Выбрать главу

Аднак уяўленьне ягонае было ўзбуджана, па тэлевізары паказвалі нейкія глупствы, і Гай, не ўтрымаўшыся, пачаў распавядаць пра дзікіх вырадкаў. Ён пра іх сёе-тое ведаў — дзякуй богу, тры гады ваяваў зь імі, а не адседжваўся ў тыле, як некаторыя філёзафы... Рада пакрыўдзілася за старога і абазвала Гая хвальком, але дзядзечка і Мак чамусьці прынялі яго бок і сталі прасіць працягваць. Гай абвясьціў, што ня скажа больш ані слова. Па-першае, ён насамрэч быў некалькі пакрыўджаны, а па-другое, пашнарыўшы ў памяці, ён ня змог знайсьці там нічога, што абвяргала б выдумкі старога п’яніцы. Паўднёвыя вырадкі былі, сапраўды, істотамі жудаснымі і цалкам бязьлітаснымі. Такія, не задумваючыся, можа быць, нават з задавальненьнем вынішчылі б усё чалавецтва пры першай жа магчымасьці. Але потым яго ахінула — ён прыгадаў, што распавядаў аднойчы старшына сто чатырнаццатай групы сьмяротнікаў Зэф, і з задавальненьнем паднёс гэтую тэорыю дзядзечку. Рудае хайло Зэф казаў, што актыўнасьць вырадкаў таму ўвесь час узмацьняецца, што на іх саміх з поўдня наступае радыёактыўная пустыня, і дзявацца гэтым небаракам няма куды, акрамя як спрабаваць з боем прабіцца на поўнач, у раёны, свабодныя ад радыёактыўнасьці. «Хто гэта табе расказаў? — спытаў дзядзька з пагардай. — Якому драўлянаму дурню магла прыйсьці ў галаву такая прымітыўная думка?» Гай паглядзеў на яго са злараднасьцю і важка адказаў: «Такое меркаваньне некага Алу Зэфа, ляўрэата імпэратарскай прэміі, найбуйнейшага нашага мэдыка-псыхіятра». «Дзе гэта ты зь ім сустракаўся? — яшчэ больш пагардліва пацікавіўся дзядзечка. — Ці не на ротнай кухні?» Гай з гарачкі хацеў быў сказаць, дзе ён зь ім сустракаўся, але прыкусіў язык, надаў свайму твару значны выраз і з прыкметнай увагай стаў слухаць тэлевізійнага дыктара, які паведамляў прагноз надвор’я.

І тут у размову, масаракш, зноў улез гэты Мак. Я гатовы прызнаць, абвясьціў ён, у гэтых пачварах на поўдні нейкую новую пароду людзей, але што агульнага паміж імі і гаспадаром дома Рэнаду, напрыклад? Рэнаду таксама лічыцца вырадкам, але ён відавочна належыць не да новай, а, прама скажам, да вельмі старой пароды людзей... Гай пра гэта ніколі ня думаў, і таму ён быў вельмі рады, што адказваць на гэтае пытаньне кінуўся дзядзечка. Абазваўшы Мака раскідзістым пнём, дзядзечка пачаў тлумачыць, што схаваныя вырадкі, яны ж вырадкі гарадзкія, ёсьць ня што іншае, як ацалелыя ў барацьбе за існаваньне рэшткі новага віду, амаль што цалкам зьнішчанага ў нашых цэнтральных раёнах яшчэ ў калысцы... Я яшчэ памятаю гэтыя жахі: іх забівалі прама пры нараджэньні, часам разам з маці... Ацалелі толькі тыя, у якіх новыя відавыя прыкметы нічым вонкава не праяўляюцца... Дзядзька Каан хапіў пятую чарку, разышоўся і разьвіў перад слухачамі выразны плян пагалоўнага татальнага мэдыцынскага абсьледаваньня насельніцтва, якім непазьбежна давядзецца заняцца рана ці позна, і лепш рана, чым позна. І ніякіх легальных вырадкаў! Ніякага патураньня! Пустазельле трэба выпалваць бязь літасьці...

На гэтым абед скончыўся. Рада пачала мыць посуд, дзядзька, не дачакаўшыся пярэчаньняў, пераможна ўсіх агледзеў, закаркаваў біклагу і панёс яе да сябе, прамармытаўшы, што ідзе пісаць адказ гэтаму дурню Шапшу. Пры гэтым ён чамусьці захапіў з сабой і чарку. Гай паглядзеў яму ўсьлед — на абдрыпаны ягоны пінжачок, на старыя залатаныя штаны, на цыраваныя шкарпэткі і стаптаныя туфлі — і пашкадаваў старога. Клятая вайна! Раней дзядзьку належала ўся гэтая кватэра, у яго была прыслуга, жонка, быў сын, быў раскошны посуд, шмат грошай, нават маёнтак дзесьці быў, а цяпер — пыльны, забіты кнігамі кабінэт, ён жа спальня, ён жа ўсё іншае, паношанае адзеньне, адзінота, забыцьцё... Так. Ён пасунуў адзінае крэсла да тэлевізара, выцягнуўся і стаў сонна глядзець на экран. Мак некаторы час сядзеў побач, потым імгненна і бясшумна, як ён адзін умеў гэта рабіць, зьнік і выявіўся ўжо ў іншым куце. Ён пакорпаўся ў невялікай бібліятэчцы Гая, выбраў нейкі падручнік і пачаў гартаць яго, стоячы, прыхінуўшыся плячом да адзежнай шафы. Рада прыбрала са стала, села побач з Гаем і стала вязаць, зрэдку пазіраючы на ​​экран. У доме запанаваў спакой, і мір, задавальненьне. Гай задрамаў.