Выбрать главу

Яму прысьнілася глупства: быццам ён злавіў двух вырадкаў у нейкім жалезным тунэлі, пачаў здымаць зь іх допыт і раптам выявіў, што адзін з вырадкаў — Мак, а другі вырадак, мякка і добра ўсьміхаючыся, кажа Гаю: «Ты ўвесь час памыляўся, тваё месца з намі, а ротмістр — проста прафэсійны забойца, без усялякага патрыятызму, без сапраўднай вернасьці, яму проста падабаецца забіваць, як табе падабаецца суп з крэветак...» І Гай раптам адчуў душны сумнеў, адчуў, што вось цяпер зразумее ўсё да канца, яшчэ сэкунда — і не застанецца больш аніводнага пытаньня. Гэты нязвыклы стан быў настолькі пакутлівы, што сэрца спынілася, і ён прачнуўся.

Мак і Рада ціхенька размаўлялі пра нейкае глупства — пра марскія купаньні, пра пясок, пра ракушкі... Ён іх ня слухаў. Яму ў галаву раптам прыйшла думка: няўжо ён здольны на нейкія сумненьні, ваганьні, на няўпэўненасьць? Але ж сумняваўся ж ён у сьне... Ці значыць гэта, што ён і на яве ў такой жа сытуацыі засумняваўся бы? Некаторы час ён стараўся ва ўсіх дэталях узгадаць свой сон, але сон вышмыгваў, як мокрае мыла з мокрых рук, расплываўся і ў рэшце рэшт стаў зусім непраўдападобным, і Гай з палёгкай падумаў, што ўсё гэта лухта. І калі Рада заўважыўшы, што ён ня сьпіць, спытала, што, на яго думку, лепш — мора або рака, ён адказаў па-жаўнерску, у стылі старыны Дога: «Лепш за ўсё добрая лазьня».

Па тэлевізары перадавалі «ўзоры». Было сумна. Гай прапанаваў выпіць піва, Рада схадзіла на кухню і прынесла з халадзільніка дзьве пляшкі. За півам казалі пра тое, пра гэтае, і неяк паміж справай высьветлілася, што Мак за апошнія паўгадзіны адолеў падручнік па геапалітыцы. Рада захапілася, Гай не паверыў. Ён сказаў, што за гэты час можна прагартаць падручнік, можа быць, нават прачытаць, але толькі мэханічна, без усялякага разуменьня. Мак запатрабаваў іспыту. Гай запатрабаваў падручнік. Яны пайшлі ў заклад: таму, хто прайграе, належала пайсьці да дзядзькі Каана і аб’явіць яму, што калега Шапшу — разумны чалавек і выдатны навуковец. Гай раскрыў падручнік наўздагад, знайшоў у канцы разьдзелу кантрольныя пытаньні і спытаў: «У чым заключаецца маральная высакароднасьць экспансіі нашай дзяржавы на поўнач?» Мак адказаў сваімі словамі, але вельмі блізка да тэксту, і дадаў, што на яго погляд маральная высакароднасьць тут ні пры чым, уся справа, як ён разумее, у агрэсыўнасьці рэжымаў Хонці і Пандэі, і наогул гэта месца падручніка знаходзіцца ў супярэчнасьці з асноўным тэзісам першага раздзелу аб сувэрэннасьці кожнага народа, якi дасягнуў уяўленьняў аб дзяржаўнасьці. Гай пачухаў абедзьвюма рукамі патыліцу, лізнуў палец перакінуў некалькі старонак і спытаў: «Які сярэдні ўраджай травы ў паўночна-заходніх раёнах?» Мак засьмяяўся і сказаў, што дадзеных пра паўночна-заходнія раёны ня маецца. Злавіць яго не ўдалося, вельмі ўзрадаваная Рада паказала Гаю язык. «А які ўдзельны дэмаграфічны ціск у вусьці Блакітнае Зьмяі?» — спытаў Гай. Мак назваў лічбу, назваў хібнасьць і не прамінуў дадаць, што паняцьце дэмаграфічнага ціску здаецца яму няясным. Ва ўсякім разе, ён не разумее, навошта яно ўведзена. Гай пачаў быў яму тлумачыць, што дэмаграфічны ціск ёсьць мерай агрэсыўнасьці, але тут умяшалася Рада. Яна сказала, што Гай круціць і хоча ўхіліцца ад далейшага экзамэну, бо разумее, што справы ягоныя дрэнныя.

Гаю страшэнна не хацелася ісьці да дзядзькі Каана, і ён, каб зацягнуць час, уступіў у спрэчку. Мак некаторы час слухаў, а потым раптам ні з таго, ні з гэтага заявіў, што Радзе ня варта ні ў якім разе зноў паступаць у афіцыянткі; ёй трэба вучыцца, сказаў ён. Гай, узрадаваны пераменай тэмы, закрычаў, што ён ужо тысячу разоў казаў ёй тое ж самае і ўжо прапаноўваў ёй пахадайнічаць аб прыёме ў жаночы гвардзейскі корпус, дзе зь яе зробяць па-сапраўднаму карыснага чалавека. Аднак новага гутаркі не атрымалася. Мак толькі пакруціў галавой, а Рада, як і раней, адгукнулася аб жаночым гвардзейскім корпусе ў самых непачцівых выразах.

Гай ня стаў спрачацца. Ён кінуў падручнік, палез у шафу, дастаў гітару і пачаў яе наладжваць. Рада і Максім зараз жа адсунулі ўбок стол і ўсталі адзін перад адным, гатовыя адарваць «так-так, не-не». Гай выдаў ім «так-так, не-не» з подстукам і перазвонам. Ён глядзеў, як яны танчаць, і думаў, што пара падабралася добрая, што жыць вось толькі няма дзе, і калі яны пажэняцца, то давядзецца яму зусім перабрацца ў казарму. Ну што ж, многія капралы жывуць у казармах... Зрэшты, па Маку не відаць, каб ён зьбіраўся ажаніцца. Ён ставіцца да Рады хутчэй як да сябра, толькі больш пяшчотна і пачціва, а Рада, трэба разумець, утрэскалася. Іш, як вочы блішчаць... Ды і як ня ўтрэскацца ў такога хлопца! Нават мадам Го, старая ж карга, за шэсьцьдзесят, а туды ж, як Мак ідзе па калідоры, так яна адкрые дзьверы, выставіць свой чэрап і ашчэрваецца. А зрэшты, чорт яго ведае, Мака ўвесь дом любіць, і хлопцы яго любяць, толькі вось пан ротмістр да яго дзіўна ставіцца... але і ён не адмаўляе, што хлопец — агонь.