час, а сам ён затрымаўся тут, відаць, надоўга і, можа быць, масаракш, назаўжды. Безнадзейнасьць сытуацыі ледзь ня зьбіла яго з ног, але ён сьціснуў зубы і прымусіў сябе разважаць чыста лягічна. Маме давядзецца перажыць цяжкі час. Ёй будзе бязьмерна дрэнна, і адна гэтая думка адбівае ўсякую ахвоту разважаць лягічна. Каб ён праваліўся, гэты бяздарны, замкнёны сьвет!... Але ў мяне ёсьць толькі два выйсьця: альбо сумаваць па немагчымаму і бясьсільна кусаць локці, альбо сабрацца й жыць. Па-сапраўднаму жыць, як я хацеў жыць заўсёды — любіць сяброў, дамагацца мэты, біцца, перамагаць, цярпець паразы, атрымліваць па носе, даваць здачы — усё, што заўгодна, толькі не заламваць рукі... Ён спыніў размовы пра будову Сусьвету і пачаў распытваць Гая пра гісторыю і сацыяльнае ўладкаваньне свайго населенага вострава.