Пара ўтанчылася да ўпаду, Мак адабраў у Гая гітару, пераладзіў яе на свой цудоўны манэр і пачаў сьпяваць дзіўныя свае горскія песьні. Тысячы песень і ніводнай знаёмай. І кожны раз — што-небудзь новае. І вось што дзіўна: ніводнага слова не зразумець, а слухаеш і то плакаць хочацца, то сьмяешся без упыну... Некаторыя песьні Рада ўжо запомніла і цяпер спрабавала падпяваць. Асабліва ёй падабалася сьмешная песьня (Мак пераклаў) пра дзяўчыну, якая сядзіць на гары і чакае свайго сябрука, а сябрук ніяк ня можа да яе дабрацца — то адно яму перашкаджае, то іншае... За гітарай і сьпевам яны не пачулі званка ў парадныя дзьверы. Пачуўся грукат, і ў пакой уваліўся веставы пана ротмістра Чачу.
— Пане капрале, дазвольце зьвярнуцца! — раўнуў ён, косячыся на Раду. Мак перастаў граць. Гай сказаў: «Зьвяртайцеся». — Пан ротмістр загадалі вам і кандыдату Сіму тэрмінова зьявіцца ў канцылярыю роты. Машына ўнізе.
Гай ускочыў.
— Ідзіце, — сказаў ён. — Пачакайце ў машыне, мы зараз спусьцімся. Апранайся, хутка, — сказаў ён Максіму. Рада ўзяла гітару на рукі, як дзіця, і ўстала каля акна, адвярнуўшыся.
Гай і Мак пасьпешліва апраналіся.
— Як ты думаеш, навошта? — спытаў Мак.
— Адкуль мне ведаць? — прабурчаў Гай. — Можа быць, вучэбная трывога будзе...
— Не падабаецца мне гэта, — сказаў Мак.
Гай паглядзеў на яго і на ўсялякі выпадак уключыў радыё. Па радыё перадавалі штодзённыя «бязьдзейныя размовы дзелавітых жанчын».
Яны апрануліся, зацягнулі дзягі і Гай сказаў:
— Рада, ну, мы пайшлі.
— Ідзіце, — сказала Рада, не паварочваючыся.
— Хадзем, Мак, — сказаў Гай, насоўваючы бэрэт.
— Патэлефануйце, — сказала Рада. — Калі затрымаецеся, абавязкова патэлефануйце... — Яна так і не павярнулася.
Веставы папераджальна расчыніў перад Гаем дзьверцы. Селі, паехалі. Мабыць, справа была тэрміновая: шафёр гнаў, уключыўшы сырэну, па рэзэрвовай зоне. Гай зь некаторым шкадаваньнем падумаў, што вось прапаў вечарок, рэдкі, добры вечарок, утульны, хатні, бесклапотны. Але такое жыцьцё гвардзейца! Зараз загадаюць, ты сядзеш у танк і будзеш страляць, — адразу пасьля бутэлькі піва, пасьля ўтульнай піжамы, пасьля песенек пад гітару. Такое цудоўнае жыцьцё гвардзейца, найлепшае з усіх магчымых. І ня трэба нам ні сябровак, ні жонак, і правільна Мак не шукае ажаніцца з Радай, хоць і шкада сястрычку, канешне... Нічога, пачакае. Кахае — дык пачакае...
Машына ўварвалася на пляц і затармазіла ля ўваходу ў казарму. Гай выскачыў, узьбег па прыступках. Перад дзьвярыма канцылярыі ён спыніўся, праверыў палажэньне бэрэта, спражкі, хутка агледзеў Мака, зашпіліў яму ґузік на каўняры — масаракш, вечна ён у яго расшпілены, — і пастукаў. «Заходзьце!» — каркнуў знаёмы голас. Гай увайшоў і даклаў. Пан ротмістр Чачу ў суконнай накідцы і фуражцы сядзеў за сваім сталом. Ён курыў і піў каву, снарадная гільза перад ім была поўная недакуркаў. Збоку на стале ляжалі два аўтаматы. Пан ротмістр павольна падняўся, цяжка абапёрся на стол абедзьвюма рукамі і, пазіраючы на Мака, загаварыў:
— Кандыдат Сім. Ты праявіў сябе выдатным байцом і верным баявым таварышам. Я хадайнічаў перад камандзірам брыгады аб датэрміновым узьвядзеньні цябе ў годнасьць сапраўднага радавога Баявое Гвардыі. Экзамэн агнём ты вытрымаў цалкам пасьпяхова. Застаецца апошні іспыт — экзамэн крывёю...
У Гая радасна падскочыла сэрца. Ён не чакаў, што гэта здарыцца так хутка. Малайчына, ротмістр! Вось што значыць — стары ваяка! А я, дурань, уявіў, быццам ён пад Мака капае... Гай паглядзеў на Мака, і радасьць яго некалькі аслабла. Твар Мака быў зусім драўляным, вочы вылупленыя, усё паводле статуту, але менавіта цяпер можна было б не прытрымлівацца так строга статутных правілаў.
— Я ўручаю табе загад, кандыдат Сім, — працягваў пан ротмістр, працягваючы Маку ліст паперы. — Гэта першы пісьмовы загад, адрасаваны табе асабіста. Спадзяюся, не апошні. Прачытай і расьпішыся.
Мак узяў загад і прабег яго вачыма. У Гая зноў ёкнула сэрца, але ўжо не ад радасьці, а ад нейкага цяжкага прадчуваньня. Твар Мака заставалася па-ранейшаму нерухомым, і ўсё было быццам бы ў парадку, але ён трохі памарудзіў, перш чым узяў пяро і расьпісаўся. Пан ротмістр агледзеў подпіс і паклаў лісток у пляншэт.
— Капрале Гаал, — сказаў ён, беручы са стала запячатаны канвэрт. — Ідзі ў каравульнае памяшканьне і прывядзі прысуджаных. Вазьмі аўтамат... не, вось гэты — з краю.