Выбрать главу

— Вы ўсе абалваненыя стоўбні. Забойцы. Вы ўсе памраце. Ты, брыгадзір, я цябе ня ведаю, я цябе бачу ў першы і апошні раз. Ты памрэш кепскай сьмерцю. Не ад маёй рукі, нажаль, але вельмі, вельмі кепскай сьмерцю. І ты, сволач з ахранкі. Дваіх такіх як ты я прыкончыла сама. Я б цяпер забіла цябе, я б да цябе дабралася, калі б ня гэтыя халуі ў мяне за сьпіной... — яна перавяла дыханьне. — І ты, чарнаморды, гарматнае мяса, кат, ты яшчэ трапіш да нас у рукі. Але ты памрэш проста. Гэл прамахнуўся, але я ведаю людзей, якія не прамахнуцца. Вы ўсе тут здохнеце яшчэ задоўга да таго, як мы саб’ем вашыя клятыя вежы, і гэта добра, я малю бога, каб вы не перажылі сваіх вежаў, а то ж вы паразумнееце, і тым, хто будзе пасьля, будзе шкада забіваць вас.

Яны не перабівалі яе, яны ўважліва слухалі. Можна было падумаць, што яны гатовыя слухаць яе гадзінамі, а яна раптам паднялася і ступіла да стала, але Пандзі злавіў яе за плячо і кінуў назад на табурэт. Тады яна плюнула з усіх сілаў, але плявок не даляцеў да стала, і яна раптам абвяла і заплакала. Некаторы час яны глядзелі, як яна плача. Потым брыгадзір устаў і прысудзіў яе да зьнішчэньня ў сорак восем гадзін, і Пандзі ўзяў яе за локаць і выкінуў за дзьверы, а цывільны моцна пацёр рукі, усьміхнуўся і сказаў брыгадзіру: «Гэта ўдача. Выдатнае прыкрыцьцё!» А брыгадзір адказаў яму: «Дзякуй ротмістру». А ротмістр Чачу сказаў толькі: «Языкі!», і ўсе яны змоўклі.

Потым ад’ютант выклікаў Мэма Грамэну, і з гэтым зусім ужо ня цырымоніліся. Гэта быў чалавек, які страляў у калідоры. Зь ім было ўсё ясна: пры арышце ён аказаў узброены супраціў, і яму нават не задавалі пытаньняў. Ён сядзеў на табурэце, грузны, згорблены, і пакуль брыгадзір зачытваў яму сьмяротны прысуд, ён раўнадушна глядзеў у столь, няньчачы левай рукой правую, вывіхнутая пальцы якой былі абкручаныя анучай. Максіму ўбачыўся ў ім нейкі ненатуральны спакой, нейкая дзелавітая ўпэўненасьць, халодная абыякавасьць да гэтых падзеяў, але ён ня здолеў разабрацца ў сваіх адчуваньнях...

Грамэну не пасьпелі яшчэ вывесьці, а ад’ютант ужо з палёгкай складваў паперы ў тэчку, брыгадзір пачаў з цывільным размову аб парадку павышэньня па службе, а ротмістр Чачу падышоў да Пандзі і Максіма і загадаў ім ісьці. У яго празрыстых вачах Максім ясна ўбачыў зьдзек і пагрозу, але не захацеў думаць пра гэта. Зь нейкай адчужанай цікаўнасьцю і спачуваньнем ён думаў пра таго чалавека, якому трэба будзе забіць жанчыну. Гэта было жахліва, гэта было немагчыма, але камусьці трэба было гэта зрабіць у найбліжэйшыя сорак восем гадзін.

8

Гай пераапрануўся ў піжаму, павесіў мундзір у шафу і павярнуўся да Максіма. Кандыдат Сім сядзеў на сваёй раскладушцы, якую Рада паставіла яму ў вольным куце, адзін бот ён сьцягнуў і трымаў у руцэ, а за другі яшчэ не прымаўся. Вочы яго былі скіраваныя ў сьцяну, рот прыадчынены. Гай падкраўся збоку і пстрыкнуў яго па носе. І як заўсёды прамахнуўся — у апошні момант Мак аддзёрнуў галаву.

— Пра што задумаўся? — гульліва спытаў Гай. — Бядуеш, што Рады няма? Тут табе, браце, не пашанцавала, у яе сёньня дзённая зьмена.

Мак слаба ўсьміхнуўся і пачаў сьцягваць другі бот.

— Чаму няма? — спытаў ён расьсеяна. — Ты мяне не падманеш... — Ён зноў замер. — Гай, — сказаў ён, — ты заўсёды казаў, што яны працуюць за грошы...

— Хто? Вырадкі?

— Так. Ты пра гэта часта казаў — і мне, і хлопцам... Платныя агенты ханційцаў... І ротмістр увесь час пра гэта паўтарае, кожны дзень адно і тое ж...

— Як жа інакш? — сказаў Гай. Ён вырашыў, што Мак зноў заводзіць размову аб аднастайнасьці. — Ты ўсё-ткі дзівак, Мак. Адкуль у нас могуць зьявіцца нейкія новыя словы, калі ўсё застаецца па-старому? Вырадкі як былі вырадкі, так і засталіся. Як яны атрымлівалі грошы ад ворага, так і атрымліваюць. Вось у мінулым годзе, напрыклад, накрылі адну кампанію за горадам — ​​у іх цэлае сутарэньне было набітае грашовымі мяхамі. Адкуль у сумленнага чалавека могуць быць такія грошы? Яны не прамыслоўцы, не банкіры... ды цяпер і ў банкіраў такіх грошай няма, калі гэты банкір сапраўдны патрыёт...

Мак акуратна паставіў боты каля сьцяны, устаў і пачаў расшпільваць камбінэзон.

— Гай, — сказаў ён, — а ў цябе бывае так, што кажуць табе пра чалавека адно, а ты глядзіш на гэтага чалавека і адчуваеш: ня можа гэтага быць. Памылка. Блытаніна.

— Бывае, — сказаў Гай, нахмурыўшыся. — Але калі ты пра вырадкаў...