Выбрать главу

Потым усё скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалося. Брыгадзір абвёў строй асалавелымі вачыма, узгадаў, дзе ён знаходзіцца, і рыдаючым сарваным голасам скамандаваў: «панам афіцэрам разьвесьці роты на заняткі!» Хлопцы, памахваючы галовамі, зьбянтэжана касілі адзін на аднаго. Здаецца, яны нічога не цямілі, і ротмістру Чачу давялося двойчы крыкнуць «раўнуй», перш чым шэрагі прынялі належны выгляд. Затым роту адвялі да казармы, і ротмістр распарадзіўся:

— Першая сэкцыя прызначаецца ў канвой. Астатнім сэкцыям прыступіць да заняткаў па распарадку. Р-роскід!

Разышліся. Гай пастроіў сваю сэкцыю і разьмеркаваў пасты. Максіму з сапраўдным радавым Пандзі дастаўся пост у допытнай камэры. Гай сьпехам растлумачыў яму абавязкі: стаяць сьмірна справа і ззаду арыштаванага, пры першай жа спробе арыштаванага падняцца з лавы — перашкаджаць сілай, падпарадкоўвацца непасрэдна камандзіру брыгады, старэйшы — радавы Пандзі... Карацей кажучы, глядзі на Пандзі і рабі як ён. Я б цябе нізавошта не паставіў на гэты пост, не паложана кандыдату, але пан ротмістр загадаў...

— Ты трымай вуха востра, Мак. Нешта я пана ротмістра не разумею. Ці то ён цябе хоча прасунуць хутчэй — вельмі ты яму спадабаўся ў справе; учора на разборы апэрацыі з камандзірамі сэкцый ён добра пра цябе казаў, ды й у загад паслаў... Ці то ён цябе правярае. Чаму так — ня ведаю. Можа быць, я вінаваты са сваім рапартам, а можа быць, ты сам са сваімі размовамі... — ён заклапочана агледзеў Максіма. — Пачысьці давай яшчэ раз боты, падцягні дзягу і надзень парадныя пальчаткі... Так, у цябе ж няма, кандыдатам не належыць... Добра, бяжы на склад, ды жвавей, праз трыццаць хвілін выходзім.

На складзе Максім застаў Пандзі, які мяняў трэснутую кукарду.

— Во, капрал! — сказаў Пандзі, зьвяртаючыся да начальніка склада і пляскаючы Максіма па плячы. — Бачыў? Дзевяты дзень хлопец у Гвардыі, і ўжо падзяка. У камэру яго са мной паставілі... Нябось за белымі пальчаткамі прыбег? Выдай яму добрыя пальчаткі, капрале, ён заслужыў. Хлопец — цьвік!

Капрал незадаволена забурчаў, палез у стэлажы, заваленыя рэчавым забесьпячэньнем, кінуў на прылавак перад Максімам некалькі пар белых ніцяных пальчатак і сказаў грэбліва:

— Цьвік... Гэта вы тут з ачумелымі — цьвікі. Вядома, калі ў яго ад болю ўсё нутро патрэскалася — падыходзь, ды кладзі яго ў мех. Тут бы і мой дзед цьвіком быў — бяз рук, бяз ног...

Пандзі пакрыўдзіўся.

— Твой бы дзед бяз рук, бяз ног на адных бровах драпака бы задаў, — сказаў ён, — калі б на яго вось так з двума пісталетамі наскочылі... Я падумаў быў — гамон пану ротмістру...

— Гамон, гамон... — бурчэў капрал. — вось загрыміце праз паўгады на паўднёвую мяжу, тады паглядзім, хто на бровах бегаць будзе...

Калі яны выйшлі са складу, Максім спытаў з усемагчымай пачцівасьцю (старына Пандзі любіў пачцівасьць):

— Пане Пандзі, чаму ў гэтых вырадкаў такія болі? І ва ўсіх адразу. Як гэта так?

— Ад страху, — адказаў Пандзі, для важнасьці панізіўшы голас. — Вырадкі, разумееш? Чытаць табе трэба больш, Мак. Ёсьць такая брашура «Вырадкі, хто яны і адкуль». Прачытай, а то як быў ты вёскай, так і застанешся. На адной адвазе далёка не паедзеш... — ён памаўчаў. — Вось мы хвалюемся, напрыклад, злуемся, скажам, ці спалохаліся — у нас нічога, толькі змакрэем хіба, ці, скажам, лыткі задрыжаць. А ў іх арганізм ненармальны, выраджаны. Злуецца ён на каго-небудзь ці, напрыклад, спалохаўся, ці ўвогуле... у яго адразу моцныя болі ў галаве і па ўсім целе. Да непрытомнасьці, зразумеў? Па такой асаблівасьці мы іх пазнаем і, вядома, затрымліваем... бярэм... А добрыя пальчатачкі, якраз на мяне. Як ты думаеш?

— Цеснаватыя яны мне, пане Пандзі, — паскардзіўся Максім. — Давайце памяняемся: вы гэтыя вазьміце, а мне свае дайце, разношаныя.

Пандзі быў вельмі задаволены. І Максім быў вельмі задаволены. І раптам ён згадаў Фанка, як той курчыўся ў машыне, катаўся ад болю... і як яго забралі патрульныя гвардзейцы... Толькі чаго Фанк мог спалохацца? І на каго ён мог там злавацца? Бо ён не хваляваўся, спакойна вёў аўтамабіль, пасьвістваў, вельмі яму чагосьці хацелася... верагодна, паліць... Зрэшты, ён жа павярнуўся, пабачыў патрульную машыну... ці гэта было пасьля? Так, ён вельмі сьпяшаўся, а фургон загароджваў дарогу... можа быць, ён раззлаваўся?... Ды не, чаго я выдумляю? Ці мала якія прыступы бываюць у людзей... А затрымалі яго — за аварыю. Цікава, аднак, куды ён мяне вёз і хто ён такі? Фанка трэба было б знайсьці.