Выбрать главу

— Вось і ўсё сьмецьце. Цяпер пойдзе група.

— Пачынайце прама з кіраўніка, — параіў цывільны. — Як там яго — Кэтшаф?

Ад’ютант глянуў у паперы і сказаў жалезнай табурэтцы:

— Гэл Кэтшаф.

Увялі знаёмага — худога чалавека ў белым халаце. Ён быў у кайданках, і таму трымаў рукі, ненатуральна выцягнуўшы іх перад сабой. Вочы ў яго былі чырвоныя, твар ацёк. Ён сеў і стаў глядзець на карціну па-над галавою брыгадзіра.

— Вашае імя — Гэл Кэтшаф? — спытаў брыгадзір.

— Так.

— Зубны лекар?

— Быў.

— У якіх адносінах знаходзіцеся з зубным лекарам Гобі?

— Купіў у яго практыку.

— Чаму ж не практыкуеце?

— Прадаў кабінэт.

— Чаму?

— Сьціснутыя акалічнасьці, — сказаў Кэтшаф.

— У якіх стасунках знаходзіцеся з Ордзі Тадэр?

— Яна мая жонка.

— Дзеці ёсьць?

— Быў. Сын.

— Дзе ён?

— Ня ведаю.

— Чым займаліся падчас вайны?

— Ваяваў.

— Дзе? Кім?

— На паўднёвым захадзе. Спачатку начальнікам палявога шпіталя, затым камандзірам пяхотнай роты.

— Раненьні? Ордэны?

— Усё было.

— Чаму вырашылі заняцца антыдзяржаўнай дзейнасьцю?

— Бо ў гісторыі сьвету не было больш брыдкай дзяржавы, — сказаў Кэтшаф. — Таму што любіў сваю жонку і сваё дзіця. Таму што вы забілі маіх сяброў і разбэсьцілі мой народ. Таму што заўсёды ненавідзеў вас. Дастаткова?

— Дастаткова, — спакойна сказаў брыгадзір. — Больш, чым дастаткова. Скажыце нам лепш, колькі вам плацяць ханційцы? Ці вам плаціць Пандэя?

Чалавек у белым халаце засьмяяўся. Жудасны гэта быў сьмех, так мог бы сьмяяцца мярцьвяк.

— Канчайце гэтую камэдыю, брыгадзір, — сказаў ён. — Навошта гэта вам?

— Вы — кіраўнік групы?

— Так. Быў.

— Каго можаце назваць з членаў арганізацыі?

— Нікога.

— Вы ўпэўненыя? — спытаў раптам чалавек у цывільным.

— Так.

— Ці бачыце, Кэтшаф, — мякка сказаў чалавек у цывільным, — вы знаходзіцеся ў вельмі цяжкім становішчы. Мы ведаем пра вашу групу ўсё. Мы нават ведаем сёе-тое пра сувязі вашай групы. Вы мусіце зразумець, што гэтая інфармацыя атрыманая намі ад нейкай асобы, і цяпер толькі ад нас залежыць, якое імя будзе ў гэтай асобы — Кэтшаф ці якое-небудзь іншае...

Кэтшаф маўчаў, апусьціўшы галаву.

— Вы! — каркнуў ротмістр Чачу. — Вы, былы баявы афіцэр! Вы разумееце, што вам прапануюць? Не жыцьцё, масаракш! Гонар!

Кэтшаф зноў засьмяяўся, закашляўся, але нічога не сказаў. Максім адчуваў, што гэты чалавек нічога не баіцца. Ні сьмерці, ні ганьбы. Ён ужо ўсё перажыў. Ён ужо лічыць сябе мёртвым і зганьбаваным... Брыгадзір паглядзеў на цывільнага. Той пакруціў галавой. Брыгадзір паціснуў плячыма, падняўся і абвясьціў, што Гэл Кэтшаф, пяцідзесяці гадоў, жанаты, зубны лекар, прысуджаецца на падставе закона аб ахове грамадзкага здароўя да зьнішчэньня. Тэрмін выкананьня прысуду — сорак восем гадзін. Прысуд можа быць заменены ў выпадку згоды асуджанага даць паказаньні.

Калі Кэтшафа вывелі, брыгадзір зь незадавальненьнем сказаў цывільнаму: «Не разумею цябе. Па-мойму ён размаўляў даволі ахвотна. Тыповы балбатун — па вашай жа клясыфікацыі. Не разумею...» Цывільны засьмяяўся: «Вось таму вось, сябра, ты камандуеш брыгадай, а я... а я — у сябе». — «Усё адно, — пакрыўджана сказаў брыгадзір. — Кіраўнік групы... схільны пафілязофстваваць... Не разумею». — «Сябра, — сказаў цывільны. — Ты бачыў калі-небудзь нябожчыка, які б філязофстваваў?» — «А, глупства...» — «А ўсё ж ткі?» — «Можа быць, ты бачыў?» — спытаў брыгадзір. «Так, толькі што, — сказаў цывільны важка. — І заўваж, ня ў першы раз... Я жывы, ён мёртвы, пра што нам гаварыць? Так, здаецца, у Вэрблібэна?...» Ротмістр Чачу раптам падняўся, падышоў ушчыльную да Максіма і прашыпеў яму ў твар зьнізу ўверх: «Як стаіш, кандыдат? Куды глядзіш? Зваж-жай! Вочы перад сабой! Ня бегаць вачыма!» Некалькі сэкундаў ён, цяжка дыхаючы, разглядаў Максіма — зрэнкі яго шалёна звужаліся і пашыраліся — потым вярнуўся на сваё месца і запаліў.

— Так, — сказаў ад’ютант. — Засталіся: Ордзі Тадэр, Мэма Грамэну і яшчэ двое, якія адмовіліся сябе назваць.

— Вось зь іх і пачнем, — прапанаваў цывільны. — Выклікайце.

— Нумар семдзесят тры-трынаццаць, — сказаў ад’ютант.