Максім смактаў ледзянец, слухаў у паўвуха і маўчаў. Нянавісьць, думаў ён. Тыя ненавідзяць гэтых, гэтыя ненавідзяць тых. За што?... Найагіднейшая дзяржава... Чаму? Адкуль ён гэта ўзяў?... Разбэсьцілі народ... Як? Што гэта можа значыць?... І гэты цывільны... Ня можа быць, каб ён намякаў на катаваньні. Гэта ж было даўно, у сярэднія вякі... Але ўсё роўна... фашызм... Так, памятаецца, ня толькі ў сярэднія. Можа быць, гэта фашысцкая дзяржава? Масаракш, што такое фашызм? Агрэсія, расавая тэорыя... Гілтэр... не, Гілмэр... Так-так — тэорыя расавай перавагі, масавыя зьнішчэньні, генацыд, захоп сьвету... хлусьня, узьведзеная ў прынцып палітыкі, дзяржаўная хлусьня — гэта я добра памятаю, гэта мяне больш за ўсё ўразіла. Але па-мойму, тут гэтага няма. Гай — фашыст? І Рада? Не, тут іншае — наступствы вайны, відавочная жорсткасьць нораваў, як вынік цяжкага становішча. Большасьць імкнецца падавіць апазыцыю меншасьці. Сьмяротнае пакараньне, выхаваўчыя работы... Для мяне гэта агідна, але як жа інакш?... А ў чым, уласна, апазыцыя? Так, яны ненавідзяць існуючы лад. Але што яны робяць канкрэтна? Ні слова пра гэта не было сказана. Дзіўна... Нібы судзьдзі загадзя згаварыліся з абвінавачанымі, і абвінавачаныя нічога ня маюць супраць... А што ж, вельмі нават падобна. Абвінавачаныя імкнуцца разбурыць сыстэму процібалістычнай абароны, судзьдзям пра гэта добра вядома, і абвінавачаныя ведаюць, што судзьдзям пра гэта добра вядома, усе застаюцца пры сваіх перакананьнях, гаварыць няма пра што, і застаецца толькі аформіць складзеныя адносіны афіцыйна. Аднаго зьнішчыць, іншага — на перавыхаваньне, трэцяга... трэцяга невядома навошта бярэ да сябе гэты цывільны... Цяпер добра б зразумець, якая існуе сувязь паміж хворай галавой і прыхільнасьцю да апазыцыі. Чаму сыстэму ПБА імкнуцца разбурыць толькі вырадкі? І пры гэтым нават ня ўсе вырадкі?
— Пане Пандзі, — сказаў ён. — А ханційцы — яны ўсе вырадкі, вы ня чулі?
Пандзі глыбока задумаўся.
— Як табе... разумееш... — вымавіў, нарэшце, ён. — Мы пераважна наконт унутраных спраў, наконт вырадкаў, як гарадзкіх, так і дзікіх, якія на Поўдні. А што там у Хонці або, скажам, яшчэ дзесь — гэтаму, напэўна, вайскоўцаў навучаюць. Галоўнае, што ты мусіш ведаць, — гэта што ханційцы ёсьць лютымі зьнешнімі ворагамі нашай дзяржавы. Да вайны яны нам падпарадкоўваліся, а цяпер злосна помсьцяць... А вырадкі — унутраныя ворагі. Вось і ўсё. Зразумеў?
— Больш ці менш, — сказаў Максім, і Пандзі адразу ж распачаў яму вымову: у Гвардыі так не адказваюць, у Гвардыі адказваюць «так» або «не», а «больш ці менш» ёсьць выразам цывільным, гэта капралавай сястрычцы можаш так адказваць, а тут служба, тут так нельга...
Верагодна, ён доўга яшчэ гавэндзіў бы, тэма была ўдзячная, блізкая да яго сэрца, і слухач быў уважлівы, варты павагі, але тут вярнуліся паны афіцэры. Пандзі замоўк на паўслове, прашаптаў «зважай» і, зьдзейсьніўшы неабходныя эвалюцыі паміж сталом і жалезнай табурэткай, застыў. Максім таксама застыў.
Паны афіцэры былі ў выдатным настроі. Ротмістр Чачу гучна і з грэблівым выглядам распавядаў, як у восемдзесят чацьвёртым яны ляпілі сырое цеста прама на распаленую браню і пальчыкі, бывала, аблізвалі. Брыгадзір і цывільны пярэчылі, што гвардзейскі дух — гвардзейскім духам, але гвардзейская кухня павінна быць на адпаведнай вышыні, і чым менш кансэрваў, тым лепш. Ад’ютант, напалову заплюшчыўшы вочы, раптам пачаў цытаваць на памяць нейкую поварскую кнігу, і ўсе яны змоўклі і даволі доўга слухалі яго зь дзіўным замілаваньнем на тварах. Потым ад’ютант захлынуўся сьлінкай і закашляўся, а брыгадзір, уздыхнуўшы, сказаў:
— Так, панове... Але трэба, аднак, канчаць.
Ад’ютант, усё яшчэ кашляючы, раскрыў тэчку, пакапаўся ў паперах і прамовіў здушаным голасам:
— Ордзі Тадэр.
І ўвайшла жанчына, такая ж белая і амаль празрыстая, як і ўчора, нібы яна ўсё яшчэ была ў непрытомнасьці, але калі Пандзі зазвычай працягнуў руку, каб узяць яе за локаць і пасадзіць, яна рэзка адсунулася як ад гадаўкі, і Максіму здалося, што яна зараз ударыць. Яна ня ўдарыла, у яе былі скаваныя рукі, яна толькі выразна сказала: «Не чапай, халуй!», абыйшла Пандзі і села на табурэт.
Брыгадзір задаў ёй звычайныя пытаньні. Яна не адказала. Цывільны нагадаў ёй пра дзіця, пра мужа, і яму яна таксама не адказала. Яна сядзела, выпрастаўшыся, Максім ня бачыў яе твару, бачыў толькі напружаную худую шыю пад растрапанымі сьветлымі валасамі. Потым яна раптам сказала спакойным нізкім голасам: