— Ну, куды цябе падзець з тваімі таямніцамі? Хочаш за вакно?
— Што за дурныя жарты, масаракш! — закрычаў Гай, сутаргава размахваючы рукамі ў пошуках апоры.
— Ня хочаш за вакно? Ну добра, заставайся...
Гая паднесьлі да шырмы і вывалілі на ложак Рады. Ён сеў, паправіў задратую піжаму і прабурчаў: «Чорт здаравенны...» Ён таксама не сердаваў. Ды й не на каго было сердаваць, хіба што на вырадкаў...
Яны ўзяліся накрываць на стол, потым прыйшла Рада з рондлем супу, а за імі — дзядзечка Каан са сваёй запаветнай біклагай, якая адна толькі, па яго запэўненьнях, ратавала яго ад прастуды і іншых старэчых хвароб. Селі, узяліся за суп. Дзядзечка выпіў чарку, пацягнуў носам паветра і пачаў распавядаць пра свайго ворага, калегу Шапшу, які зноў напісаў артыкул аб прызначэньні такой і такой косткі ў нейкай старажытнай яшчаркі, прычым увесь артыкул быў пабудаваны на глупстве, нічога, акрамя глупства, не ўтрымоўваў і разьлічаны быў на дурняў...
У дзядзечкі Каана ўсе былі дурні. Калегі па катэдры — дурні, адны старанныя, іншыя гультаі. Асыстэнты — балваны ад нараджэньня, якім месца ў гарах пасьвіць жывёлу, ды і тое, кажучы па праўдзе, невядома, ці справяцца. Што ж тычыцца студэнтаў, то моладзь цяпер увогуле нібы падмянілі, а ў студэнты, да таго ж, ідзе самая адборная дурасьць, якую руплівы прадпрымальнік ня падпусьціў да станкоў, а дасьведчаны камандзір адмовіўся прыняць у жаўнеры. Так што лёс навукі аб выкапнях жывёл прадвызначаны... Гай ня надта аб гэтым шкадаваў, бог зь імі, выкапнямі, не да іх цяпер, і наогул незразумела, навошта і каму гэтая навука можа калі-небудзь спатрэбіцца. Але Рада дзядзечку вельмі любіла і заўсёды жахалася разам зь ім з нагоды глупства калегі Шапшу і гаравала, што ўнівэрсытэцкае начальства не вылучае сродкаў, неабходных для экспэдыцый...
Сёньня, зрэшты, размова пайшла пра іншае. Рада, якая, масаракш, усё-ткі ўсё чула ў сябе за шырмай, спытала раптам дзядзьку, чым вырадкі адрозьніваюцца ад звычайных людзей. Гай грозна паглядзеў на Мака і прапанаваў Радзе не псаваць родным і блізкім апэтыту, а чытаць лепш літаратуру. Аднак дзядзечка заявіў, што гэтая літаратура напісаная для найдурнейшых з дурняў; што ў Дэпартамэнце грамадзкай асьветы ўяўляюць, што ўсе такія ж невукі, як яны самі; што пытаньне аб вырадках зусім не такое простае і зусім не такое дробнае, як яго спрабуюць адлюстраваць для стварэньня пэўнай грамадзкай думкі; і што альбо мы будзем тут як культурныя людзі, альбо як нашыя бравыя, але — нажаль! — малаадукаваныя афіцэры ў казармах. Мак прапанаваў дзеля разнастайнасьці пабыць як культурныя людзі. Дзядзечка выпіў яшчэ чарку і пачаў распавядаць тэорыю, што мае цяпер хаджэньне ў навуковых колах, пра тое, што вырадкі ёсьць ні чым іншым, як новым біялягічным відам, які зьявіўся на твары зямлі ў выніку радыёактыўнага апраменьваньня. Вырадкі несумненна небясьпечныя, казаў дзядзечка, падняўшы палец. Але яны значна больш небясьпечныя, чым гэта малюецца ў тваіх, Гаю, танных брашурках, напісаных дурнямі для дурняў. Вырадкі небясьпечныя ня як сацыяльная і палітычная зьява, вырадкі небясьпечныя біялягічна, бо яны змагаюцца ня супраць нейкай адной народнасьці, яны змагаюцца супраць усіх народаў, нацыянальнасьцяў і расаў адначасова. Яны змагаюцца за месца ў гэтым сьвеце, за існаваньне свайго віду, і гэтая барацьба не залежыць ні ад якіх сацыяльных умоў, а скончыцца яна толькі тады, калі сыдзе з арэны біялягічнай гісторыі альбо апошні чалавек, альбо апошні вырадак-мутант... Ханційское золата — глупства! — крычаў, бушуючы, прафэсар. Дывэрсіі супраць сыстэмы ПБА — глупства! Глядзіце на поўдзень, панства маё! На Поўдзень! За Блакітную Зьмяю! Вось адкуль ідзе сапраўдная небясьпека! Вось адкуль, размножыўшыся, рушаць калёны чалавекападобных пачвараў, каб растаптаць нас і зьмесьці з твару Сьвету. Ты сьляпец, Гай. І камандзіры твае — сьляпцы. Вы не разумееце сапраўды вялікага прызначэньня нашай краіны і гістарычнага подзьвігу Невядомых Айцоў! Выратаваць чалавецтва! Выратаваць цывілізацыю! Не адзін які-небудзь народ, ня проста маці і дзяцей нашых, але ўсё чалавецтва цалкам!...
Гай раззлаваўся й сказаў, што лёсы чалавецтва яго займаюць мала. Ён у гэтае кабінэтнае трызьненьне ня верыць. І калі б яму сказалі, што ёсьць магчымасьць нацкаваць дзікіх вырадкаў на Хонці, абмінаючы нашу краіну, ён бы гэтаму ўсё жыцьцё прысьвяціў. Прафэсар зноў узьбеляніўся і зноў назваў яго сьляпым сьляпцом. Ён сказаў, што Невядомыя Айцы — героі з герояў: ім даводзіцца весьці сапраўды няроўнае змаганьне, калі ў іх распараджэньні толькі такія бездапаможныя, сьляпыя выканаўцы, як Гай. Гай вырашыў зь ім не спрачацца. Дзядзечка не разьбіраўся ў палітыцы і сам быў у вядомай ступені выкапнёвай жывёлай. Мак паспрабаваў умяшацца і пачаў распавядаць пра вырадка, які яшчэ да вайны змагаўся супраць уладаў, але Гай гэтыя намеры разгаласіць службовую таямніцу спыніў і загадаў Радзе падаваць другое. Маку ж ён загадаў уключыць тэлевізар. Занадта шмат размоў сёньня, сказаў ён. Дайце крыху адпачыць жаўнеру, які прыбыў у звальненьне...